Жаночая зборная Ўкраіны па валейболе

Жаночая зборная Ўкраіны па валейболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Украіну на міжнародных валейбольных турнірах. Кіруецца Фэдэрацыяй валейболу Ўкраіны.

Жаночая зборная Ўкраіны па валейболе
Сьцяг Украіны
ФэдэрацыяФэдэрацыя валейболу Ўкраіны
КанфэдэрацыяЭўрапейская канфэдэрацыя валейболу
Рэйтынг МФВ18
Колерыжоўты, сіні
Форма
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Камандныя колеры
Апошняе абнаўленьне30 жніўня 2024 году

Гісторыя

рэдагаваць

Зборная Ўкраіны дэбютавала на міжнароднай арэне увосень 1992 году ў адборачным турніры чэмпіянату Эўропы пад кіраўніцтвам трэнэра Ўладзімера Бузаева, які быў адным з заснавальнікаў і нязьменным трэнэрам запароскай «Арбіты» цягам двух дзесяцігодзьдзяў. Украінкі ня толькі бездакорна пракрочылі праз кваліфікацыю, але і ўдала згулялі беспасярэдне на самім чэмпіянаце, заняўшы першы радок у сваёй групе. У пяцісэтавым паўфінале зборная прагуляла аб’яднананй зборнай Чэхіі і Славаччыны, але ў матчы за бронзавыя мэдалі ўкраінкі былі мацнейшымі за зборную Італію. Дзякуючы пасьпяховаму выступу на кантынэнтальным першынстве зборная Ўкраіны стала ўдзельніцай чэмпіянату сьвету 1994 году, які ладзіўся ў Бразыліі. Новая перамога над зборнай Італіі дазволіла камандзе Ўладзімера Бузаева прабіцца ў 1/8 фіналу, аднак пасьля сустрэчы супраць зборнай Японіі ўкраінкі былі вымушаныя спыніць барацьбу за высокія месцы. За год перад летнімі Алімпійскімі гульнямі 1996 году зборную ачоліў Гары Эгіязараў, але выступ на Алімпіядзе быў няўдалым.

На чэмпіянаце Эўропы 2001 году ўкраінскія спартоўкі занялі чацьверты радок. У 2003 годзе пасьля дзевятага месца на чэмпіянаце Эўропы ў Турэччыне Эгіязараў скончыў працу з камандай, а заўзятары былі вымушаныя чакаць 8 гадоў чарговага выхаду ў фінальны турнір эўрапейскага форуму. У траўні 2009 году зборная Ўкраіны няўдала выступіла ў адборачным турніры чэмпіянату сьвету, зазнаўшы паразы ад зборных Беларусі, Азэрбайджану і Ізраілю, але ўжо праз год каманда, складзеная з гульчыхаў чэмпіянату Ўкраіны, даказала, што здольная змагацца ў кваліфікацыі на чэмпіянат Эўропы 2011 году. На групавым этапе ў Бялградзе ўкраінкі атрымалі тры паразы з аднолькавым лікам 0:3 ад зборных Нямеччыны, Сэрбіі і Францыі ды скончылі свае выступы на турніры. Зборная Ўкраіны пачала змаганьне ў адборачным турніры чэмпіянату Эўропы 2013 году пад кіраўніцтвам новага галоўнага трэнэра Андрэя Рамановіча. Няўдалым была як гэтая кваліфікацыя, гэтак і наступная. Украінкі здолелі адабрацца толькі на чэмпіянат Эўропы 2017 году, дзе ў матчах групавога этапу прагуляла ўсе тры матчы. У 2017 годзе зборная Ўкраіны ўпершыню брала ўдзел у Эўралізе і адразу заваявала чэмпіёнскі тытул. На чэмпіянаце Эўропы 2019 году ўкраінскія валейбалісткі таксама ня здолелі выйсьці з групы, як і два гады таму.

У 2021 годзе зборная Ўкраіны, ачоленая баўгарцам Уладзімерам Арловым, прабілася ў 1/8 фіналу, але саступіла на гэтай стадыі зборнай Польшчы. У пачатку 2022 году ўкраінскую каманду ачоліў іншы адмыловец з Баўгарыі Іван Петкаў. У ліпені 2023 году пад ягоным кіраўніцтвам зборная ў другі раз здабыла перамогу ў Эўралізе, выгуляўшы ў фінальных матчах зборную Швэцыі. Самай каштоўнай гульчыхай турніру была прызнаная дыяганальная нападніца Анастасія Крайдуба[1].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць