Дзень сьвятога Валянціна

Дзень сьвято́га Валянці́на (Валянцінаў дзень, Дзень закаха́ных) — штогадовае сьвята, якое адзначаецца 14 лютага. Назва паходзіць ад сьвятога Валянціна, якога згадвае ў гэты дзень пад час літургіі Каталіцкая царква.

Дзень сьвятога Валянціна
міжнародная традыцыя
Дата 14 лютага
Дрэвы, упрыгожаныя сэрцайкамі да дню сьв. Валянціна

Звычайна ў гэты дзень закаханыя рассылаюць лісты з прызнаньнямі да сваіх каханых — «валянтынкі».

Рэлігійная повязь

рэдагаваць

Паводле легенды, хрысьціянскі сьвятар Валянцін жыў за часам імпэратара Кляўдыюса II Гоцкага (III ст. ад Нар. Хр.) і акрамя асноўнага пакліканьня займаўся прыродазнаўчымі навукамі і мэдыцынаю.

Ваяўнічы імпэратар Кляўдыюс нібыта лічыў, што сям’я замінае жаўнерам ваяваць за імпэрыю, таму выдаў эдыкт, якім забараняў воям жаніцца. Валянцін, насуперак гэтаму загаду, працягваў употай вянчаць усіх ахвотных. За гэта яго арыштавалі і прысудзілі да пакараньня сьмерцю. Перад пакараньнем Валянцін пасябраваў з сьляпой дачкой турэмнага вартаўніка і аздаравіў яе. Уся сям’я дзяўчыны зь ёй разам навярнулася ў хрысьціянства. Валянціна ж забілі да сьмерці, пасьля чаго адсеклі галаву, што адбылося 14 лютага[1].

Гістарычна прынамсі трое сьвятых Валянцінаў былі рымскімі мучанікамі. Адзін быў сьвятаром і лекарам у Рыме, другі — біскупам у Тэрні, трэці жыў у Эгіпце прыблізна ў 100—153 роках. Апошні быў адным з кандыдатаў на пост рымскага біскупа (то бок Папы), у сваіх пропаведзях узносіў каштоўнасьці шлюбу як увасабленьне хрысьціянскай любові. Пра акалічнасьці ягонай сьмерці і месца пахаваньня практычна нічога не вядома[2].

Рымскі Валянцін загінуў у 269 року (часы імпэратара Кляўдыюса II), тэрнійскі — у 197-м. Абодва былі пахаваныя на адных могілках (паблізу сучаснай брамы Порта дэль Паполё ў Рыме, якую цяпер часта называюць «брамай сьвятога Валянціна»). Парэшткі першага Валянціна (рымскага сьвятара і лекара) пазьней захоўваліся ў адной з цэркваў Рыму. У 1836 року Папа Рымскі Рыгор XVI перадаў парэшткі царкве ў Дубліне, де яны захоўваюцца дагэтуль. Парэшткі другога Валянціна цяпер перабываюць у базыліцы сьвятога Валянціна ў Тэрні(it), дзе ён калісь быў пастырам[2].

Лічыцца, што Дзень сьвятога Валянціна ў хрысьціянскія часы замяніў сабою паганскае сьвята люпэркаліяў (у гонар бога Фаўна альбо багіні шлюбу ды сям’і Юноны), якое адзначалася штогод 14 лютага. Замена адбылася ў 496 року на распараджэньне Папы Гелясіюса I.

Шырокую папулярнасьць у Заходняй Эўропе гэтае сьвята набыло пасьля XV стагодзьдзя. Паводле паданьня, вынаходніцтва «валянцінкі» прыпісваюць герцагу Арлеанскаму Шарлю. У 1415 року, знаходзячыся ў ангельскім палоне пасьля бітвы пад Азэнкурам, ён нібыта надсылаў зь лёнданскай вязьніцы вершаваныя любоўныя пасланьні сваёй жонцы. Адна з тагачасных «валянцінак» зьберагаецца ў Брытанскім музэі[2].

Зрэшты, у Рыма-каталіцкай царкве сьв. Валянцін афіцыйна лічыцца не заступнікам закаханых, а апекуном людзей, якія пакутуюць на нэрвовыя захворваньні: абразы часта выяўляюць Валянціна ў адзеньні сьвятара або біскупа, які аздараўляе юнака ад эпілепсіі. Паводле царкоўных паданьняў, на магіле сьв. Валянціна адзін юнак, хворы на эпілепсію, доўга маліўся і ацалеў.

Агулам рыма-каталікі шануюць 16 сьвятых Валянцінаў і дзьве сьвятыя Валянціны. У 1969 року заступнік закаханых быў выключаны з календару сьвятых як такі, чыю гістарычнасьць узялі пад сумнеў. Аднак у сучасных календарох рыма-каталіцкай царквы 14 лютага адзначаецца як дзень памяці сьв. Валянціна. Таксама 14 лютага рыма-каталікі адзначаюць Дзень сьвятых Кірылы і Мятода, якіх Папа Рымскі Ян II абвясьціў сьвятымі заступнікамі Эўропы[2].

