Лявонці Тарасевіч
Лявонцій Тарасевіч (1650? — 1710?) — беларускі, летувіскі і ўкраінскі графік; працаваў у тэхніцы медзярыту (афорту).
Лявонці Тарасевіч | |
Дата нараджэньня | 1650? |
---|---|
Месца нараджэньня | Глуск, Беларусь |
Дата сьмерці | 1710 |
Месца сьмерці | невядома |
Адукацыя | Аўгсбург |
Занятак | гравюра |
Біяграфічныя зьвесткі
рэдагавацьВерагодна, брат Аляксандра Тарасевіча, магчыма, як і брат, нарадзіўся ў Глуску. Як мяркуюць, вучыўся ў Аўгсбургу, у гравёраў Кіліянаў.
Раньні пэрыяд творчасьці зьвязаны зь Беларусьсю. У 1680-я гады пераехаў на Ўкраіну. У 1688 запрошаны ў Маскву.
Творчасьць
рэдагавацьТворы адметныя жыцьцёвасьцю вобразаў, цэласнасьцю кампазыцыі, дакладнасьцю малюнка, разнастайнасьцю штрыхоўкі. У раньні пэрыяд створана гравюра «Апосталы Пётр і Павел з цудадзейным абразом Жыровіцкай Багародзіцы», партрэты К. Радзівіла, ашмянскага прыстольніка Г. Зямлі, смаленскага япіскапа Б. Корвін-Гасеўскага (канец 1690-х г.), гербы віленскага эпіскапа К. Бжастоўскага (1682), Агінскіх (1686) і інш., афармленьне «Служэбніка» (1695). У творах шырока выкарыстаны барочныя сымбалі і алегорыі. У Маскве выканаў партрэт рускай царэўны Соф’і. Значныя творы гэтага пэрыяду: гравюры да кнігі «Пацярык Пячэрскі» (1702). «Псалтыр» і «Эвангельле» (абодва 1703)[1].
Важны пэрыяд дзейнасьці Л. Тарасевіча зьвязаны з Віленскай акадэмічнай і Супрасьльскай друкарнямі. У выданьнях, выпушчаных тут, Л. Тарасевіч паўстае як вопытны майстар, які ня толькі выдатна валодае тэхнікай гравіраваньня, але мае бліскучыя якасьці мастака з тонкім густам, свабодна аперыруе складанымі і разнастайнымі кампазыцыйнымі, плястычнымі прыёмамі. Гэта бачна, напрыклад, па вырашэньні франтысьпіса і ілюстрацыяў у кнізе М. Буйноўскага «Рацыянальныя асновы выбару» (Вільня, 1688).[2]
Асабліва яскрава магчымасьці мастака адлюстраваліся ў стварэньні тытульнага ліста «Літургіёна, або Служэбніка» (Вільня, Супрасль, 1692—95). Яго адрозьнівае бездакорнае адчуваньне прапарцыянальных суадносін паміж масамі выяўленчых формаў і свабодным аб’ёмам аркуша, прызначаным для разьмяшчэньня тэкста. Плястыка аркуша вызначаецца выразнай вытанчанасьцю. На крыху высунутых уперад падножжах калён стаяць фігуры сьвятых Васіля Вялікага і Яна Златавуста. Вышэй над імі паказаны анёлы і Сьвяты Георгі Дваяслоў. 3 пышнай дэкаратыўнай аздобай верхняй часткі аркуша перагукаецца вырашэньне кампазыцыі ўнізе, куды ўваходзяць картуш з гербам у сярэдзіне, прыгожая гірлянда зь лістоў, кветак і садавіны[2].
Значнай і па-мастацку цікавай часткай спадчыны Лявонція Тарасевіча зьяўляюцца партрэтныя і гербавыя выявы. Яны друкаваліся на асобных аркушах ці ўключаліся ў кнігі, зьмяшчаліся на франтысьпісах, пераўтвараючыся ў своеасаблівыя ілюстрацыі. Напрыклад, у «Літургіёне, або Служэбніку» ёсьць партрэт К. Радзівіла. Франтысьпісы шэрагу кніг упрыгожылі гербы буйных магнацкіх радоў: Агінскіх, Браніцкіх, Сапегаў, Бжастоўскіх. У 1690-я гг. мастак выгравіраваў партрэтныя выявы падстолія ашмянскага Георгія Зямлі і будучага эпіскапа-суфрагана беларускага Багуслава Гасеўскага. Калі ў першым прыкладзе характарыстыка вобраза дапаўняецца сымбалічнымі ўвасабленьнямі «Ісьціны», «Разважнасьці», персаніфікацыяй «Славы», то ў другім вырашэньне менш складанае. Гэта пышны картуш з партрэтам Б. Гасеўскага. Яго, як і герб, трымаюць анёлы.[2]
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Лазука Б. Гісторыя беларускага мастацтва (у двух тамах). Том 1 — Мн.: Беларусь, 2007.
- Шматаў В. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стагоддзяў — Мн.: Навука і тэхніка, 1984.