Жаночая зборная Польшчы па валейболе
Жаночая зборная Польшчы па валейболе — нацыянальная каманда, якая прадстаўляе Польшчу на міжнародных валейбольных турнірах. Кіруецца Польскім валейбольным зьвязам.
Жаночая зборная Польшчы па валейболе | |||
Фэдэрацыя | Польскі валейбольны зьвяз | ||
---|---|---|---|
Канфэдэрацыя | Эўрапейская канфэдэрацыя валейболу | ||
Рэйтынг МФВ | 4 | ||
Колеры | белы, чырвоны | ||
Форма | |||
| |||
Апошняе абнаўленьне | невядома |
Гісторыя
рэдагавацьПершы міжнародны матч жаночая зборная Польшчы згуляла 14 лютага 1948 году ў Варшаве, перамогшы валейбалістак з Чэхаславаччыны зь лікам 3:1. 10 лютага 1949 году ў рамках чэмпіянату Эўропы зборная Польшчы згуляла свой першы афіцыйны матч, уступіўшы зборнай СССР у трох партыях. У 1950-я і 1960-я гады польская нацыянальная каманда стабільна ўваходзіла ў лік лідэраў сусьветнага валейболу. У гэты час яна тройчы паднімалася на п’едэстал гонару чэмпіянатаў сьвету, здабывала бронзавыя мэдалі на першых двух алімпійскіх турнірах, аднак нязьменна саступала ў барацьбе за першае месца зборным СССР і Японіі.
Восем разоў за гэты час зборная Польшчы была прызэрам чэмпіянатаў Эўропы, але і тут звычайна здабывала толькі срэбраныя ці бронзавыя мэдалі. Характэрна, што на васьмі чэмпіянатах Эўропы, якія ладзіліся ў пэрыяд з 1949 па 1971 гады, полькі бралі срэбра толькі ў тых выпадках, калі перамагалі чэхаславацкіх валейбалістак, як то ў 1950, 1963 і 1967 гадах, і аднойчы, калі Чэхаславаччына не брала ўдзел.
Упершыню полькі ледзь не парушылі такую герархію ў 1958 годзе. У першым матчы фінальнай групы чэмпіянату Эўропы ў Празе яны ледзь не абгулялі гаспадыняў спаборніцтваў, але маючы перавагу ў ліку 6:1 у пятай, вырашальнай, партыі не далі рады, прапусьцілі 13 пунктаў запар і прагулялі матч. Перад апошнім днём турніру валейбалісткі трэнэра Зьбігнева Шпыта прэтэндавалі на срэбра. Дзеля гэтага неабходна было перамагчы зборную СССР зь лікам 3:0 ці 3:1. І зноў «бела-чырвоныя» змарнавалі шанец, бо займелі перавагу ў сэтах зь лікам 2:0, але выпусьцілі перамогу з рук.
На летніх Алімпійскіх гульнях 1964 году зборная Польшчы, ачоленая Станіславам Пабуркам, была адзінай камандай, якая здолела выйграць партыю ў зборнай Японіі, але да гэтага ў трох сэтах саступіла зборнай СССР. Праз чатыры гады на Алімпіядзе ў Мэхіка з новым трэнэрам Бэнэдыктам Крысікам, полькі маглі моцна ўскладніць сваё становішча ў першым жа матчы, калі ледзь не прагулялі паўднёвакарэйскай камандзе, але зь ліку 0:2 па сэтах здолелі выйграць матч і ў далейшым выступалі на сваім узроўні, прагуляўшы зборным СССР і Японіі і перамогшы ўсіх іншых суперніцаў.