Дольнік
До́льнік — від танічнага верша, своеасаблівая пераходная форма ад сілаба-танічнай да танічнай сыстэмы вершаваньня. У дольніку звычайна ўрэгулявана колькасьць моцных месцаў (іктаў) у радках, аднак міжіктавыя інтэрвалы не аднолькавыя, як правіла, займаюць адзін-два склады. Часам могуць быць пропускі апорных (моцных) націскаў. У выніку ў дольніку выяўляецца чаргаваньне не аднолькавых стопаў, як у сілаба-танічным вершы, а няроўнаскладовых рытмічных доляў (адсюль і назва верша). Гэта павышае рытмастваральную моц апорных націскаў, а таксама значэньне словаў, на якіх стаяць такія націскі, і словазлучэньняў, аб’яднаных вакол гэтых словаў. У той жа час у дольніку так ці інакш адчуваецца мэтрычная аснова трохскладовых (радзей — двухскладовых) памераў, што не ўласьціва, напрыклад, чыста танічнаму, або акцэнтнаму, вершу. Калі колькасьць г. зв. адступленьняў ад памеру не асабліва значная, дольнік набліжаецца да сілаба-танічнага верша. І наадварот, калі колькасьць адступленьняў павялічваецца, ён далей адходзіць ад сілаба-тонікі, набліжаецца да танічнага верша.
Літаратура
рэдагаваць- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн. — Менск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2000 ас. — ISBN 985-08-0598-6
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Менск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1000 ас. — ISBN 985-11-0197-4
Гэта — накід артыкула па літаратуры. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |