Віктар Астроўскі

Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Астроўскі (неадназначнасьць).

Ві́ктар Астро́ўскі (28 жніўня 1912, в. Засімавічы, Пружанскі павет, Гарадзенская губэрня, сёньня Пружанскі раён, Берасьцейская вобласьць — 31 жніўня 1975, Лёндан, Вялікабрытанія) — беларускі грамадзкі дзяяч на эміграцыі, публіцыст, картограф. Сын Радаслава Астроўскага.

ЖыцьцяпісРэдагаваць

Вучыўся на факультэце права Віленскага ўнівэрсытэту імя Стэфана Баторыя, быў чальцом Беларускага студэнцкага саюзу, арганізацыі «Скарынія». Скончыў агранамічны факультэт Познанскага ўнівэрсытэту (інжынэр-аграном).

У кастрычніку 1939 року ў Вільні арыштаваны і асуджаны на 8 гадоў лягераў (тэрмін адбываў у Варкуце, Расея). Яго маці, Антаніна Астроўская, загінула ў лягеры ў Казахстане. Уцёкшы зь лягеру, прайшоў пешкі 300 км. З канца 1941 у Арміі Андэрса (2-гі Польскі корпус), у складзе якой прымаў удзел у штурме Монтэ-Касіна (Італія, травень 1944 р.).

З 1946 жыў у Вялікабрытаніі, працаваў у вугальных шахтах, потым на працягу 20 гадоў — у друкарні апэратарам машынаў.

ДзейнасьцьРэдагаваць

Займаўся вывучэньнем картаграфіі Беларусі. Аўтар шэрагу кніг па беларускай картаграфіі і старажытных назвах Беларусі, а таксама публіцыстычных брашур і артыкулаў, прысьвечаных гісторыі XX ст. і скіраваных супраць апанэнтаў БЦР — Рада БНР. Усе кнігі выдаваў за ўласны кошт.

У 1960-х гг. займаўся выданьнем часопісу «Аб’еднаньне». Зьбіраў калекцыю картаў, якая пасьля ягонай сьмерці была перададзеная ў Скарынаўскую бібліятэку.

ТворыРэдагаваць

  • На крывіцкім панадворку (псяўдонім Аркадзь Прадуха). Лондан, 1956. — 15 стар. машынапісу (Бібліятэка царквы БАПЦ святога Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку)
  • Russia the suburb of hell from Ivan Kalita to Khrushchev Nikita. — London, 1961 — 84 s.
  • ŽYDY na Bielarusi i Ukrainie (krynicy anty-semityzmu). KAMPILACYJA. — London, 1967. — 20 стар. машынапісу (Б-ка царквы БАПЦ сьв. Кірылы Тураўскага ў Нью-Ёрку)

ЛітаратураРэдагаваць

  • Гардзіенка, Н. Беларусы ў Вялікабрытаніі / Рэдактар Алег Гардзіенка. — Мн.: Медысонт. — Т. 2010. — С. 520. — (Бібліятэка Бацькаўшчыны; Кніга 18).