Карына Маскаленка

расейская адвакатка

Карына Ако́паўна Маскале́нка (па-расейску: Каринна Акоповна Москаленко; нар. 9 лютага 1954, Баку, Азэрбайджанская ССР, СССР) — расейская адвакатка па правох чалавека. Сяброўка Маскоўскай Хэльсынскай групы. Абараняла, між іншых, Міхаіла Хадаркоўскага, Гары Каспарава і Аляксандра Літвіненку. Выйграла першы ў гісторыі працэс супраць Расейскай Фэдэрацыі на публічных слуханьнях Эўрапейскага суду па правох чалавека.

Карына Маскаленка
Дата нараджэньня 9 лютага 1954(1954-02-09) (70 гадоў)
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак праваабаронка, адвакатка
Узнагароды
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Маскаленка (неадназначнасьць).

Паводле нацыянальнасьці армянка. Нарадзілася ў сям’і вайскоўца Акопа Сьцяпанавіча Дадаяна (1923—1991), генэрал-маёра ракетных войскаў, камандзёра 40-й ракетнай дывізіі ў Пскоўскай вобласьці, пасьля супрацоўніка цэнтральнага апарату Міністэрства абароны СССР.

Маці — Ніна Аляксандраўна Багдасарава (1923—1998), лекарка.

Муж — Яўген Міхайлавіч Князеў (нар. у 1953). Маюць дачок Вікторыю (1975) і Настасьсю (2005), сыноў Радыёна (1991) і Рыгора (2006).

Адукацыя

рэдагаваць

Скончыла юрыдычны факультэт Ленінградзкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (1976), курс эўрапейскага права ў Бірмінггэмскім унівэрсытэце.

Таксама праходзіла стажаваньні па праграмах абароны правоў чалавека ў Лёнданскім цэнтры па абароне індывідуальных правоў у Эўропе, Эсэцкім унівэрсытэце, Канадзкай фундацыі па правох человека, Дацкім цэнтры па правох чалавека й інш.).

Адвакацкая дзейнасьць

рэдагаваць

З 1 верасьня 1977 року — стажэрка, пасьля адвакатка Маскоўскай мескай калегіі адвакатаў (з 2002 — Адвакацкай палаты места Масквы). Спэцыялізацыя — крымінальны працэс, міжнароднае публічнае права (у тым ліку міжнародная абарона правоў чалавека).

У 1990-я рокі Карына Маскаленка вяла справу пяцёх лётчыкаў — жыхароў Латвіі, паводле нацыянальнасьці расейцаў — абвінавачваных ва ўдзеле ў вайне супраць Індыі. Лётчыкаў наняла камэрцыйная структура для перавозкі грузу, які аказаўся зброяй, прызначанай для аднае з узброеных антыўрадавых групаў. У выніку прадстаўнікі камэрцыйнай структуры схаваліся, а лётчыкі апынуліся ў турме з магчымым пакараньнем сьмерцю. Карына Маскаленка ўвайшла ў склад міжнароднага камітэту гуманітарнай дапамогі, які аказваў абвінавачваным дапамогу. Улетку 2000 року, праз 4,5 гады пасьля арышту, лётчыкаў вызвалілі.

Праваабарончая дзейнасьць

рэдагаваць

У 1994 року заснавала і ўзначаліла Цэнтар спамогі міжнароднай абароне — грамадзкае праваабарончае аб’яднаньне прафэсійных адвакатаў, якое выкарыстоўвае міжнародныя мэханізмы абароны правоў чалавека. У 1997 року ў ліку трох расейскіх праваабаронцаў была запрошаная ў Страсбург на сэсію Міжнароднай камісіі юрыстаў (МКЮ). У 1999 року Цэнтру спамогі міжнароднай абароне быў нададзены статус расейскага аддзяленьня МКЮ. З 2002 року Карына Маскаленка — доўгатэрміновы экспэрт праграмы ТАСІС Эўрапейскага зьвязу. З 2003 року — камісіянэрка Міжнароднай камісіі юрыстаў.

У 2000 року Камітэт па правох чалавека ААН прыняў першае рашэньне па скарзе на парушэньне правоў чалавека, паводле якога былі задаволеныя патрабаваньні заяўніка, прадстаўніком інтарэсаў якога зьяўляўся Цэнтар спамогі міжнароднай абароне.

У 2001 року Карына Маскаленка стала першай расейскай адвакаткай, якая выступіла ў Эўрапейскім судзе па правох чалавека (ЭСПЧ) у Страсбургу на першым грамадзкім слуханьні справы грамадзяніна Расеі ў гэтым судзе (справа «Калашнікаў супраць Расеі»). Па гэтай справе суд учыніў некалькі істотных рашэньняў — пра тое, што тэрмін утрыманьня ў папярэднім заняволеньні (4 гады) празьмерны, што такая працягласьць разбору крымінальнай справы неразумная, а ўмовы ўтрыманьня пад вартай у сьледчым ізалятары бесчалавечныя і прыніжаюць чалавечую годнасьць. Пры гэтым адсутнасьць дастатковых грашовых сродкаў дзеля стварэньня больш прыдатных умоваў ня была прызнаная падставай дзеля адхіленьня скаргі.

Сяброўка Расейскага камітэту адвакатаў па абароне правоў чалавека (1993), Экспэртнага савету пры Ўпаўнаважаным па правох чалавека ў Расейскай Фэдэрацыі (1999), Маскоўскай Хэльсынскай групы (1999). Аўтарка шэрагу работаў, прысьвечаных абароне правоў чалавека з выкарыстаньнем міжнародных прававых мэханізмаў, у тым ліку кнігі «Міжнародная абарона» (2001).

Справа Хадаркоўскага

рэдагаваць

Карына Маскаленка — адна з адвакатак Міхаіла Хадаркоўскага на міжнародным узроўні, у прыватнасьці, у Эўрапейскім судзе па правох чалавека. У гэтым працэсе Генэральная пракуратура Расеі двойчы беспасьпяхова рабіла спробу пазбавіць Карыну Маскаленку адвакацкага статусу. Таксама дзяржаўныя органы хадайнічалі ў ЭСПЧ пра адхіленьне Карыны Маскаленкі ад прадстаўніцтва інтарэсаў пазоўнікаў ды ладзілі падатковыя праверкі Цэнтру спамогі міжнароднай абароне.

Узнагароды

рэдагаваць
  • 1999 — Прэмія ўпаўнаважанага па правох чалавека ў Расеі «За правы чалавека»
  • 2000 — Найвышэйшая юрыдычная прэмія „Фэміда“, ордэн «За пэўнасьць адвакацкаму абавязку»
  • 2006 — Ганаровая грамата Прэзыдыюму Маскоўскай мескай калегіі адвакатаў
  • 2006 — Прэмія прызнаньня Міжнароднай Хэльсынскай Фэдэрацыі
  • 2008 — Прэмія Брэнана, Унівэрсытэт Нью-Джэрзі (ЗША)
  • 2010 — Чын ганаровае доктаркі права Паўднёвага мэтадысцкага ўнівэрсытэту (ЗША)
  • 2010 — Міжнародная праваабарончая прэмія імя Людовіка Трар’ё.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць