Заха́р Заха́равіч Кавальчу́к (1893, вёска Крыўляны Пружанскага павету, Расейская імпэрыя — 29 або 30 кастрычніка 1937, турма НКВД, Менск, БССР) — беларускі савецкі дзяржаўны дзяяч, старшыня ЦК прафсаюзаў БССР.

Захар Кавальчук

Жыцьцяпіс рэдагаваць

Нарадзіўся ў 1893 року ў вёсцы Крыўляны Пружанскага павету (цяпер у Жабінкаўскім раёне Берасьцейскай вобласьці) ў сялянскай сям’і.

У 1911 року, у 18-гадовым узросьце, сеўшы на параход у Лібаве, зьехаў у Амэрыку на заробкі. Працаваў чорнарабочым у сталеліцейным цэху ў Пэнсыльваніі, неўзабаве перабраўся ў Дэтройт, штат Мічыган. Тут пражывала шмат эмігрантаў з Расейскай імпэрыі, у тым ліку вядома, што з восені 1914 року ў Дэтройце працаваў Іван Іванавіч Аноцкі, ураджэнец Пружанскага павету.

У канцы 1916 року Кавальчук далучыўся да расейскай фэдэрацыі Амэрыканскай сацыялістычнай партыі. Пасьля яе распаду далучыўся да камуністычнай партыі адразу па яе стварэньні ў верасьні 1919 року. Абраны сакратаром партячэйкі аўтазаводу.

Арыштаваны паліцыяй за палітычную дзейнасьць. Правёў у турме пяць месяцаў, пасьля быў высланы з ЗША «як непатрэбны элемэнт». На параходзе даплыў да Кітая, а адтуль цягніком дабраўся да Масквы.

Працаваў ліцейшчыкам на Маскоўскім аўтамабільным заводзе, дзе толькі пачыналі выпускаць першыя савецкія «палутаркі».

Уступіў у ВКП(б) (1920), быў накіраваны ў Маскоўскую савецка-партыйную школу. Пасьля працаваў у Маскоўскім павятовым камітэце РКП(б). Аднак імкнуўся вярнуцца на радзіму, да бацькоў, братоў і сясьцёр, якія на той час пражывалі пад уладай Польшчы.

Паспрабаваў шукаць працу ў Менску. Празь першага сакратара ЦК КП(б)Б Канстантына Гея у 1930 быў прызначаны сакратаром Аршанскага акругкаму КП(б)Б. Пасьля працаваў загаднікам аддзелу кадраў ЦК КП(б)Б, сакратаром Менскага гаркаму партыі.

На XIV зьезьдзе КП(б)Б, які адкрыўся ў канцы студзеня 1932 року, увайшоў у склад прэзыдыюму зьезду разам з Р. П. Грысевічам, П. М. Рачыцкім, Е. П. Убарэвічам, А. Р. Чарвяковым. У гэтым самым року абраны сябрам Бюро ЦК КП(б)Б, у склад якога ўвайшлі М. М. Галадзед, М. Ф. Гікала, Р. П. Грысевіч, Е. П. Убарэвіч, А. Р. Чарвякоў, В. Ф. Шаранговіч і іншыя.

У жніўні 1932 року абраны старшынём Цэнтральнага савету прафсаюзаў БССР (ЦСПСБ). Пасьля таго, як ЦСПСБ злучылі з Наркаматам працы БССР, стаў фактычна трэцяй асобай у рэспубліцы пасьля Мікалая Гікалы і Мікалая Галадзеда.

У лютым 1935 року быў дэлегатам VII зьезду Саветаў СССР, абраны сябрам ЦВК СССР.

У 1937 выкліканы ў Маскву і выключаны са складу ЦВК за прыналежнасьць да трацкісцкай апазыцыі ў 1923. 17 траўня выключаны з партыі, 5 жніўня арыштаваны ў Менску. 29 кастрычніка 1937 тройкай НКУС прыгавораны да расстрэлу з канфіскацыяй маёмасьці як «актыўны чалец контррэвалюцыйнай тэрарыстычнай шпіёнскай арганізацыі». Жонка Тацяна з шасьцігадовай дачкой Галяй сасланыя.

Рэабілітаваны пасьмяротна 15 верасьня 1956 року (паводле іншых зьвестак у сакавіку 1989).

Літаратура рэдагаваць