Крыцкая дзяржава
Кры́цкая дзяржа́ва (па-грэцку: Κρητική Πολιτεία, Крыцкая Палітыя) была заснаваная ў 1898 годзе пасьля ўмяшальніцтва Вялікіх дзяржаваў у падзеі на востраве Крыт. У 1897 годзе паўстаньне на Крыце стала падставай Грэка-турэцкай вайны і ўмяшальніцтва Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі і Расеі на той падставе, што Асманская імпэрыя ўжо не магла кантраляваць сытуацыю на Крыце. У 1908 годзе востраў дэ-факта стаў часткай Грэцкага каралеўства, фармальнае далучэньне адбылося ў 1913 годзе.
Крыцкая дзяржава Κρητική Πολιτεία | |||||
| |||||
| |||||
Афіцыйная мова | грэцкая | ||||
Сталіца | Ханья | ||||
Плошча • агульная |
8336 км² | ||||
Насельніцтва • агульнае (1907) |
310 000 | ||||
Канфэсійны склад | сунізм, грэцкае праваслаўе |
Гісторыя
рэдагавацьПерадумовы
рэдагавацьПасьля Турэцка-вэнэцыянскай вайны (1645—1669) востравам Крыт завалодала Асманская імпэрыя. На востраве жыло ў асноўным грэкамоўнае насельніцтва, большасьць зь якога спавядала хрысьціянства. Падчас і пасьля Грэцкай вайны за незалежнасць хрысьціянскае насельніцтва вострава некалькі разоў паўставала супраць асманскага прыгнёту, з мэтай далучыцца да Грэцыі. Усе паўстаньні былі жорстка падаўлены, але пад ціскам эўрапейскіх дзяржаваў асманскі ўрад быў вымушаны саступіць. У 1878 годзе быў заключаны Халепскі пакт, згодна зь якім на востраве стваралася аўтаномная дзяржава пад пратэктаратам Асманскай імпэрыі. Туркі парушылі ўмовы пагадненьня ў 1889 годзе.
У выніку скасаваньня пакту ўзмацнілася супрацьстаяньне на востраве, што прывяло да чарговага паўстаньня ў 1895 годзе, якое значна пашырылася ў 1896—1897 гадах і распаўсюдзілася на большую частку вострава (гл. Крыцкае паўстаньне 1897—1898 гадоў). Нацыяналістычныя тайныя таварыствы і ірэдэнтысцкая грамадзкая думка вымусілі грэцкі ўрад адправіць на востраў невялікі экспэдыцыйны корпус, што справакавала вайну з Асманскай імпэрыяй. Хаця большая частка Крыту апынулася пад кантролем паўстанцаў, непадрыхтаваная грэцкая армія адышла з Тэсаліі, якую занялі туркі. Вайна скончылася дзякуючы ўмяшальніцтву Вялікіх дзяржаваў, якія вымусілі грэцкія войскі і асманскую армію сысьці з Крыту. Згодна з Канстантынопальскай дамоваю Асманскі ўрад паабяцаў прытрымлівацца Халепскага пакту.
Заснаваньне Крыцкай дзяржавы
рэдагавацьДа сакавіка 1897 году Вялікія дзяржавы сфармавалі на востраве часовы ўрад, які складаўся ў чатырох адміралаў і кіраваў да прыбыцьця грэцкага прынцу Георга, абранага ў якасьці першага Вярхоўнага камісара (па-грэцку: Ύπατος ΑρμοστήςΎπατος Αρμοστής). Аўтаномія Крыта была створана 9 сьнежня 1898 году. Турэцкія войскі пакінулі востраў у 1898 годзе, але на Крыце застаўся міжнародны ваенны гарнізон.
Колькасьць міжнародных сіл на Крыце
рэдагавацьПершапачаткова ў 1897 годзе на Крыце было разьмешчана 2875 іншаземных міратворцаў: 200 ангельцаў, 710 французаў, 300 рускіх, 1015 італьянцаў, 600 аўстрыйцаў, 10 немцаў, 40 чарнагорцаў. Міжнародныя сілы да пачатку 1907 году налічвалі: ангельцаў— 817, французаў — 750, рускіх — 960, італьянцаў — 327 чалавек. У студзені 1908 году налічвалася больш за 1750 міратворцаў: 500 ангельцаў, 500 французаў, 500 рускіх, 250 італьянцаў.