Сьвяткаваньне ў розных краінах

рэдагаваць

Валенцінаў дзень у Ангельшчыне і Шатляндыі даўней суправаджаўся такім звычаем. Маладыя людзі клалі ў мяшэчак адпаведную іхняму ліку колькасьць квіткоў з пазначанымі на іх імёнамі маладых дзяўчатаў; пасьля кожны вымаў адзін такі квіток. Дзяўчына, імя якой даставалася такім чынам маладзёну, станавілася на наступны год ягонаю «Валянцінаю», а ён — ейным «Валянцінам». Гэта прадугледжвала на цэлы год стасункі між маладымі людзьмі, падобныя да тых, якія ў сярэднявечных раманах існавалі між рыцарам і ягонай «дамаю сэрца» (скрозь суправаджаў яе, складаў ёй санэты, граў на лютні і да т. п.). Пра гэты звычай згадвае ў сваёй знакамітай песьні шэксьпіраўская Афэлія. Імаверна, ён яшчэ дахрысьціянскага паходжаньня. І дагэтуль Валянцінаў дзень у Шатляндыі ды Ангельшчыне дае моладзі нагоду для разнастайных жартаў ды забаваў[3].

У Ангельшчыне існавала павер’е, паводле якога першы мужчына, якога сустракала дзяўчына 14 лютага, павінен быў стаць ейным Валянцінам — хацелася ёй таго або не. Але дзяўчаты знайшлі выхад з сытуацыі: у гэты дзень яны гулялі з завязанымі вачыма.

У Ўэйлзе ў гэты дзень дарылі адно адному драўляныя лыжкі з выразанымі сэрцамі, ключамі і адтулінамі ад ключа, што мела сымбалізаваць просьбу: «Адчыні маё сэрца»[1].

Італьянцы ў Дзень сьвятога Валянціна лічаць сваім абавязкам дараваць каханым слодычы. У Італіі гэты дзень так і называюць — «салодкі». На радзіме сьвятога Валянціна ў Тэрні ў бліжэйшую да 14 лютага нядзелю адбываецца Сьвята заручынаў: у катэдры сотні заручаных параў ля грабніцы сьв. Валянціна прысягаюць адно адному ў вернасьці.

Палякі ў гэты дзень адведваюць Познань. Там, паводле павер’я, ляжаць мошчы сьвятога Валянціна, а над галоўным прастолам вісіць ягоны цудадзейны абраз. Палякі вераць, што паломніцтва да яго дапамагае ў любоўных справах.

Немцы лічаць Валянціна апекуном псыхічна хворых, упрыгожваюць у гэты дзень усе лякарні чырвонымі стужкамі, а ў капліцах праводзяць адмысловыя набажэнствы.

У ЗША сьвята адзначаюць з 1777 року. Амэрыканка Эстэр Гоўлэнд(en) лічыцца вынаходніцаю сучасных «валянтынак» — яна ўпершыню пачала высылаць гатовыя віншаваньні з Днём сьвятога Валянціна, а пазьней стварыла фірму па іхнім выпуску[1].

У Японіі сьвята зьявілася пасьля Другой сусьветнай вайны. На гэты дзень жанчыны і дзяўчаты даруюць мужчынам і хлапцам слодычы, пераважна шакаляд. Кожная дзяўчына павінна сама прыгатаваць для каханага шакалядныя цукеркі і падараваць іх. Нават пры жаданьні падараваць каханаму ў гэты дзень іншы падарунак яна абавязаная прыкласьці да яго чорны шакаляд або цукеркі. Японцы лічаць, што толькі салодкі шакаляд здольны перадаць сілу каханьня. Такая традыцыя склалася дзякуючы аднаму прадпрымальніку, які выпусьціў да Дня сьвятога Валянціна багата шакалядных слодычаў у выглядзе сэрца з надпісам «14 лютага». Слодычы могуць быць двух відаў:

  • гіры-чока — яе даруюць сябрам, калегам і родным мужчынскай стаці. Такі падарунак ня мае любоўнага падтэксту і ўспрымаецца як ветлівасьць.
  • хон-мэй — даруюць толькі каханым.

Стаўленьне ўсходніх цэркваў

рэдагаваць

У календары Ўсходніх Цэркваў (Праваслаўнай) 14 лютага ўзгадваюцца толькі сьвятыя Трыфан, Пэрпэтуя, Сатыр, Рэвакат, Сатурніл, Сэкунд, Фэліцытата, Пётар і Вэндыміян.

Сьвята і маркетынг

рэдагаваць

Глядзіце таксама

рэдагаваць
  1. ^ а б в Дзям’янка, Антоні (5 чэрвеня 2017) Пра дзень сьвятога Валянціна і традыцыю «валянцінак» Catholic.by. Менска-Магілёўская архідыяцэзія Рымска-каталіцкага касьцёлу ў Рэспубліцы БеларусіПраверана 14 лютага 2019 г.
  2. ^ а б в г Washington ProFile. (14 лютага 2007) День Святого Валентина (укр.) Web-журнал «Інтелектус». Патентбюро. Праверана 13 лютага 2019 г.
  3. ^ Антошевський, Тарас (12 лютага 2003) День святого Валентина чи свято комерції? (укр.) Релігійно-інформаційна служба України. Інститут Релігії та Суспільства Українського Католицького Університету. Праверана 13 лютага 2019 г.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць

  Дзень сьвятога Валянцінасховішча мультымэдыйных матэрыялаў