Гаста
Гаста па-лацінску: hasta) — у шырокім сэнсе — старажытнарымская, першапачаткова сабінская, дзіда. Значэньне назвы, як і шэрагу іншых відаў рымскай зброі, у розныя пэрыяды было розным.
Рымскі паэт III у. да н. э. Эній згадвае гасту ў яе агульнараспаўсюджаным значэньні — як кідальная зброя, ад якое атрымалі сваю назву гастаты, хоць дзіда трыарыяў таксама звалася «hasta». Але да часу Палібія гастаты былі ўзброеныя ўжо пілюмамі, назва якіх таксама неадназначная. Пад гастай («hasta velitaris») разумеўся таксама дроцік лёгкае пяхоты. Пазбаўленьне салдатаў гасты азначала іх разжалаваньне ў вэліты. На сёньняшні дзень лічыцца, што спачатку рымляне былі ўзброены цяжкімі ўдарнымі дзідамі, якія мабыць і былі ўласна гастамі, а пазьней сталі пераўзбройвацца лёгкімі кідальнымі (пілюмамі, гэзамі й інш.) — спачатку гастаты ў IV ці III ст. да н. э., потым прынцыпы да канца III ст. і трыарыі у канцы II ці пачатку I ст. да н. э.
Фэцыялы сымбалічна кідалі скрываўленую гасту на варожую тэрыторыю для абвяшчэньня вайны. Адмысловая гаста без наканечніка («hasta pura» — літаральна «чыстая») у раньнюю эпоху была рымскаю баявою ўзнагародаю, якая прысуджалася таксама прыміпілам пасьля завяршэньня службы. Была яшчэ «celibaris hasta» — дзіда, якой быў забіты пераможаны глядыятар, ужываная, як паведамляе Авідый, па традыцыі для абразаньня валасоў нявесты. На грамадзкім гандлі ўваткнутая ў зямлю гаста сымбалічна аб’яўляла пачатак угодаў («subhastationes») і таксама па звычаі стаяла перад судом цэнтумвіраў («hasta centumviralis»).