Гарадоцкае ўзвышша
Гарадоцкае ўзвышша — узвышша на паўночным усходзе Беларусі, уваходзіць у склад Беларускага Паазер’я. Займае частку Віцебскага, Лёзьненскага і Шумілінскага раёнаў Віцебскай вобласьці. На поўначы адгор’і Гарадоцкага ўзвышша заходзяць на тэрыторыю Расеі і зьліваюцца зь Невельскім узвышшам (раней дасьледнікі лічылі іх адным узвышшам і называлі Невельска-Гарадоцкім). Працягласьць з поўначы на поўдзень 60—70 км, з захаду на ўсход 40—45 км. Плошча 3,3 тыс. км². Максымальная вышыня 259 м над узроўнем мора. Узвышша прыўзьнятае над суседнімі нізінамі на 100 м.
Мяжуе зь Віцебскім узвышшам на поўдні, Сураскай нізінай на ўсходзе і Полацкай нізінай на захадзе.
У фармаваньні рэльефу ўдзельнічалі ледавікі ўсіх зьледзяненьняў, канчаткова аформленае ў час адступаньня паазерскага ледавіка (браслаўская стадыя). Паверхня — сыстэма канцова-марэнавых градаў даўжынёй 8—10 км, шырынёй 2—3 км, падзеленых глыбокімі рачнымі далінамі, западзінамі і лагчынамі. Трапляюцца адзінкава і ў групах камавыя ўзгоркі вышынёй да 20 м са стромкімі (да 30°) схіламі.
Карысныя выкапні: керамічныя гліны, пяскова-жвіровы матэрыял, торф.
Асноўныя рэкі: Обаль з Усысай, Чарняўкай, Чарнуйкай, Аўсянка, Лужасьнянка (басэйн Заходняй Дзьвіны), на ўсходнім схіле ўзвышша пачынаецца рака Ловаць. Найвялікшыя азёры: Езярышча, Лосьвіда, Коша, Вымна, Заронава.
Пад ральлёй каля 25 %, пад лесам да 30 % тэрыторыі; лясы яловыя, вытворныя бярозавыя, асінавыя, шэраалешнікавыя.
На тэрыторыі ўзвышша месьцяцца зоны адпачынку «Езярышча», «Заронава» і іншыя, працуе турыстычна-аздараўленчае ўнітарнае прадпрыемства «Лосьвіда».
Літаратура
рэдагаваць- Гарадоцкае ўзвышша // Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992. — С. 54—55.
- Городокская возвышенность // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.