Еўлашы (зьніклая вёска)

Курсіўны тэкст

Еўлашы
Дата заснаваньня: перад 1638 годам
Краіна: Беларусь
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код:

Еўлашы — зьніклая вёска, якая месьцілася ў межах сучаснага Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці Беларусі.

Карона Каралеўства Польскага

рэдагаваць
Фрагмэнт запісу князя Ярэмія Вішнявецкага 1638 г.

Найраней хутар Еўлашы згаданы ў 1638 годзе, калі князь Ярэмі Міхал Вішнявецкі заставіў на чатыры гады за 65 000 злотых сваю палову Брагінскага маёнтку пану Мікалаю Лосятынскаму[1].

У 1687 годзе Еўлашы названыя сярод паселішчаў Брагінскага маёнтку пана ваяводзіча бэлзскага Яна Канецпольскага, якія моцна пацярпелі ад працяглага пастою (ад лістападу 1686 года да самых świątek zielonych) казакоў палкоўніка Войска Запарожскага Паўла Апостала Шчуроўскага. У трох дварах (каля 18 жыхароў) разьмясьцілі сем казакоў і аднаго коня. Тады вяскоўцы справілі 1 воз з хамутом, раменнай шляёй, касой, сякерай, рыдлёўкай, біклагай, мазьніцай з двума гарцамі дзёгцю, аддалі за здор і гарэлку 19 злотых, за саланіну (сала) і на порах 8 злотых, легуміны 5 вёдраў і авёсу 5 вёдраў, «soli sto dziesięć»[2].

Пасьля сьмерці ў 1719 годзе апошняга спадчыннага ўладальніка пана серадзкага ваяводы Яна Канецпольскага і шматгадовага знаходжаньня (яшчэ і пры жыцьці нябожчыка) ў заставе ў паноў Войнаў[3], прыкладна ад 1733 году wieś Jawłasy стала ўласнасьцю князя Міхала Сэрвацыя з старэйшай галіны роду Вішнявецкіх, які менавіта ў тым годзе ці не ўпершыню падпісаўся «графам на Брагіне»[4].

Хутар Еўлашы ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства 1783 г.

Згодна з «Тарыфам падымнага падатку Кіеўскага ваяводзтва 1754 г.», з 9 двароў (×6 — каля 54) хутара Еўлашы Брагінскага маёнтку выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замку) 1 злоты і 10 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павету і ваяводзтва) 5 зл. і 12 гр.[5]. У тым жа 1754 г. Брагінскае графства была куплена ў княгіні Эльжбэты Вішнявецкай Міхалавай Замойскай за 550 000 злотых панам Францішкам Антоніем, сынам Мікалая, Ракіцкім, войскім ашмянскім (†1759). Пазьней маёнткам валоаў менскі кашталян Міхал, сын Франца Антонія, Ракіцкі.

Хутар Еўлашы прысутны ў эксплікацыі да мапы Брагінскага графства, датаванай 27 днём жніўня 1783 году.

Расейская імпэрыя

рэдагаваць
Еўлашы на схематычным пляне Рэчыцкага павету, складзеным каля 1800 г.
Еўлашы пры дарозе паміж Зьвяняцкім і Байдакамі на мапе ф. Шубэрта.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Еўлашы апынуляся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 г. у складзе тэрытарыяльна ўпарадкаванага Рэчыцкага павету спачатку Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 г. Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[6]. Згодна з расейскай рэвізіяй 1795 году хутар Еўлашы паноў Людвіка і Рафала Алаізія Ракіцкіх, кашталянічаў менскіх, налічваў 7 двароў з 33 падданымі мужчынскага і 30 жаночага полу. Прозьвішчы жыхароў – Трыгуб, Асіпенка, Кузьменка, Кірыенка, Ігнаценка[7]. У мэтрычных запісах аб народжаных-ахрышчаных Мікуліцкай Богаяўленскай царквы за 1797 год ёсьць чатыры згадкі пра абрады з удзелам людзей зь Еўлашоў; у адной названы чалавек новага прозьвішча – кум Якаў Гардзейчык, таго ж хутару жыхар[8].

Згодна з шляхецкай рэвізіяй, датаванай 8 сьнежня 1811 году, фальварак Еўлашы з 36 рэвізскімі душамі ў аднайменнай вёсцы трымаў у арэндзе ад пана Міхала Ракіцкага былы харунжы войскаў польскіх Ян Васілеўскі (70 г.); разам зь ім жылі сыны Юзаф (32 г.), адвакат, Ігнацы (28 г.), каморнік рэчыцкі, Алаізій (26 г.), былы асэсар[a][9].

На мапе А. Фіцінгофа паміж засьценкам Байдакі і вёскай Зьвяняцкае паселішча няма.

Згодна з «Фармулярнай ведамасьцю» сяла Мікулічаў Богаяўленскай царквы 1822 году, вёска Еўлашы з 17 душамі мужчынскага і 19 душамі жаночага полу месьцілася за 3 вярсты ад прыходзкай царквы і належала пану Міхалу, сыну Рафала, Ракіцкаму[10]. Паказаныя Еўлашы і на мапе-дзесяцівярстоўцы Ф. Шубэрта 1826-1840 гадоў.

Да сярэдзіны XIX ст., аднак, паселішча спыніла існаваньне, бо ні на вайскова-тапаграфічнай мапе Менскай губэрні 1846 году А. Фіцінгофа, ні ў мэтрычных кнігах Мікуліцкай царквы 1848 году ўжо не згаданая.

  1. ^ Тут улічаныя толькі асобы мужчынскага полу.
  1. ^ Archiwum Główne Akt Dawnych w Warszawie. Archiwum Radziwiłłów. Dział X. Sygn. 933. S. 5
  2. ^ Архив Юго-Западной России. — Киев, 1868. Ч. III. Т. II. Акты о казаках (1679—1716). С. 153
  3. ^ Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 287, 403, 412
  4. ^ Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией. — Вильна, 1870. Т. IV. Акты Бресцкого гродского суда. С. 485
  5. ^ Тариф подимного податку Київського воєводства 1754 року. /Опрацював Конрад Жеменецький. – Біла Церква, 2015. С. 191, 213, 254
  6. ^ Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. – Т. 6. Кн. 1. – Мінск: БелЭн, 2001. C. 181–182
  7. ^ НГАБ у Менску. Ф. 333. Воп. 3. Спр. 1. А. 169-170
  8. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 13. Спр. 494. А. 230, 231
  9. ^ НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 32
  10. ^ НГАБ. Ф. 136. Воп. 1. Спр. 40552. А. 66