Тапінамбур

(Перанакіравана з «Земляная груша»)

Тапіна́мбур (ад францускага: topinambour), даўней бульва, земляна́я гру́ша, слане́чнік клубняно́сны (па-лацінску: Helianthus tuberosus) — шматгадовая травяністая клубняносная расьліна сямейства складанакветных вышынёй да 3 м.

Тапінамбур
Helianthus tuberosus
Клубні

Клубні — цыліндрычнай, круглай або грушападобнай формы, белыя, жоўтыя, фіялетавыя або ружовыя. Утрымліваюць 1–3% бялку, вітаміны C, B1, каратын, каля 16–18% вугляводаў (у асноўным інулін), менш за 0,5% тлушчу. Мякаць пяшчотная, сочная, з прыемным саладкавым смакам.

Радзіма — Атлянтычнае ўзьбярэжжа Паўночнай Амэрыкі, спажывалася ў ежу мясцовымі індзейцамі, на пачатку XVII стагодзьдзя прывезеная ў Эўропу французамі. У Рэчы Паспалітай «бульва» распаўсюдзілася ў першай палове XVIII стагодзьдзя — яе варылі, абіралі, падавалі зь белым або муштародовым соўсам. У канцы XVIII стагодзьдзя тапінамбур быў выцеснены падобнай па спосабе вырошчваньня і смаку бульбай, якая ў беларускай і летувіскай мовах пераняла ягоную назву (у летувіскай мове «бульба» — bùlvė). У Беларусі вырошчваецца галоўным чынам на корм жывёле, часам дзічэе, у кулінарыі ўжываецца толькі энтузіястамі гэтай культуры.

Спажываць тапінамбур належыць неўзабаве пасьля выкопваньня: варыць, запякаць, з сырых гатаваць салаты. Тапінамбур — вельмі трывалая да ўмоваў вырошчваньня культура, лёгка пераносіць маразы (пры гэтым клубні набываюць яшчэ больш салодкі смак). Таму пэўную частку клубняў пакідаюць зімаваць.

Літаратура

рэдагаваць

Гэты артыкул створаны з дапамогай матэрыялаў з: Алесь Белы, праект «Наша ежа».

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Тапінамбурсховішча мультымэдыйных матэрыялаў