Унутраныя канфлікты
рэдагаваць13 сьнежня 1898 году Георг Грэцкі на наступныя тры гады заняў пасаду Вярхоўнага камісара. 27 красавіка 1899 году быў сфармаваны ўрад, у якім Элефтэрыяс Венізэлас заняў пасаду міністра юстыцыі. Да 1900 паміж Венізэласам і прынцам пачаліся рознагалосьсі ў пытаньнях унутранай палітыкі. Венізэлас сышоў у адстаўку ў пачатку 1901 году, і на працягу наступных трох гадоў ён і яго прыхільнікі вялі жорсткую палітычную барацьбу з фракцыяй прынца, што прывяло да палітычнага і адміністрацыйнага крызісу на востраве.
У сакавіку 1905 году Венізэнас і яго прыхільнікі сабраліся ў вёсцы Тэрысас каля Ханьі, сфармавалі Рэвалюцыйны сход, запатрабавалі палітычных рэформаў і абвесьцілі «палітычны саюз Крыта з Грэцыяй у якасьці адной вольнай прававой дзяржавы». Маніфэсты былі дастаўлены ў консульствы Вялікіх дзяржаваў Так пачалося паўстаньне супраць прынца Георга. Крыцкая жандармэрыя засталася вернай прынцу, але шматлікія дэпутаты далучыліся да паўстаньня, і, нягледзячы на заявы Вялікіх дзяржаваў, міжнародныя ўзброеныя сілы спачатку не пачыналі ніякіх дзеяньняў супраць паўстанцаў.
Актывізацыя дзеяньняў паўстанцаў, іх адмова здаць зброю, згодна зь меркаваньнем начальніка расейскага атрада на Крыце К. Урбановіча, былі зьвязаны зь іх «цьвёрдым перакананьнем, што ўсе дзеяньні міжнародных войскаў супраць іх будуць мець толькі дэманстратыўны характар».
У чэрвені 1905 г. па паўстанцах быў адкрыты агонь з расейскай кананэрскай лодкі «Храбры», якая падтрымала расейскія войскі, накіраваныя ў вёску Платанія. Гэта прывяло да ахвяраў сярод паўстанцаў. Пасьля гэтага пачасьціліся напады паўстанцаў на расейскія атрады. Дзеяньні расейскіх войскаў супраць паўстанцаў выклікалі абурэньне ня толькі на Крыце, але і ў Расеі. Большасьць францускіх афіцэраў, як паведамляў расейскі генэральны консул А. Н. Бранеўскі, «адносіліся з відавочнай сымпатыяй да паўстаньня і выказвалі недавер вярхоўнаму камісару». Італьянскія войскі таксама не хавалі сваіх сымпатыяў да паўстанцаў і не перасьледвалі іх, у сувязі з чым у італьянскі сэктар увайшлі расейскія і брытанскія войскі. Мікалай II на тэлеграме консула Бранеўскага напісаў пра італьянцаў: «Вось народ, самі нічога не робяць, а іншым шкодзяць!»
15 жніўня парлямэнт Крыту прагаласаваў за прапановы Венізэласа, і Вялікія дзяржавы сталі пасрэднікамі ў перамовах, згодна зь якімі прынц Георг сыдзе ў адстаўку і будзе створана новая канстытуцыя.
У 1906 годзе былі праведзены выбары: партыі, што падтрымлівалі прынца, набралі 38 127 галасоў, а партыі, якія падтрымлівалі Венізэласа, — 33 279 галасоў, але ў верасьні 1906 году прынц Георг быў зьменены былым прэм’ер-міністрам Грэцыі Аляксандрасам Заімісам і пакінуў востраў. На зьмену італьянскім афіцэрам і жандармэрыі прышлі грэцкія войскі, пачаўся вывад з Крыта замежных армій, у выніку чаго востраў дэ-факта апынуўся пад грэцкім кантролем. Вывад міжнародных войск ажыцьцяўляўся паэтапна, са студзеня 1908-га па чэрвень 1909 году.
Аб’яднаньне з Грэцыяй
рэдагавацьУ 1908 годзе, скарыстаўшыся ўнутранымі хваляваньнямі ў Турцыі, а таксама з набліжэньнем заканчэньня тэрміну кіраўніцтва Заіміса, крыцкія дэпутаты ў аднабаковым парадке абвясьцілі аб стварэньні саюзу з Грэцыяй. Гэты акт не прызнаваўся Грэцыяй да кастрычніка 1912 году і на міжнародным узроўні да 1913 году — аж да Балканскіх войнаў.
Згодна зь Лёнданскай дамовай султан Мэхмэд V адмовіўся ад афіцыйных правоў на востраў. Да сьнежня грэцкі сьцяг быў ўзьняты ў Ханье, і Крыт афіцыйна стаў часткай грэцкага каралеўства. Мусульманская меншасьць першапачаткова засталася на востраве, але пазьней перасялілася ў Турэччыну, у адпаведнасьці з агульным абменам насельніцтвам згодна з Лахансайм дамовай паміж Турэччынай і Грэцыяй.