Кі́еўскі Псалтыр — пэргамэнтны рукапіс вялікага фармату на 229 аркушах. Напісаны ў 1397 року ў Кіеве стараславянскай мовай. Зьмяшчае псальмы Давідавы, а таксама дзесяць хвалебных песьняў і малітваў зь іншых кніг Бібліі, перакладзеных з грэцкае мовы архідыяканам Сьпірыдонам на замову смаленскага япіскапа Міхаіла і, верагодна, была падараваная ім ў смаленскі Ўсьпенскі сабор.

Архідыякан Сьпірыдон
Кіеўскі Псалтыр, 1397
Пэргамэнт. 30 см×24,5 см см
Расейская нацыянальная бібліятэка, Санкт-Пецярбург, Расея

Памятка сярэднявечнага кніжнага мастацтва Ўкраіны.

Апісаньне

рэдагаваць

Тэкст напісаны літургічным, даволі выразным і каліграфічным паўуставам. Рукапіс аздоблены 302 мініятурамі на палёх, выкананымі ў нэабізантыйскім стылі.

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Рэвэрс украінскай манэты «Кіеўскі Псалтыр»

Гісторыя Псалтыру пачынае адсочвацца з моманту дарэньня ў Мікольскую царкву Вільні падскарбіем вялікалітоўскім Аўрамам Язофавічам Глямбіцкім, дзе яна й захоўвалася цягам XVIXVIII стагодзьдзяў.

У 1827 року пасаду настаяцеля Мікольскай царквы атрымаў Міхал Баброўскі, прафэсар Сьвятога Пісаньня і герменэўтыкі ў Віленскім унівэрсытэце. Пачаўшы займацца вывучэньнем Псалтыру, ён перанёс рукапіс ва ўласную хату. Пасьля здушэньня паўстаньня 1831 року царскі ўрад зачыніў Віленскі ўнівэрсытэт, а Міхаіл Баброўскі пераведзены ў Шарашоўскі прыход у Пружанскім павеце Гарадзенскай губэрні, куды перавёз і Кіеўскі Псалтыр.

Наступным уласьнікам быў Уладзіслаў Трамбіцкі, які набыў рукапіс, аднак паўнавартым гаспадаром стаў толькі ў 1848 року, па сьмерці Міхаіла Баброўскага. Пасьля сьмерці Трамбіцкага ў 1861 року гісторыя Кіеўскага Псалтыру заблытаная, да 1874 яна знаходзілася ва ўласнасьці графа А. С. Замойскага (1800—1874). Пасьля ягонай сьмерці псалтыр трапіў у рукі князя П. П. Вяземскага(ru) (1820—1888), усе рукапісныя зборы якога пасьля былі выкупленыя графам С. Д. Шарамецевым(ru) (1844—1918) і ў 1881 року перададзеныя Таварыству аматараў старажытнай пісьмовасьці.

Разам з усімі зборамі таварыства Кіеўскі Псалтыр паступіў у ленінградзкую Публічную бібліятэку ў 1932 року.

У 1963 рэстаўраваная паводле ўзору рэстаўрацыі Астрамірава Эвангельля, якая праводзілася за некалькі рокаў да гэтага. Яна была расшытая на асобныя сшыткі, пэргамэнт ачышчаны ад пылу, бруду і васкавых плямаў, пакарабачаныя аркушы распрастаныя шлягам увільгатненьня дыстыляванай вадой і вытрымкі пад прэсам, невялікія страчаныя часткі пэргамэнту замененыя новымі. Паколькі хімічныя рэактывы ў хадзе рэстаўрацыі не ўжываліся, атрамант, якім напісаны тэкст Псалтыру, захаваў усе адценьні, а фарбы мініятураў — ранейшую яркасьць і сьвежасьць.

У 1890 року Нікадзім Кандакоў і Фёдар Буслаеў падрыхтавалі першае фотатыпічнае выданьне Псалтыру, у 1978 выйшла факсымільнае выданьне.

У цяперашні час Псалтыр захоўваецца ў Расейскай нацыянальнай бібліятэцы ў зборы рукапісаў Таварыству аматараў старажытнай пісьмовасьці і мастацтва, без пераплёту, асобнымі сшыткамі.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Кіеўскі Псалтырсховішча мультымэдыйных матэрыялаў