Вінцэнт Рэвут

фальклярыст, паэт і пісьменьнік, прадстаўнік рамантызму

Вінцэнт (Вінцэнты) Рэвут, Вікенцій Уладзіслававіч Рэвут, таксама вядомы як Газдава-Рэвут (па-польску: Wincenty Reutt Gozdawa; каля 1812 — пасьля 1883) — фальклярыст, паэт і пісьменьнік, прадстаўнік рамантызму.

Вінцэнт Рэвут
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся каля 1812
Памёр не раней за 1883
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэт, фальклярыст, пісьменьнік

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Род Рэвутаў гербу «Газдава» вядомы ў Полацкім павеце з пачатку XVI ст. У 1827—1834 гг. Вінцэнт служыў у Віцебскім губэрнскім упраўленьні, пасьля ў Дваранскім дэпутацкім сходзе. У 1830-х гадах меў добрае матэрыяльнае становішча, купіў маёнтак Мосар на 233 душы, у 1839—1842 гг. быў маршалкам шляхты Полацкага павету. Да 1860-х гадоў маёмаьсць страціў. Перад паўстаньнем 1863—1864 гг. жыў у маёнтку Сасноўскіх Усьвіцы каля вёскі Рукшаніц, часта наведваў маёнтак Камёнкаў Асінаўку[1]. Часам граў на аргане ў Рукшаніцкім касьцёле, у т.л. патрыятычныя мэлёдыі[1]. Езьдзіў па паветах і губэрнях, распаўсюджваў патрыятычную літаратуру, уладамі ацэньваўся як нелаяльны[1].

Пасьля паўстаньня 1863—1864 гг. быў арыштаваны па справе Евы Камёнкі, абвінавачваўся ў нелаяльнасьці і бунтарстве. Абвінавачваньняў не прызнаў, паказваў, што ў час паўстаньня быў у Полацку і цяжка хварэў, паліцыя не здолела даказаць яго удзел. Хочучы спачатку адсудзіць Вінцэнта да высылкі, потым да штрафу, урэшце, з-за адсутнасьці ў яго грошай, вызвалілі пад нагляд паліцыі, пад якім ён заставаўся да 1869 году. Пры гэтым многія сваякі Рэвута ўдзельнічалі ў паўстаньні.[1]

З перапіскі Рэвута з Ігнатам Леватовічам стала вядома пра сустрэчы у 1839 годзе беларускіх літаратараў у Санкт-Пецярбургу, Я. Баршчэўскага, Р. Падбярэскага і іншых, з Тарасам Шаўчэнкам.

Творчасьць

рэдагаваць

Літаратурнай дзейнасьцю займаўся з 1840-х гадоў. Супрацоўнічаў з пецярбурскім альманахамі «Rocznik Literacki» (рэдактар Р. Падбярэскі) і «Niezabudka» (рэдактар Ян Баршчэўскі), з віленскім альманахам «Rubon» (рэдактар К. Буйніцкі). Найбольш значны твор Рэвута — вершаваная аповесьць «Жонка», надрукаваная ў 2-м томе «Rocznik Literacki» (1844).

  1. ^ а б в г Кісялёў Г. В. Радаводнае дрэва… С. 85-103.

Літаратура

рэдагаваць
  • Кісялёў Г. В. Радаводнае дрэва: К. Каліноўскі — эпоха — наступнікі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 301 с.
  • Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Беларуская польскамоўная паэзія XIX стагодзьдзя. — Мн., 1998.