Дом-музэй Элізы Ажэшкі
Дом-музэй Элізы Ажэшкі — дом у Горадні, дзе некаторы час жыла і памерла пісьменьніца Эліза Ажэшка.
Сучасны адрас: вуліца Ажэшкі, 17.
Дом належаў адвакату Станіславу Нагорскаму — другому мужу Э. Ажэшкі. У гэтым доме пісьменьніца пражыла шаснаццаць гадоў і памерла ў 1910 г.
Доўгі час у доме было абласное аддзяленьне Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. У былой гасьцёўні Элізы Ажэшкі быў кабінэт, дзе працавалі вядомыя празаікі — Васіль Быкаў і Аляксей Карпюк. Саюз палякаў Беларусі дамогся высяленьня пісьменьніцкай філіі з памяшканьня, і тады пачаўся збор экспанатаў.
11 красавіка 2009 году помнік гісторыі і культуры, вядомы гараджанам як домік Элізы Ажэшкі, адкрыў дзьверы для наведвальнікаў пасьля завяршэньня рэканструкцыі.
Пачынаецца знаёмства наведвальнікаў з домам-музэем з працоўнага кабінэту знакамітай пісьменьніцы, дзе яна напісала лепшыя аповесьці і раманы і правяла свае апошнія дні ў 1910-м. Гасьцям паказваюць сапраўдныя прыжыцьцёвыя выданьні Ажэшкі і іншых аўтараў яе часу — Балеслава Пруса, Тадэвуша Сянкевіча, Чарльза Дыкенза, Аляксандра Дзюма, Джорджа Эліёта.
У астатніх памяшканьнях дому, які знаходзіцца зусім побач з Гарадзенскім дзяржаўным Купалаўскім унівэрсытэтам, разьмясьціўся юнацкі філіял абласной навуковай бібліятэкі імя Е. Ф. Карскага і аддзел літаратуры на замежных мовах. Бібліятэкары імкнуцца захоўваць ня толькі музэйныя экспанаты, але і традыцыі, закладзеныя Элізай Ажэшкай, якая, як сьведчаць гістарычныя факты, была вядомай дабрачынцай. Тут ужо шмат гадоў зьбірае творчых людзей салён «У пані Элізы», з года ў год для дзяцей-сірот праводзяцца калядныя сьвяты ў елкі, у цесным супрацоўніцтве з Гарадзенскай епархіяй, мэдыцынскімі, адукацыйнымі і праваахоўнымі службамі арганізуюцца дабрачынныя акцыі.
Вонкавыя спасылкі
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 412Г000005 |