Кровазварот

цыркуляцыя крыві ў арганізьме
(Перанакіравана з «Крывезварот»)

Кро́вазварот — цыркуляцыя крыві па арганізьме. Кроў рухаецца за конт скарачэньняў сэрца й цыркулюе па судзінах. Кроў забясьпечвае тканкі арганізму кіслародам, пажыўнымі рэчывамі, гармонамі й пераносіць прадукты абмену рэчываў да органаў іх выдзяленьня. Узбагачэньне крыві кіслародам адбываецца ў лёгкіх, а насычэньне пажыўнымі рэчывамі — у органах страваваньня. У печані й нырках адбываецца нэўтралізацыя й вывад прадуктаў мэтабалізму. Кровазварот рэгулюецца гармонамі й нэрвовай сыстэмай. Адрозьніваюць малы (празь лёгкія) і вялікі (праз органы й тканкі) колы кровазвароту.

Крывяносная сыстэма чалавека

Кровазварот — важны фактар у жыцьцядзейнасьці арганізму чалавека й шэрагу жывёлаў. Кроў можа выконваць свае разнастайныя функцыі толькі знаходзячыся ў няспынным руху.

Крывяносная сыстэма

рэдагаваць

Крывяносная сыстэма чалавека й шматлікіх жывёлаў складаецца з сэрца й судзінаў, па якіх кроў рухаецца да тканак і органаў, а затым вяртаецца ў сэрца. Буйныя судзіны, па якіх кроў рухаецца да органаў і тканак, завуцца артэрыямі. Артэрыі разгаліноўваюцца на драбнейшыя артэрыі, артэрыёлы, і, нарэшце, на капіляры. Па судзінах, што маюць назоў вэна, кроў вяртаецца ў сэрца. Сэрца чатырохкамернае й мае два кола кровазвароту.

Гістарычная даведка

рэдагаваць

Яшчэ дасьледнікі далёкай старажытнасьці меркавалі, што ў жывых арганізмах усе органы функцыянальна злучаны й уплываюць адзін на аднаго. Выказваліся самыя розныя здагадкі. Яшчэ Гіпакрат — бацька мэдыцыны, і Арыстотэль — найбуйнейшы грэцкі мысьляр, якія жылі амаль 2500 гадоў назад, цікавіліся пытаньнямі кровазвароту й вывучалі яго. Аднак іх уяўленьні былі не дасканалыя й у шмат якіх выпадках хібныя. Вянозныя й артэрыяльныя крывяносныя судзіны яны ўяўлялі як дзьве самастойныя сыстэмы, ня злучаныя паміж сабой. Лічылася, што кроў рухаецца толькі па вэнах, у артэрыях жа знаходзіцца паветра. Гэта абгрунтоўвалі тым, што пры анатамаваньні трупаў людзей і жывёлаў у вэнах кроў была, а артэрыі былі пустыя, без крыві.

Гэта перакананьне было аспрэчана ў працах рымскага дасьледніка й лекара Кляўдыюса Галена. Ён экспэрымэнтальна даказаў, што кроў рухаецца сэрцам і па артэрыях, і па вэнах. Пасьля Галена аж да XVII стагодзьдзя лічылі, што кроў з правага прысэрцака трапляе ў левае нейкім чынам празь пярэтыку.

У 1628 годзе ангельскі фізіёляг, анатам і лекар Ўільям Гарвэй апублікаваў сваю працу «Анатамічнае дасьледаваньне пра рух сэрца й крыві ў жывёлаў», у якой упершыню[1] ў гісторыі мэдыцыны экспэрымэнтальна паказаў, што кроў рухаецца ад шлуначках сэрца па артэрыях і вяртаецца да прысэрцакаў па вэнах. Несумнёўна, акалічнасьцю, якая больш за іншыя прывяла Ўільяма Гарвэя да ўсведамленьня таго, што кроў цыркулюе, зьявілася наяўнасьць у вэнах затрымак, функцыянаваньне якіх ёсьць пасіўны гідрадынамічны працэс. Ён зразумеў, што гэта магло б мець сэнс толькі ў тым выпадку, калі кроў у вэнах цячэ да сэрца, а не ад яго, як выказаў здагадку Гален і як лічыла эўрапейская мэдыцына да часоў Гарвэя. Гарвэй быў таксама першым, хто колькасна ацаніў сардэчны выкід у чалавека, і пераважна дзякуючы гэтаму, нягледзячы на велізарную недаацэнку (1020,6 г, гэта значыць каля 1 л/хв замест 5 л/хв), скептыкі пераканаліся, што артэрыяльная кроў ня можа бесьперапынна стварацца ў печані, і таму яна павінна цыркуляваць. Такім чынам, ім была пабудавана сучасная схема кровазвароту чалавека і іншых сысуноў, якая ўключае два кола. Нявысьветленым заставалася пытаньне пра тое, як кроў трапляе з артэрыяў у вэны.

Займальна, што менавіта ў год публікацыі рэвалюцыйнай працы Гарвэя нарадзіўся Марчэла Мальпігі, які праз 50 гадоў адкрыў капіляры — зьвяно крывяносных судзін, якое злучае артэрыі й вэны, — і такім чынам скончыў апісаньне замкнёнай судзіннай сыстэмы.

Самыя першыя колькасныя вымярэньні мэханічных зьяваў у кровазвароце былі зроблены Стывэнам Гэйлзам, які вымяраў артэрыяльны й вянозны крывяны ціск, аб’ём асобных камэр сэрца й хуткасьць выцяканьня крыві зь некалькіх вэнаў і артэрыяў, прадэманстраваўшы такім чынам, што вялікая частка супраціву плыні крыві прыпадае на вобласьць мікрацыркуляцыі. Ён лічыў, што з прычыны пругкасьці артэрыяў плынь крыві ў вэнах больш-менш сталая, а не пульсавалая, як у артэрыях.

Пазьней, у XVIII і XIX стагодзьдзях шэраг вядомых гідрамэханікаў зацікавіліся пытаньнямі цыркуляцыі крыві й зрабілі істотны ўнёсак у разуменьне гэтага працэсу. Сярод іх былі Эйлер, Данііл Бэрнулі (хто быў насамрэч прафэсарам анатоміі) і Пуазэйль (таксама лекар; яго прыклад асабліва паказвае, як спроба вырашыць асобную прыкладную задачу можа выклікаць разьвіцьцё фундамэнтальнай навукі). Адным з найбуйнейшых навукоўцаў-унівэрсалаў быў Томас Юнг, таксама лекар, чые дасьледаваньні ў оптыцы пацягнулі прыняцьце хвалёвай тэорыі сьвятла й разуменьне ўспрыманьня колеру. Іншая важная галіна дасьледаваньняў датычыцца прыроды пругкасьці, у прыватнасьці ўласьцівасьцяў і функцыі пругкіх артэрыяў; яго тэорыя распаўсюджваньня хваляў у пругкіх трубках дагэтуль лічыцца фундамэнтальным карэктным апісаньнем пульсавага ціску ў артэрыях. Менавіта ў яго лекцыі па гэтым пытаньні ў Каралеўскай суполцы ў Лёндане ёсьць відавочная заява, што «пытаньне пра тое, якім чынам і ў якой ступені цыркуляцыя крыві залежыць ад цягліцавых і пругкіх сілаў сэрца й артэрыяў у здагадцы, што прырода гэтых сілаў вядомая, павінна стаць проста пытаньнем найболей удасканаленых падзелаў тэарэтычнай гідраўлікі».

У XX стагодзьдзі было паказана, што для вянознага звароту істотную ролю маюць таксама скарачэньні шкілетных цягліц і прысмоктвальнае дзеяньне грудной клеткі.[2]

Колы кровазвароту чалавека

рэдагаваць
 
Анімацыя кровазвароту
 
Цыркуляцыя крыві праз сэрца. Малое кола кровазвароту праходзіць праз правы прысэрцак, правы шлуначак, лёгачную артэрыю, судзіны лёгкіх, лёгачныя вэны. Вялікае кола праходзіць празь левы прысэрцак і шлуначак, аорту, судзіны органаў, верхнюю і ніжнюю полыя вэны. Кірунак руху крыві рэгулюецца затамкамі сэрца.

Кровазварот адбываецца па двух асноўных шляхах, якія завуцца малым і вялікім коламі кровазвароту.

Па малым коле кроў цыркулюе празь лёгкія. Рух крыві па гэтым коле пачынаецца са скарачэньня правага прысэрцаку, пасьля чаго кроў трапляе ў правы шлуначак сэрца, скарачэньне якога штурхае кроў у лёгачны галамень. Цыркуляцыя крыві ў гэтым кірунку рэгулюецца прысэрцава-шлуначнай пярэтыкай і дзьвюма затамкамі: трохсчыннай (паміж правым прысэрцакам і правым шлуначкам), якая прадухіляе вяртаньне крыві ў прысэрцак, і затамкай лёгачнай артэрыі, што прадухіляе вяртаньне крыві зь лёгачнага галаменя ў правы шлуначак. Лёгачны галамень разгаліноўваецца да сеткі лёгачных капіляраў, дзе кроў насычаецца кіслародам за конт вэнтыляцыі лёгкіх. Затым кроў празь лёгачныя вэны вяртаецца зь лёгкіх у левы прысэрцак.

Вялікае кола кровазвароту забясьпечвае насычанай кіслародам крывёй органы і тканкі. Левы прысэрцак скарачаецца адначасова з правым і штурхае кроў у левы шлуначак. Зь левага шлуначка кроў трапляе ў аорту. Аорта разгаліноўваецца на артэрыі і артэрыёлі, што ідуць у розныя часткі арганізму і сканчаюцца капілярнай сеткай у органах і тканках. Цыркуляцыя крыві ў гэтым кірунку рэгулюецца прысэрцава-шлуначнай пярэтыкай, двохсчыннай (мітральнай) затамкай і затамкай аорты.

Такім чынам, кроў рухаецца па вялікім коле кровазвароту ад левага шлуначка да правага прысэрцака, а затым па малым коле кровазвароту ад правага шлуначка да левага прысэрцака.

Мэханізм кровазвароту

рэдагаваць

Рух крыві па судзінах ажыцьцяўляецца, галоўным чынам, дзякуючы рознасьці ціскаў паміж артэрыяльнай сыстэмай і вэнознай. Гэта сьцьвярджэнне цалкам справядліва для артэрыяў і артэрыёляў, у капілярах і вэнах зьяўляюцца дапаможныя мэханізмы, пра якія ніжэй. Рознасьць ціскаў ствараецца рытмічнай працай сэрца, што перапампоўвае кроў з вэнаў у артэрыі. Паколькі ціск у вэнах вельмі блізкі да нуля, гэтую рознасьць можна прыняць практычна роўнай артэрыяльнаму ціску.

Крыніцы і заўвагі

рэдагаваць
  1. ^ Некаторыя навукоўцы лічаць, што Андрэа Чэзальпіна быў першым, яшчэ да Гарвэя, хто адкрыў кровазварот — ён апісаў вялікае кола кровазвароту.
  2. ^ Аринчин Н. И., Борисевич Г. Ф. Микронасосная деятельность скелетных мышц при их растяжении. — Мн.: Наука и техника, 1986. — 112 с.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць