Жаночая зборная Канады па валейболе
Жаночая зборная Канады па валейболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Канаду на міжнародных валейбольных турнірах. Кіруецца арганізацыяй Валейбол-Канада.
Жаночая зборная Канады па валейболе | |||
Фэдэрацыя | Валейбол-Канада | ||
---|---|---|---|
Канфэдэрацыя | Канфэдэрацыя валейболу Паўночнай, Цэнтральнай Амэрыкі і Карыбскага басэйну | ||
Рэйтынг МФВ | 8 | ||
Колеры | чырвоны, сіні | ||
Форма | |||
| |||
Апошняе абнаўленьне | 30 жніўня 2024 году |
Гісторыя
рэдагавацьВалейбол зьявіўся ў Канадзе ў 1900 годзе, дзякуючы папулярызатарскай дзейнасьці Асацыяцыі маладых хрысьціянаў. Канада стала першай краінай у сьвеце, у якую з ЗША была перанесеная новая гульня. У 1953 годзе паўстала Канадзкая асацыяцыя валейболу, якая сёньня вядомая як Валейбол-Канада. У 1959 годзе мясцовая асацыяцыя стала сябрам Міжнароднай фэдэрацыяй валейболу.
Упершыню на афіцыйным узроўні нацыянальная жаночая зборная Канады была сфармавана толькі ў 1967 годзе дзеля ўдзелу ў Панамэрыканскіх гульнях, якія ладзіліся ў канадзкім Вініпэгу. На гэтым турніры гаспадыні гульняў выступілі няўдала, прайграўшы ўсе свае пяць матчаў зь лікам 0:3. Першыя мэдалі на міжнароднай арэне канадзкія валейбалісткі здабылі ў 1973 годзе на чэмпіянаце Паўночнай, Цэнтральнай Амэрыкі і Карыбскага басэйну (NORCECA). У паўфінале спаборніцтваў канадкі выгулялі зборную ЗША зь лікам 3:1, але ў фінале ў трох партыях саступілі зборнай Кубы, стаўшы ў выніку срэбранымі прызэркамі турніру.
У далейшым зборная Канады рэгулярна брала ўдзел у найбуйнейшых міжнародных спаборніцтвах, але ўсе ейныя мэдальныя дасягненьні павязаныя толькі з турнірамі на амэрыканскім кантынэнце. Пры гэтым часьцей за ўсё канадкі бралі бронзавыя мэдалі, часта саступаючы зборным ЗША і Кубы. Гэтак з 1983 па 1995 гады зборная Канады кожны турнір NORCECA здабывала мэдалі, і толькі ў 1989 годзе гэта былі срэбраныя мэдалі. З пачаткам XXI стагодзьдзя з тройкі найлепшых зборную Канады выбілі зборныя Дамініканскай Рэспублікі і Пуэрта-Рыка. Толькі ў 2019 годзе зборная Канады зноў здабыла бронзавыя мэдалі, паўтарыўшы вынікі ў 2021 і 2023 гадах.