Варлам Шаламаў
Варла́м Ці́ханавіч Шала́маў (па-расейску: Варла́м Ти́хонович Шала́мов; 18 чэрвеня [ст. ст. 5] 1907, Волагда, Валагодзкая губэрня, Расейская імпэрыя — 17 студзеня 1982, Масква, СССР) — расейскі савецкі пісьменьнік, журналіст, паэт, вязень ГУЛягу.
Варлам Шаламаў | |
Варлам Тихонович Шаламов | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 18 чэрвеня 1907 Волагда, Расейская імпэрыя |
Памёр | 17 студзеня 1982 (74 гады) Тушына, Масква, РСФСР, СССР |
Пахаваны | |
Бацькі | Ціхан Шаламаў[d] |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | пісьменьнік, журналіст, паэт |
Жанр | проза і паэзія |
Мова | расейская мова[1] |
Значныя творы | Калымскія апавяданьні |
Подпіс | |
https://shalamov.ru/ |
Жыцьцяпіс
рэдагавацьНарадзіўся ў Волагдзе Валагодзкай губэрні ў сям’і спадчыннага праваслаўнага сьвятара Ціхана Шаламава. Маці, Надзея Аляксандраўна, была настаўніцай. Імя атрымаў у гонар наўгародзкага сьвятога Варлаама Хутынскага. Быў малодшым зь пяці выжылых дзяцей.
У 1914 року Варлам пайшоў у гімназію. Пасьля Кастрычніцкага перавароту давучвацца давялося ў школе, якую скончыў у 1923. Сын сьвятара ня меў магчымасьці працягваць адукацыю, таму Варлам пайшоў працаваць гарбаром у Кунцаве (цяпер у складзе Масквы). У 1926 быў залічаны на факультэт савецкага права Маскоўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Тут ён увайшоў у дыскусійны студэнцкі гурток, які крытыкаваў канцэнтрацыю ўладу ў руках аднаго Сталіна. 7 лістапада 1927 року ўзяў удзел у дэманстрацыі «левай апазыцыі», прымеркаванай да 10-годзьдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Фактычна гэта быў выступ прыхільнікаў нядаўна выключанага з ЦК кампартыі Льва Троцкага супраць палітыкі Сраліна. Адным зь лёзунгаў дэманстрантаў было патрабаваньне выкананьня „запавету Леніна“ з прапановай адхіліць Сталіна ад пасады Генэральнага сакратара ЦК партыі. Дэманстрацыю разагналі, у лютым 1928 року Варлама Шаламава выключылі з унівэрсытэту „за хаваньне сацыяльнага паходжаньня“.
19 лютага 1929 року быў арыштаваны падчас хапуну ў падпольнай друкарні, абвінавачаны ў „антысавецкай агітацыі“. Сядзеў у Бутырскай турме. 22 сакавіка прыгавораны да трох гадоў выпраўленчых працаў у Вішлягу. Працаваў у новазбудаваным месьце Беразьнікі Пермскай вобласьці на будаўніцтве хімічнага камбінату. Датэрмінова вызвалены ў кастрычніку 1931 року. У Вішлягу Варлам Шаламаў пазнаёміўся з будучай жонкай Галінай Гудзь, якая прыяжджала на спатканьне з сваім маладым мужам.
У лютым 1932 року Шаламаў вярнуўся ў Маскву, працаваў журналістам. 29 ліпеня 1934 узяў шлюб з Галінай Гудзь. Пачаў пісаць вершы, прозу, у 1936 року апублікаваў сваё першае апавяданьне «Тры сьмерці доктара Аўстына».
З пачаткам масавага тэрору, 12 студзеня 1937, Шаламаў зноў арыштаваны за «контрарэвалюцыйную трацкісцкую дзейнасьць» і зноў сядзеў у Бутырскай турме. 2 чэрвеня асуджаны на пяць гадоў лягероў. Жонка Галіна таксама была сасланая да 1946 року, швагер Барыс звольнены з НКУС.
Зьняволеньне адбываў на Калыме. Працаваў у забоі, у красавіку 1939 року пераведзены на геалягічную працу, а 1941—1942 рокі працаваў на здабычы вугалю. Тэрмін зьняволеньня скончыўся ў студзені 1942 року, аднак вызваленьне зь лягероў было забароненае да сканчэньня вайны.
3 чэрвеня 1943 року зноў арыштаваны па новай крымінальнай справе за „паклёп на камуністычны лад“. Прызнаны вінаватым у антысавецкай агітацыі, прыгавораны да дзесяці гадоў лягероў з пазбаўленьнем правоў на 5 гадоў. У пачатку 1944 року ў стане надзвычайнага зьнясіленьня зьмешчаны ў шпіталь, дзе правёў зь перапынкамі амаль год. Дзякуючы заступніцтву галоўнай лекаркі больніцы застаўся пры ёй санітарам, а пасьля культурніцкім арганізатарам.
