Ляліта Торэс
Бэатрыс Марыяна То́рэс (па-гішпанску: Beatriz Mariana Torres), больш вядомая пад псэўданімам Ляліта То́рэс (па-гішпанску: Lolita Torres; 26 сакавіка 1930 — 14 верасьня 2002) — аргентынская акторка і сьпявачка. За пяцідзесяцігадовую кар’еру паспрабавала сябе ў кіно, радыё, тэатры і на тэлебачаньні. Зьнялася ў амаль 20 фільмах, сярод якіх «Танец фартуны» (1944), «Рытм, соль і перац» (1951), «Найлепшая ў коледжы» (1953) ці «Сорак гадоў любові» (1963). Ганаровая грамадзянка Буэнас-Айрэсу, маці сьпевака Дыега Торэса.
Ляліта Торэс | |
Lolita Torres | |
Імя пры нараджэньні | Бэатрыс Марыяна Торэс |
---|---|
Дата нараджэньня | 26 сакавіка 1930 |
Месца нараджэньня | Авельянэда, Аргентына |
Дата сьмерці | 14 верасьня 2002 (72 гады) |
Месца сьмерці | Буэнас-Айрэс, Аргентына |
Месца пахаваньня | |
Грамадзянства | Аргентына |
Занятак | сьпявачка, акторка |
Гады дзейнасьці | 1942—1993 |
Псэўданімы | Lolita Torres |
Дзеці | Дыега Торэс[d] |
Узнагароды | |
IMDb | ID nm0868729 |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьБэатрыс Марыяна Торэс нарадзілася 26 сакавіка 1930 року ў Авельянэдзе (правінцыя Буэнас-Айрэс). Псэўданім «Ляліта» прыдумаў ейны дзядзька Эктар[1]. Ужо ва ўзросьце сямі гадоў Торэс па-майстарску выконвала народныя танцы. У 10 гадоў паступіла ў школу клясычнага гішпанскага танцу ў Буэнас-Айрэсе. У 1942 яна пасьпяхова дэбютавала на сцэне сталічнага тэатру «Авэніда». Маці акторкі памерла ў 33-гадовым узросьце, калі Ляліце было чатырнаццаць.
У 1944 року яна дэбютавала ў кіно, выканаўшы песьню «Gitano Jesús» у фільме «Танец лёсу» (гішп. La danza de la fortuna) і запісала сваю першую кружэлку са сьпевамі «Te lo juro yo» і «Gitano Jesús». У 1951 Ляліта Торэс зыграла галоўную ролю ў фільме «Рытм, соль і перац». Вялікі посьпех ёй прынёс фільм «Дзяўчына вагню» (гішп. La niña de fuego), які апынуўся ў год свайго выхаду рэкордным па колькасьці гледачоў[1].
У 1950-х роках Ляліта Торэс выканала галоўныя ролі ў некалькіх мюзыклах, дзе рэжысэрам быў Хуліё Сарасэні(es): «Найлепшая ў коледжы», «Бяднейшая за царкоўную мыш», «Малады для Ляўры», «Узрост каханьня», «Каханьне з першага позірку» й іншыя. У мностве карцінаў ейным партнэрам быў Альбэрта Дальбес.
У 1957 року акторка выйшла замуж за пілёта грамадзянскай авіяцыі Сант’яга Радольфа Бурастэра; у 1959 неўзабаве пасьля нараджэньня сына Сант’яга муж загінуў у авіякатастрофе.
У 1965 Ляліта выйшла замуж другім разам; мела з Хуліё Сэсара Качыя чацьвярых дзяцей: Анжаліку, Марсэлё, Марыяну і Дыега.
Ейнай апошняй роляй у кіно стала драма «Там на поўначы» (гішп. Allá en el Norte).
З канца 1960-х грала ў тэатральных і тэлевізыйных пастановах: «Няхай мінуць гады», «Сястра Сьвятога Сюльпіса», «Сэньярыта Поўнач», «Як дзьве кроплі вады», «Падсьвечнікі», «Марыяна», «Гарыён», «Крывя і арэна» й іншыя.
У 1993 року Ляліта Торэс зьнялася ў аўтабіяграфічнай сямейна-музычнай тэленавэле «Дай яму, Лоле», у якой разам зь ёй удзельнічалі чацьвёра ейных дзяцей.
20 жніўня 2002 была абвешчаная выбітным грамадзянінам Буэнас-Айрэсу. Памерла тамсама 14 верасьня 2002 року.
Фільмаграфія
рэдагаваць- 1944 — «Танец фартуны» (La danza de la fortuna)
- 1951 — «Рытм, соль і перац» (Ritmo, sal y pimienta)
- 1951 — «Слуга дзяўчынкі» (El mucamo de la niña)
- 1952 — «Дзяўчына вагню» (La niña de fuego)
- 1953 — «Найлепшая ў коледжы» (La mejor del colegio)
- 1954 — «Узрост каханьня» (La edad del amor)
- 1955 — «Бяднейшая за царкоўную мыш» (Más pobre que una laucha)
- 1955 — «Малады для Ляўры» (Un novio para Laura)
- 1956 — «Каханьне зь першага позірку» (Amor a primera vista)
- 1956 — «Маладая для дваіх» (Novia para dos)
- 1958 — «Прыгожая хлусьня» (La Hermosa Mentira)
- 1961 — «Закаханая настаўніца» (La Maestra enamorada)
- 1963 — «Сорак гадоў любові» (40 años de novios )
- 1965 — «Новыя рытмы і старая хваля» (Ritmo nuevo y vieja ola)
- 1966 — «Перац» (Pimienta)
- 1970 — «Дзяўчына, удава і памешчыца» (Joven, viuda y estanciera)
- 1972 — «Там на поўначы» (Alla En El Norte)
Крыніцы
рэдагавацьВонкавыя спасылкі
рэдагавацьЛяліта Торэс — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
Расейскі Вікіцытатнік зьмяшчае збор цытатаў, датычных тэмы гэтага артыкула: |
- Ляліта Торэс на YouTube
- Ляліта Торэс (анг.) на сайце IMDb
- Музыка гішпанамоўнага сьвету (рас.)
- Забытыя галасы: Ляліта Торэс (рас.)