Вялікі шаўковы шлях
Вялі́кі шаўко́вы шлях (па-кітайску: 絲綢之路, па-ўзбэцку: Буюк Ипак Йўли, па-казаску: Жібек Жолы, па-пэрсыдзку: جاده ابریشم, па-арабску: طريق الحرير, гіндзі: रेशम मार्ग) — у старажытнасьці і сярэднявеччы караванная дарога з Кітаю ў краіны Сярэдняй і Пярэдняй Азіі. Адкрыты ў II стагодзьдзі да н. э. Вёў з Сыяню праз Ланьчжоў у Дуньхуань, дзе падвойваўся: паўночная дарога праходзіла праз Турфан, перасякала Памір і йшла ў Фэргану і казаскія стэпы, паўднёвая — паўз возера Лабнор па паўднёвай ускраіне пустыні Такла-Макан празь Яркенд і паўднёвы Памір вяла ў Бактрыю, а адтуль — у Парфію, Індыю і на Блізкі Ўсход. Агульная працягласьць — больш за 6400 км. Тэрмін «Вялікі шаўковы шлях» увёў ва ўжытак нямецкі географ Фэрдынанд фон Рыхтгофэн у 1877.
Гандлёвыя маршруты паўсталі з ініцыятывы кітайцаў, якія шукалі ўродных коней для свайго войска. У якасьці тавара для абмену прапанавалі шоўк, фарфор, чай, парфуму ды парцаляну. Акрамя тавараў, Вялікі шаўковы шлях адыграў значную ролю ў разьвіцьці эканамічных і культурных сувязей народаў Пярэдняй Азіі, Сярэдняй Азіі і Кітая.
Праіснаваўшы паўтара тысячагодзьдзя, у рэшце рэшт Шлях страціў сваё значэньне пасьля паўстаньня Асманскай імпэрыі (1453), якая разарвала гандаль Усходу з Захадам. У выніку эўрапейскія магутнасьці былі вымушаныя шукаць альтэрнатыўныя шляхі. Дзякуючы гэтаму пачалася эпоха Вялікіх геаграфічных адкрыцьцяў, калянізацыя і глябалізацыя.
У XXI стагодзьдзі тэрмін стаў прымяняцца да некалькіх глябальных праектаў, прыкладам: Эўразійскі сухапутны мост, Адзін пояс, адзін шлях. У 2014 року ЮНЭСКО занесла частку шляху між Чананем і Цянь-Шанем у сьпіс Сусьветнай спадчыны.