Мікалай Красінскі

беларускі культурна-грамадзкі дзяяч, пэдагог
(Перанакіравана з «Красінскі»)

Мікалай Фаміч Красінскі (Тамашоў) (1891, Вялейка23 лістапада 1938, Туркмэнская ССР) — беларускі праваслаўны і сьвецкі, культурна-грамадзкі дзяяч, пэдагог.

Мікалай Красінскі
Род дзейнасьці настаўнік, культурна-грамадзкі дзяяч
Дата нараджэньня 1891
Месца нараджэньня Вялейка
Дата сьмерці 23 лістапада 1938
Месца сьмерці Туркмэнская ССР
Месца вучобы
Занятак тэатральны дзяяч
Месца працы
Дадаткова скончыў Пецярбурскі унівэрсытэт (1915)

Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і. Скончыў 1-ю Віленскую гімназію. У 1915 годзе скончыў юрыдычны факультэт Пецярбурскага унівэрсытэту (цяпер Санкт-Пецярбурскі дзяржаўны ўнівэрсытэт). Сябра Беларускага нацыянальнага камітэту. Працаваў у Віленскай духоўнай праваслаўнай сэмінарыі спачатку ў якасьці настаўніка, а пазьней — інспэктара. Выступаў за беларусізацыю Праваслаўнай царквы ў Заходняй Беларусі.

Адзін з кіраўнікоў і арганізатараў «Беларускай драматычнай майстроўні», дзе ў 1922 паставіў спэктаклі «У зімовы вечар» паводле Элізы Ажэшкі і «Лес шуміць» паводле Уладзімера Караленкі.

Выкладаў у Віленскай беларускай гімназіі (19221924). Супрацоўнічаў з Цэнтральнай школьнай радай і Беларускім навуковым таварыстве.

У 1921 годзе ахвяраваў 500 польскіх марак на беларускіх студэнцкі часопіс «Наш Шлях».

Напачатку 1924 зьехаў у БССР.

Працаваў у Наркамаце асьветы БССР, потым у Інбелкульце. З 1928 вучоны сакратар Беларускага дзяржаўнага музэю. Працаваў дырэктарам Другога Беларускага тэатру ў Віцебску (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатар імя Якуба Коласа). На момант арышту быў сакратаром «Беларускага таварыства драматургаў і кампазытараў». Арыштаваны АДПУ 14 сакавіка 1930 па справе «Саюза вызваленьня Беларусі». 10 красавіка 1930 асуджаны за «шкодніцтва і антысавецкую дзейнасьць» і сасланы на 5 гадоў у Аханск (Пермскі край, РСФСР), паводле іншых зьвестак знаходзіўся ў Шадрынску (Курганская вобласьць, таксама РСФСР).

Пасьля вызваленьня ў 1935 пераехаў у Сарапул (Удмуртыя, РСФСР).

Ізноў арыштаваны 12 чэрвеня 1938. 30 кастрычніка 1938 асобная нарада НКУС Туркмэнскай ССР вынесла вырак — вышэйшая мера пакараньня. Расстраляны 23 лістапада 1937 году ў турме НКУС.

Рэабілітаваны 19 верасьня 1960 судовай калегіяй па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР. Групавая справа захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць