Данута Седзікуўна

польская падпольніца, мэдсястра

Данýта Седзікýўна (па-польску: Danuta Siedzikówna; поўнае імя: Данута Хэлена Седзік, псэўданім Інка (Inka); 3 верасьня 1928, вёска Гушчэвіна, Гайнаўскі павет, Польшча — 28 жніўня 1946, Гданьск, Польшча) — польская санітарка Арміі Краёвай, падпольніца, ахвяра камунісцкага рэжыму. Расстраляная ў 17-гадовым веку польскай бясьпекай. Пасьмяротна атрымала званьне падпаручніцы Польскага войска[2].

Данута Седзікуўна
Danuta Siedzikówna
Імя пры нараджэньні Danuta Helena Siedzik
Род дзейнасьці санітарка, падпольніца, падпаручніца
Дата нараджэньня 3 верасьня 1928(1928-09-03)[1]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 28 жніўня 1946(1946-08-28)[1] (17 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці агнястрэльная рана[d]
Месца пахаваньня
Грамадзянства Польшча
Занятак мэдыцынская сястра
Псэўданім Інка
Узнагароды
Камандорскі крыж ордэна Адраджэньня Польшчы

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Данута Седзікуўна была дачкой палясоўніка Вацлава Седзіка і Яўгеніі Тымінскай[3]. Мела дзьве сястры Веславу і Ірэну. Навучалася ў школе ў Нараўцы[3].

Падчас вайны, 10 лютага 1940 году, ейны бацька быў дэпартаваны Саветамі ў працоўны лягер у рамках першай вялікай дэпартацыі жыхароў Крэсаў на Ўсход. Адтуль трапіў у толькі што створанае войска Ўладзіслава Андэрса. Памёр 6 чэрвеня 1943 году ў Тэгеране. Ейная маці супрацоўнічала з Арміяй Краёвай, у лістападзе 1942 году была арыштаваная гестапа, а ў верасьні 1943 году расстраляная ў лесе пад Беластокам[4].

Падчас вайны Данута Седзікуўна навучалася ў школе сясьцёр-салезіянак у Ружаныстоку каля Дамбровы Беластоцкай. У сьнежні 1943 году разам зь сястрой Веславай уступіла ў Армію Краёвую, дзе прайшла мэдычныя курсы[4]. З кастрычніка 1944 году працавала пісаркай у Гайнаўскім лясьніцтве[4].

Разам зь іншымі супрацоўнікамі лясгасу арыштаваная ў чэрвені 1945 году за супрацоўніцтва з антыкамуністычным падпольлем групай НКВД-УБ. Яе вызваліў з-пад канвою віленскі патруль Арміі Краёвай, які дзейнічаў у гэтым раёне. У той час Данута ўзяла псэўданім «Інка»[5].

На мяжы 1945—1946 гадоў, з падробленымі дакумэнтамі на імя Дануты Абуховіч, яна пачала працаваць у Міломлынскім лясьніцтве Аструдзкага павету[6].

Увесну 1946 году была накіраваная па мэдыкамэнты ў Гданьск. Там раніцай 20 ліпеня 1946 году «Інка» была схопленая службамі бясьпекі і арыштаваная. Яе зьмясцілі ў турму ў Гданьску як спэцвязьнярку. Падчас сьледства (пад кіраўніцтвам Яна Волкава і Юзэфа Біка) яе зьбівалі і зьневажалі; нягледзячы на ​​гэта, яна адмовілася даваць паказаньні супраць сябраў брыгады Віленскай Арміі Краёвай[6].

Данута Седзікуўна была прысуджаная да расстрэлу 3 жніўня 1946 году Ваенна-акруговым судом пад кіраўніцтвам маёра Адама Гаеўскага[7]. У сакрэтным пасланьні сёстрам Мікалаеўскім з Гданьску незадоўга да сьмерці «Інка» пісала: «Перадайце маёй бабулі, што я паводзіла сябе як трэба»[7].

Абаронца Дануты Ян Хмялоўскі папрасіў памілаваньня ў прэзыдэнта Баляслава Берута. Гэты дакумэнт быў адрэдагаваны і падпісаны абаронцам і часткова напісаны ад першай асобы. «Інка» самастойна адмовілася пісаць такую ​​заяву. 19 жніўня Баляслаў Берут не скарыстаўся правам памілаваньня[6]. Прысуд выкананы 28 жніўня 1946 году[7].

Месца пахаваньня

рэдагаваць

Да 2014 году месца пахаваньня Дануты Седзікуўны было невядомае. У верасьні таго ж году ў рамках працы групы па пошуку невядомых месцаў пахаваньня ахвяраў камунісцкага тэрору Інстытуту нацыянальнай памяці на Гарнізонных могілках у Гданьску была знойдзеная безыменная магіла, у якой як мяркуецца, знойдзеныя парэшткі Дануты Седзікуўны і расстралянага разам зь ёй Фэлікса Сэльмановіча. У дачыненьні да Дануты Седзікуўны гэтая інфармацыя канчаткова пацьвердзілася 1 сакавіка 2015 году[8].

28 жніўня 2016 году на Гарнізонных могілках у Гданьску адбылося ўрачыстае дзяржаўнае пахаваньне Дануты Седзікуўны і Фэлікса Сэльмановіча[8].

Узнагароды

рэдагаваць

Камандорскі крыж ордэна Адраджэньня Польшчы — пасьмяротна 11 лістапада 2006 году прэзыдэнтам Рэспублікі Польшчы Лехам Качынскім за выдатныя заслугі ў справе незалежнасьці Польшчы[9].

  1. ^ а б в Deutsche Nationalbibliothek Record #1033253278 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  2. ^ «Danuta Siedzikówna „Inka“». Instytut Pamięci Narodowej.
  3. ^ а б «Siedzikówna Danuta». Gedanopedia.pl.
  4. ^ а б в «Okupacje Musimy zachować się jak trzeba». Instytut Pamięci Narodowej.
  5. ^ «Ostatnia misja». Instytut Pamięci Narodowej.
  6. ^ а б в «Stalinowski mord sądowy: 65 lat temu na karę śmierci skazano sanitariuszkę AK». Newsweek.pl (2 жніўня 2011 году).
  7. ^ а б в «Wyrok — Inka». Instytut Pamięci Narodowej.
  8. ^ а б «Sprawa karna przeciwko Danucie Siedzikównie ps. Inka». Instytut Pamięci Narodowej.
  9. ^ «M.P. 2007 nr 18 poz. 208». Internetowy System Aktów Prawnych.