Дом Воліна
Даходны дом | |
Дом Воліна
| |
Краіна | Беларусь |
Горад | Менск |
Адрас | вуліца Валадарскага (12А) |
Каардынаты | 53°53′50.69″ пн. ш. 27°33′4.2″ у. д. / 53.8974139° пн. ш. 27.551167° у. д.Каардынаты: 53°53′50.69″ пн. ш. 27°33′4.2″ у. д. / 53.8974139° пн. ш. 27.551167° у. д. |
Архітэктурны стыль | эклетыка, нэабарока |
Дата заснаваньня | 1900 |
Дата пабудовы | 1900 год |
Статус | Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
Дом Воліна | |
Дом Воліна на Вікісховішчы |
Дом Во́ліна — трохпавярховы будынак у Менску, пабудаваны ў 1900 годзе з рысамі эклектыкі й нэабарока як даходны дом, месьціцца па вуліцы Валадарскага, 12.
Гісторыя
рэдагавацьДом пабудаваны ў 1900 годзе. Уласьнікам зьяўляўся Волін Самуіл Лазаравіч, ягоная жонка Воліна Блюма-Фэйга, іхная дачка й пяць сыноў. Стары адрас — вул. Захар’еўская № 41/12 на рагу зь Серпухаўскай (цяпер Валадарскага), у 1910—1912 — дом № 43[1].
Частка пакояў здавалася пад жыльлё[1]. У 1901—1903 гадах у доме месьцілася «1-я гарадзкая раскладкавая па прамысловым падатку прысутнасьць». З 1907 — піўная Жыдовіча. З 1908 — лаўка Назаравай, пральня Юзэфовіч. З 1909 — майстэрня шаўца Паўлоўскага. З 1910 — булачная й пякарня Хмелявец. У 1915 — упраўленьне камітэту Заходняга фронту Ўсерасейскага земскага саюзу. У 1912—1915 — прыёмны кабінэт лекара па нутраных і дзіцячых хваробах Палонскага Лейбы (Льва) Мордухавіча (Маркавіча). У 1916—1917 тут месьцяцца кабінэт асобнаўпаўнаважанага камандаваньня Заходняга фронту Ўсерасейскага земскага саюзу, кантрольны аддзел камітэту Ўсерасейскага земскага саюзу, статыстычны аддзел Усерасейскага земскага саюзу дапамогі хворым і параненым вайскоўцам, кабінэт загадчыка аддзелу атрадаў камандаваньня Заходняга фронту Ўсерасейскага земскага саюзу, улікова-гаспадарчы аддзел Усерасейскага земскага саюзу. У 1918 тут месьціцца бакалейная крама Дубаграева Акіма Сьцяпанавіча, гадзіньнікавая крама Лямпэрта В. К., крама Мендаля Ёсіфа Абрамавіча, У 1918—1921 — шавецкая майстэрня Цывеса Л. Г[2].
З 25 лютага 1918 году тут працавала Беларускае народнае прадстаўніцтва на чале з Раманам Скірмунтам.
У 1920 годзе тут месьціцца гарадзкое й павятовае бюро Наркамату юстыцыі[2].
У 1921 годзе маёмасьць нацыяналізаваная. У 1922 годзе тут месьцяцца 4 лаўкі. У 1925—1926 шавецкая майстэрня Вішнёва Герца Маісеевіча, сажная майстэрня Егера Андрэя Якаўлевіча, кравецкая майстэрня Райнеса, гадзіньнікавая майстэрня Рубінштэйна С., дзіцячы сад, кнігарня, цырульня арцелі «Мастак»[2].
У 1925—1926 уласьнік — аддзел камунальнай гаспадаркі Менскага акруговага выканаўчага камітэту (арандатар з 1 студзеня 1925 — жыльлёва-арэнднае каапэратыўнае таварыства № 10).
У 1928—1940 будынак займаюць Беларуская аддзяленьне Дзяржаўных выдавецтваў РСФСР, аддзел падпісных і пэрыядычных выданьняў беларускага аддзяленьня Дзяржаўных выдавецтваў РСФСР, Вайсковае выдавецтва беларускага аддзяленьня Дзяржаўных выдавецтваў РСФСР, вайскова-кніжная крама беларускага аддзяленьня Дзяржаўных выдавецтваў РСФСР[2]. У 1934—1935 гадах тут месьціцца крама «Ваенная кніга», пчалярская крама Наркамату земляробства БССР. У 1935—1936 кантора й групкам «Менхарчгандлю». У 1940 — цырульня «Белкааппрамсьвета»[3]..
У наш час на першы паверсе месьцяцца гандлёвыя памяшканьні, на другім і трэцім — Цэнтральнае праўленьне таварыства глухіх[4].
Архітэктура
рэдагавацьДом уяўляе сабой Г-падобны ў пляне будынак са зрэзанай вуглавой часткай. Галоўны фасад дому быў арыентаваны на былую вул. Захар’еўскую (сучасны праспэкт Незалежнасьці). Фасады аздобленыя канэляванымі пілястрамі са складанымі капітэлямі на вышыні другога й трэцяга паверхаў. Больш высокі першы паверх, другі й трэці аддзеленыя тонкапрафіляванымі карнізамі. Прасьценкі паміж арачнымі на другім паверсе й лучковымі на трэцім паверсе вокнамі дэкарыраваныя ляпным расьлінным арнамэнтам. Пачатковая пляніроўка й фасад першага паверху зьмененыя[4].
Крыніцы й заўвагі
рэдагавацьЛітаратура
рэдагавацьАб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр 712Г000023 |
- Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. — Менск: Беларус. энцыкл., 1993. — 620 с.: іл. ISBN 5-85700-078-5.
- Леанід Маракоў Галоўная вуліца Мінска. 1880-1940 гг. Кніга I.. — Мінск: Мастацкая літаратура, 2012. — 2000 ас. — ISBN 978-985-02-1426-3
- Нарысы гісторыі Беларусі. Частка 2. Мн. 1995
- С. Харэўскі, «Тапаграфія БНР», Наша Ніва, № 10, 2007