Грамадзяне Польшчы

польскі грамадзкі рух

«Грамадзя́не По́льшчы» (па-польску: Obywatele RP) — грамадзкі рух у Польшчы, які ад 2016 году цыклічна пратэстуе супраць кансэрватыўнай кіруючай партыі «Права і справядлівасьць». Рух стаў вядомым дзякуючы арганізацыі так званай «kontrmiesięcznicy», штомесячнага пратэсту супраць маршу ў памяць пра ахвяраў Смаленскай авіякатастрофы 2010 году, на якім выступае лідэр партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Качынскі.

Рух «Грамадзяне Польшчы» вядомы таксама пратэстам супраць польскіх арганізацыяў, якія прапагандуюць нацыяналізм і нацызм.

У лютым 2017 году, калі ў падляскім горадзе Гайнаўцы адбываўся Марш праклятых салдат з партрэтамі жаўнера польскага антыкамуністычнага падпольля Рамуальда Райса «Бурага»[1], «Грамадзяне Польшчы» пратэставалі супраць гэтага мерапрыемства[2], зазначаючы, што на руках «Бурага» — кроў прадстаўнікоў беларускага і праваслаўнага цывільнага насельніцтва з ваколіц Гайнаўкі. У чэрвені 2017 году «Грамадзяне Польшчы» прысутнічалі на царкоўнай працэсіі ўкраінцаў Пярэмышлю памяці воінаў-пятлюраўцаў, на якую ў 2016 годзе напалі польскія нацыяналісты[3].

Мэтадам супраціву руху зьяўляюцца акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня. Умовай удзелу ў руху зьяўляецца падпісаньне «Грамадзянскай дэклярацыі», у якой, у прыватнасьці, гаворыцца: «Кожны мае права адмовіцца падпарадкоўвацца тыраніі, дзяржаве, якая парушае ягоную годнасьць, парушае законы і важныя для яго каштоўнасьці, дзяржаве, якая зьяўляецца бяспраўем. Ня кожнай уладзе трэба падпарадкоўвацца».

У студзені 2018 году рух зьвярнуўся да «Кааліцыі дэмакратычных партыяў» Польшчы, патрабуючы правядзеньня адкрытых праймэрыз у сьпісах партыяў напярэдадні выбараў у органы мясцовага самакіраваньня, якія павінны адбыцца ў Польшчы восеньню 2018 году[4].

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць