Пілюм
Пілюм (па-лацінску: pilum, мн. л. pila) — кідальная дзіда, якая знаходзілася на ўзбраеньні легіёнаў Старажытнага Рыму. Марый зрабіў пілюм неабходнаю часткаю ўзбраеньня ўсякага легіённага жаўнера. Пілюм складаўся з тронка й жалезнага наканечніка, які па першапачатковай канструкцыі ўраўноўваўся па даўжыні тронку. Тронак напалову ўсаджваўся ў наканечнік, так што агульная даўжыня дзіды складала прыблізна сажань (~2 мэтры). У часы Цэзара існавалі розныя перайначваньні першапачатковага тыпу; наканечнік рабіўся то даўжэй, то карацей. Даўжыня з наканечнікам парадку 2 мэтраў, наканечнік 60—100 гл, дыямэтар наканечніка парадку 7 мм. Маса — 2—4 кг.
Ужываньне
рэдагавацьПры нападзе жаўнеры кідалі дзіды ў супраціўніка, і, нават калі пілюм не наносіў непасрэдных пашкоджаньняў супраціўніку, ён захрасаў у шчыце, што стварала вялікія нязручнасьці для супраціўніка ў блізкім бою. Пілюм адмыслова кідалі так, каб ён патрапіў у шчыт супраціўніка, мяккі наканечнік захрасаў у шчыце й прагінаўся пад вагаю тронка, пасьля чаго падасьпеўшы легіянэр ставаў на яго нагою й адцягваў шчыт супраціўніка ўніз, зьяўляўся пралом для нанясеньня колючага ўдару мячом ці дзідаю. Нават калі легіянэр не пасьпяваў наступіць нагою на пілюм, супраціўнік часам быў змушаны кінуць свой шчыт, паколькі пілюм вельмі абцяжарваў рух. У рукапашным бою (у якасьці звычайнай дзіды) пілюм не выкарыстоўваўся. Хоць у бітве пры Фарсале па загадзе Цэзара пяхота супраць коньніцы Пампэя ўжыла арыгінальную тактыку бою: пяхотнікі выкарыстоўвалі пілюм як звычайную дзіду, заколвалі ім канёў і вершнікаў.