Вярбілава (Пустошкінскі раён)

вёска ў Пустошкінскім раёне Пскоўскай вобласьці Расеі

Вярбілава — колішняе мястэчка, сёньня вёска ў Пустошкінскім раёне Пскоўскай вобласьці Расеі. Вёска разьмешчана за 22 км на паўночны захад ад гораду Пустошкі каля Вярбілаўскага возера. Уваходзіць у склад Алольскага сельскага паселішча. Гэтая мясцовасьць гістарычнай Полаччыны заставалася ў складзе Вялікага Княства Літоўскага і была самай паўночнай часткай княства.

Вярбілава
Першыя згадкі: 1503
Краіна: Расея
Суб’ект фэдэрацыі: Пскоўская вобласьць
Муніцыпальны раён: Пустошкінскі
Сельскае паселішча: Алольская воласьць
Насельніцтва: 398 чал. (2000)
Часавы пас: UTC+3
Паштовы індэкс: 182303
Нумарны знак: 60
Геаграфічныя каардынаты: 56°27′11″ пн. ш. 29°4′58″ у. д. / 56.45306° пн. ш. 29.08278° у. д. / 56.45306; 29.08278Каардынаты: 56°27′11″ пн. ш. 29°4′58″ у. д. / 56.45306° пн. ш. 29.08278° у. д. / 56.45306; 29.08278
Вярбілава на мапе Расеі
Вярбілава
Вярбілава
Вярбілава

Гісторыя

рэдагаваць

Першая згадка пра Вярбілава адносіцца да пачатку XVI ст. у сувязі зь літоўска-маскоўскай вайной. Дзеля сканчэньня вайсковых дзеяньняў вялікі князь Аляксандар у лісьце ад 2 красавіка 1503 году да свайго цесьця маскоўскага князя Івана ІІІ пазначыў умовы, пры якіх магчымае замірэньне і сярод іх прапанаваў: «тебе Иоану… наших земель… города Полоцка и волостей, Мошников, Дриссы, Освея, Нещорды, Непоротовичь, Вербиловы слободы, Кубка, Вязьмы, Клина, Ситнян, Лисна, Себежа, Замошенья, — в тые перемирные лета, шесть лет, не воевати и не защепляти ни чим.»

Паводле рэвізіі Полацкага ваяводзтва 1552 году зямлёй у Вярбілаве валодаў Дзьмітры Корсак: «Той жа пан Дзьмітры Корсак мае іменьне айчызнае на імя Ластовіца двор … К таму ж двару людзі айчызныя сёлы на рубяжы маскоўскім Вярбілава, Загор’е, Яса, Колпіна. У тых сёлах дымоў 62, з тых людзей яму прыходзіць 11 коп і грошай 12».

Землі ў Вярбілаве заставаліся ў валоданьні баярскага роду Корсакаў, пакуль адзін зь іх — Язэп Корсак, які пазьней стаў мсьціслаўскім ваяводам — не падараваў іх 19 жніўня 1634 году манахам-базылянам зь Беразьвечча. Ад таго часу яны належалі базылянскаму манастыру аж да 1839 году, калі былі далучаныя да дзяржаўнае маёмасьці.

У 1693 годзе ўніяцкі архібіскуп Полацкі Гаўрыла Календа асьвяціў у Вярбілаве збудаваную бярэзьвецкімі базылянамі манастырскую царкву Покрыва Найсьвяцейшай Багародзіцы.

Пры вярбілаўскім манастыры базылянаў паводле пастановы 1810 году функцыянавалі школа і сьвецкая вучэльня, якія ўтрымліваліся коштам прыбыткаў з манастырскае маёмасьці.

Пасьля скасаваньня Уніі вучэльня была зачыненая. З 1884 году мужчынскі праваслаўны манастыр, даведзены манахамі-п’яніцамі да руіны, быў ператвораны ў жаночы. Толькі ў 1900 годзе пры ім зноў адчынілася парафіяльная школка, у якой было 3 клясы, дзе навучалі асновам матэматыкі і пісьменнасьці. Праіснавала школка да 1910 году, калі была пераведзеная ў суседнюю вёску Алоль. Заштатны жаночы манастыр існаваў да 1917 году.

За савецкім часам у манастырскіх будынках спачатку месьцілася школа, пасьля вайны — дзіцячы прытулак, а потым — псыханэўралягічная лякарня. Сёньня тут месьціцца дом міласэрнасьці для састарэлых. Ніводная з цэркваў у Вярбілаве не захавалася.

Насельніцтва

рэдагаваць

Колькасьць насельніцтва ў 2000 годзе складала 398 чал.