Кальмарская вайна
Ка́льмарская вайна́ (1611—1613; па-швэдзку: Kalmarkriget, па-дацку: Kalmarkrigen) — вайна паміж Даніяй і Швэцыяй за паўднёвую частку Скандынаўскага паўвостраву і за панаваньне на Балтыйскім моры. Галоўнай прычынай вайны было імкненьне Швэцыі вярнуць сабе паўднёвыя правінцыі, якія заставаліся пад уладай Даніі пасьля распаду Кальмарскай уніі і замацаваныя за ёй Штэтынскай мірнай дамовай 1570 году, якая завяршыла Паўночную сямігадовую вайну 1563—1570 гг. Іншай мэтай вайны для Швэцыі была спроба захапіць частку паўночнага ўзьбярэжжа Нарвэгіі.
Вайне папярэднічалі спробы мірнага ўрэгуляваньня спрэчак, якія заставаліся нявырашанымі з часу Паўночнай сямігадовай вайны. Усе яны ні да чаго не прывялі, толькі абвастрылі ўзаемную варожасьць. Падрыхтоўкі Швэцыі да вайны вымусілі Крыстыяна IV абвясьціць вайну Карлу IX. У траўні 1611 году дацкі кароль асабіста ўзначаліў 6-тысячнае войска і ўварваўся ў швэдзкія межы.
Горад Кальмар хутка быў узяты датчанамі, але Кальмарскі замак працягваў абараняцца. Швэдзкія войскі прыйшлі яму на дапамогу, і 17 чэрвеня пад сьценамі фартэцыі адбылася адна з самых кровапралітных бітваў у гісторыі Паўночнай Эўропы. Яна ўзнаўлялася тры разы, швэдзкі і дацкі каралі прымалі ў ёй асабісты ўдзел. Напачатку жніўня фартэцыя здалася датчанам. Датчане перамаглі дзякуючы, галоўным чынам, асабістай адвазе Крыстыяна IV.
30 кастрычніка 1611 году Карл IX памёр, і вайну працягнуў яго сын — Густаў-Адольф.
24 траўня 1612 году пасьля трохтыднёвай аблогі датчане авалодалі Эльфсборгам — другой найважнейшай швэдзкай фартэцыяй і адзіным швэдзкім портам у праліве Катэгат — і рушылі на ўсход, да Ёнчэпінгу. Дацкі флёт разгарнуў актыўныя дзеяньні на моры, пагражаючы Стакгольму. Аднак аблога Ёнчэпінга была няўдалай, а паўстаньне швэдзкіх сялянаў, якое выбухнула ў тыле датчан, вымусіла Крыстыяна IV зьняць аблогу і адступіць на поўдзень.
Увосень 1612 году пры пасрэдніцтве Ангельшчыны, Нідэрляндаў і Брандэнбурга, зацікаўленых у актыўным уцягваньні скандынаўскіх дзяржаваў у агульнаэўрапейскую палітыку, паміж ваюючымі бакамі пачаліся мірныя перамовы. Яны завяршыліся ў студзені 1613 году падпісаньнем Кнерэдскага міру, які пацьвердзіў выгодныя для Даніі ўмовы Штэтынскага міру 1570 году. Усе заваяваньні датчанаў былі вернуты швэдам, але Швэцыя павінна была на працягу 6 гадоў выплаціць Даніі кантрыбуцыю ў памеры 1 млн талераў (да выкананьня гэтай умовы Данія акупавала Эльфсборг з навакольлямі). Дазваляўся бязмытны гандаль датчанам у Швэцыі і швэдам у Даніі; гандаль з Рыгай і Курляндыяй аб’яўляўся свабодным.
Параза швэдаў у Кальмарскай вайне ў значнай ступені была абумоўлена тым, што лепшая частка іх арміі была адцягнена вайной супраць Масковіі.
Кальмарская вайна была тыповай вайной пэрыяду распаду фэадалізму. Баявыя дзеяньні вяліся невялікімі наёмнымі арміямі, былі абмежаваны па маштабе і насілі, як правіла, сэзонны характар. Мэта стратэгічных дзеяньняў складалася ў авалоданьні фартэцыямі праціўніка. Разам з тым для гэтай вайны характэрна даволі шырокае ўжываньне агнястрэльнай зброі, што было абумоўлена адносна высокім узроўнем разьвіцьця прамысловасьці ў скандынаўскіх краінах.
Літаратура
рэдагаваць- Форстен Г. В., Балтийский вопрос в XVI и XVII столетиях, т. 2, СПБ, 1894
- Larsen A., Kalmarkrigen, Kbh.
- Tham W., Den svenska utrikespolitikens histora, (d.) 1, (pt.) 1, 1560—1648, Stockh., (1960)