Дэпартацыя эстонцаў у СССР
Дэпарта́цыі з Эсто́ніі — гвалтоўнае масавае высяленьне часткі эстонцаў з тэрыторыі Эстоніі ў іншыя рэгіёны СССР, зьдзяйсьнянае савецкай уладай у рэчышчы палітыкі дэпартацыі іншых народаў. Супраць часткі насельніцтва Эстоніі савецкім рэжымам дэпартацыя была прымененая двойчы — у 1940—1941 роках, пасьля ўключэньня Эстоніі ў склад СССР, і ў 1944—1950 роках, пасьля вызваленьня Эстоніі ад нацыстаў. Дэпартаваныя высяляліся ў асноўным у Сыбір і Казахстан. Эстонцаў, якія пражывалі на тэрыторыі Ленінградзкай вобласьці, перасялялі ўглыб краіны яшчэ ў 1935 року[1][2]. Акрамя этнічных эстонцаў, з Эстоніі выселілі таксама некаторую колькасьць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцей.
Падчас першай дэпартацыі былі пераселеныя каля 10 000 чалавек, падчас другой — больш за 20 000 чалавек (плянаваліся выслаць 30 000 чалавек). Акрамя таго, у 1944 року 70 000—80 000 чалавек пакінулі Эстонію, ратуючыся ад савецкіх рэпрэсій.
У 1995 року Парлямэнт Эстоніі прызнаў дэпартацыю эстонцаў злачынствам супраць чалавецтва.
Дэпартацыя 1940 року
рэдагаваць16 чэрвеня 1940 Савецкі Саюз акупаваў Эстонію. Першымі пад рэпрэсіі трапілі прадстаўнікі нацыянальнай эліты дзяржавы. 17 ліпеня галоўнакамандуючы эстонскага войска Ёган Лайданэр зь сям’ёй, а 30 ліпеня прэзыдэнт Канстантын Пятс зь сям’ёй былі дэпартаваныя ў Пензу і Ўфу адпаведна[3]. Яны абодва памерлі ў няволі. Дэпартаваныя былі таксама 10 з 11 міністраў і 68 з 120 дэпутатаў парляманту.
Дэпартацыя 1941 року
рэдагаваць14 траўня 1941 року была прынятая надзвычайна сакрэтная Пастанова ЦК УКП(б) і СНК СССР «Дырэктыва аб высяленьні сацыяльна чужога элемэнту з рэспублік Прыбалтыкі, Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі і Малдавіі». Першая вялікамаштабная дэпартацыя грамадзянаў Эстоніі пачалася ўночы з 13 на 14 чэрвеня 1941 і цягнулася два наступныя дні. Выкананьнем дэпартацыі займаўся НКУС Эстонскай ССР пад кіраўніцтвам Барыса Кума.
Ад 9254 да 10 861 жыхара Эстоніі, зь якіх больш за 5000 жанчын і больш за 2500 дзяцей у веку да 16 гадоў[4][5][6][7], былі выселеныя ў асноўным у Кіраўскую, Новасыбірскую вобласьць альбо ўвязьненыя. Для вывазу людзе былі зарэзэрваваныя 490 грузавых вагонаў. Паводле загаду плянавалася дэпартаваць 11 102 чалавекі, аднак некаторыя здолелі ўцячы[8].
Яшчэ празь некалькі тыдняў каля 1000 чалавек былі арыштаваныя на востраве Саарэмаа, аднак з-за ўварваньня нацысцкай Нямеччыны значнай частцы вязьняў удалося пазьебгчы дэпартацыі.
З усіх дэпартаваных у 1941 року толькі 4331 чалавек (меней за палову) здолелі вярнуцца пасьля на радзіму[8].
Дэпартацыя 1944 року
рэдагавацьЗь вяртаньнем савецкай улады ўзнавіліся высяленьні. У 1944 року было дэпартавана 280 чалавек — «чальцоў сем’яў здраднікаў бацькаўшчыны»[9]. Яшчэ ня меней за 30 000 мужчынаў было мабілізавана ў працоўныя лягеры па-за межамі Эстоніі[10]. У жніўні 1945 року 407 асобаў, пераважна балтыйскіх немцаў, былі вывезеныя ў Пермскую вобласьць.
Дэпартацыя 1949 року
рэдагаваць29 студзеня 1949 року Савет міністраў СССР выдаў звышсакрэтны загад №390—138сс[11], які пастанаўляў высылку Міністэрствам дзяржаўнай бясьпекі «кулакоў» і «ворагаў народу» з трох прыбалтыйскіх рэспублік.
Другая хвала масавых дэпартацыяў з Эстоніі — апэрацыя «Прыбой» — пачалася ранкам 25 сакавіка 1949 року. Было заплянавана выслаць адсюль 30 000 чалавек, у тым ліку сялянаў. Каардынацыяй дэпартацыі займаліся міністар бясьпекі Эстонскай ССР Барыс Кум і прадстаўнік МДБ СССР генэрал маёр Іван Ярмолін. Больш за 8000 чалавек здолелі ўцячы, але 20 722 асобы (7500 сем’яў, больш за 2,5 % насельніцтва Эстоніі), палову зь якіх складалі жанчыны, больш за 6000 дзяцей да 16-гадовага веку і 4300 мужчынаў, цягам трох дзён былі высланыя ў Сыбір. Дзеля мужчынаў працаздольнага ўзросту ў гэтай масе складала 10 %. Большасьць з сасланых ніколі не вярнуліся дадому, мноства зь іх загінулі.
Таксама ў 1948—1950 роках адбылася дэпартацыя часткі фінаў-інгерманляндцаў. Апошняя маштабная кампанія дэпартацыяў адбылася ў 1951 року, калі былі масава пераселеныя ўдзельнікі забароненых рэлігійных суполак з краінаш Балтыі, Малдовы, Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны.
Глядзіце таксама
рэдагавацьКрыніцы
рэдагаваць- ^ Martin Terry. The Origins of Soviet Ethnic Cleansing // The Journal of Modern History. — 1998. — В. 4. — Т. 70. — С. 813—861. — DOI:10.1086/235168
- ^ The Oxford Handbook of Genocide Studies / edited by Donald Bloxham, A. Dirk Moses. — Oxford University Press Inc., 2010.
- ^ Советскиe депортации из Эстонии в 1940-х годах (рас.) Вехи истории. Посольство Эстонии в Москве. Праверана 28 сакавіка 2017 г.
- ^ Высновы працы Эстонскай міжнароднай камісіі па злачынствах супраць чалавечнасьці (анг.). Estonian International Commission for the Investigation of Crimes Against Humanity. Праверана 28 сакавіка 2017 г.
- ^ Kareda, Endel. Estonia in the Soviet grip: Life and conditions under Soviet occupation 1947-1949. — London: Boreas Pub. Co., 1949. — 99 с.
- ^ Uustalu, Evald. The history of Estonian people. — London: Boreas Pub. Co., 1952. — 261 с.
- ^ Rokas M. Tracevskis. 70th anniversary of deportation and uprising of 1941 // The Baltic Times. — 29 чэрвеня 2011.
- ^ а б Deportation from Estonia in 1941 and 1949 (анг.). Estonia Today (чэрвень 2006). Праверана 28 сакавіка 2017 г.
- ^ Estonia's Occupations Revisited Accounts of an Era / Compiled by Heiki Ahonen. — Tallinn: Kistler-Ritso Sihtasutus, 2005. — ISBN 9789949108213
- ^ Parming, Tõnu. Population changes in Estonia, 1935–1970 // Population Studies. — 1972. — Т. 26. — № 1. — С. 53—78. — DOI:10.2307/2172800
- ^ Постановление Совета Министров СССР от 29 января 1949 г. № 390-138сс «О выселении с территории Литвы, Латвии и Эстонии кулаков с семьями, семей бандитов и националистов, находящихся на нелегальном положении, убитых при вооруженных столкновениях и осужденных, легализованных бандитов, продолжающих вести вражескую работу, и их семей, а также семей репрессированных пособников бандитов».