Віцебская даўніна
«Ві́цебская даўніна́» (па-расейску: Витебская старина) ― зборнік дакумэнтаў па гісторыі Віцебшчыны XI-XIX стагодзьдзяў, сабраных гісторыкам і краязнаўцам стацкім дараднікам Аляксеем Парфёнавічам Сапуновым.
Стварэньне
рэдагавацьНастаўнік віцебскае гімназіі, а пазьней службовец Віцебскага архіву старажытных актаў Аляксей Парфёнавіч Сапуноў, удзельнік стварэньня Віцебскай вучонай архіўнай камісіі (1909) і Віцебскага царкоўна-археалагічнага музэю (1893), усё сваё творчае жыццтё прыствяціў Віцебшчыне. Асноўная ягоная праца ― зборнік дакумэнтаў «Віцебская даўніна».
Гістарычных матэрыялаў у Сапунова набралася на 6 тамоў, але вышлі толькі 3.
Зьмест
рэдагавацьПершы том, які выйшаў ў 1883 годзе, зьмяшчае дакумэнты выключна пра Віцебск: урыўкі зь летапісаў, інвэнтары места, дамовы, граматы, прывілеі места й віцебскіх князёў, Віцебскі летапіс Панцырнага-Аверкі, статыстычныя зьвесткі пра жыхароў места, дакумэнты Траецкага Маркавага манастыра, сьпісы віцебскіх ваяводаў і кашталянаў, праваслаўных і вуніяцкіх япіскапаў, ўказы ўраду Расейскай імпэрыі, якія тычацца Віцебску й Віцебскае губэрні, габрэяў, якія жылі тут, дакумэнты пра Віцебскае паўстаньне 1623 году, вайну 1812 году й інш.
У 4-м томе (у 2-х частках, 1885) апублікаваныя дакумэнты пра падзеі на Віцебшчыне пад час Лівонскай вайны й вайны між Расеяй і Рэччу Паспалітай (1654-1667).
У 5-м томе (1888) зьмешчаныя матэрыялы па гісторыі Полацкай япархіі, скасаваньні вуніяцкай царквы.
2-і й 3-і тамы ня выйшлі. У іх Сапуновым меркавалася ўключыць матэрыялы па гісторыі астатніх мястэчкаў Віцебскае губэрні, увесь 6-ы том павінны быў складаць вялікі нарыс пра Віцебскую губэрню з паказальнікамі й дадаткамі.
Тамы, якія выйшлі, добра ілюстраваныя малюнкамі помнікаў дойлідзтва, мапамі, партрэтамі гістарычных асобаў, якія маюць дачынентне да гісторыі Віцебшчыны. Большасьць дакумэнтаў была апублікаваная ўпершыню, арыгіналы многіх да цяперашняга часу не захаваліся.
У 1911―1916 гадах у Віцебску выходзіў зборнік архіўных дакумэнтаў «Полацка-Віцебская даўніна» (да 1910 года - «Працы Віцебскай вучонай архіўнай камісіі»), які выдаецца Віцебскай вучонай архіўнай камісіяй.
Выданьні
рэдагаваць- Сапунов А. П.. Витебская старина. — Витебск: Типография губернского правления, 1883. — Т. 1. — 625 с.
- Сапунов А. П. Витебская старина: Материалы для истории Полоцкой епархии. — Витебск: Типография губернского правления, 1888. — Т. 5; Ч. 1. — 762 с.
Літаратура
рэдагаваць- Грыцкевіч, А. П. «Віцебская даўніна». // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 2: Беліцк — Гімн. — 537 с. — ISBN 5-85700-142-0 — С. 325.
- Стукалич В. К. А. П. Сапунов. К 25-летию его учёной и литературной деятельности. — Витебск, 1905. — 39 с.
- Улащик Н. Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. ― М., 1973. С. 230—239.
- Улащик Н. Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. — М., 1985.
- Шумейко М. Ф. История белорусской археографии / Археография: курс лекций. — Мн.: БГУ, 2005.