Увесну 1945 року вярнуўся на шахту. Пасьля вайны пераведзены на таёжныя нарыхтоўкі, дзе спрабаваў уцячы. Увесну 1946 року дзякуючы заступніцтву знаёмага фэльчара трапіў на працу ў санчастку, а пазьней на курсы фэльчараў. Рэшту свайго тэрміну адпрацаваў фэльчарам у больніцы.
Вызвалены датэрмінова 20 кастрычніка 1951 року. 12 лістапада 1953 року дабраўся да Масквы, але яму жыць там было забаронена, таму працаваў у Канакоўскім, пасьля Клінскім раёнах. Працягваў пісаць вершы, вялікая частка зь якіх склала зборнік „Калымскія сшыткі“. У гэты ж пэрыяд пачаў працаваць над „Калымскімі апавяданьнямі“. Разьвёўся з Галінай Гудзь, якая з дачкой Аленай засталася ў Маскве.
Рэабілітаваны па прысудах 1937 і 1943 рокаў 18 ліпеня 1956 року; па прысудзе 1929 року рэабілітаваны ў 2000 року ўжо пасьмяротна. У кастрычніку 1956 року ажаніўся з Вольгай Няклюдавай і пераехаў да яе ў Маскву. Уладкаваўся пазаштатным карэспандэнтам у часопіс „Масква“.
У верасьні 1957 року страціў прытомнасьць і патрапіў у больніцу. Атрымаў інваліднасьць па хваробе Мэньера — яшчэ дзіцячым парушэньні вэстыбулярнага апарату, ускладненым лягерамі. Пасьля гэтага ў яго пастаянна здараліся запамарокі, падзеньня, а бліжэй да канца жыцьця пачаў глыхнуць. З прычыны кепскага стану ня здолеў працягваць працу ў часопісе, і зарабляў пераважна пазаштатным рэцэнзэнтам рукапісаў, дасланых у „Новы сьвет“. Працягваў працу над „Калымскімі апавяданьнямі“. У 1961 року выйшаў ягоны першы зборнік вершаў „Огниво“, у 1964 — „Шелест листьев“.
Да 1962 року Варлам Шаламаў падрыхтаваў каля шасьцідзесяці апавяданьняў, але адзіным легальна апублікаваным „калымскім апавяданьнем“ стала мініятура „Стланик“ (часопіс „Сельская молодёжь“, 1965). Зборнікі распаўсюджваў самвыдатам. Пасьля публікацыі „Аднаго дня Івана Дзянісавіча“ Аляксандра Салжаніцына станоўча выказаўся пра аповесьць, хоць адзначыў, што Салжаніцын апісаў „лёгкі“, далёка не калымскі лягер. У 1963 року на запрашэньне прыяжджаў у госьці да Салжаніцына, аднак быў незадаволены паездкай і пазьней адмовіўся ўдзельнічаць у рабоце над „Архіпэлягам ГУЛяг“, а таксама забараніў таму любое выкарыстаньне свайго імя й матэрыялаў.
У 1966 року Шаламаў пазнаёміўся з архівісткай Ірынай Сірацінскай, зь якой завяліся доўгія стасункі, нягледзячы на шлюбы абодвух. У тым жа годзе Шаламаў разьвёўся зь Няклюдавай. У 1968 року закончыў зборнік «Воскрешение лиственницы», які прысьвяціў Сірацінскай. У 1967 выйшаў трэці паэтычны зборнік „Дорога и судьба“. У 1973 року скончыў работу над апошнім зборнікамі „Калымскіх апавяданьняў“ «Перчатка, или КР-2».
У 1966 року амэрыканскі славіст Кларэнс Браўн вывез рукапіс „Калымскіх апавяданьняў“, які быў апублікаваны ў нью-ёрскім эмігранцкім часопісе „Новый журнал“. Апавяданьні выйшлі ня ў аўтарскім парадку і з значнымі рэдактарскімі рэдагаваньнямі. У 1972 року Варлам Шаламаў асудзіў публікацыю „Калымскіх апавяданьняў“ за мяжой безь ягонага ведама ў антысавецкіх выданьнях. Ліст сканчаўся сьцьверджаньнем пра тое, што „Праблематыка «Калымскіх апавяданьняў» даўно зьнятая жыцьцём“, што нават сябры і калегі Шаламава палічылі адмаўленьнем пісьменьніка ад уласных твораў і здрадай у дачыненьні да савецкіх дысыдэнтаў, якія дагэтуль знаходзіліся ў зьняволеньні. Учынак Шаламава асудзіла нават Ірына Сірацінская; выказваліся меркаваньні, што тэкст ліста напісаў не Шаламаў ці зрабіў гэта пад прымусам. Цяпер аўтарства Шаламава практычна не выклікае сумненьняў, дыскусія вядзецца толькі пра тое, хто ініцыяваў публікацыю.
У 1972—1973 роках Варлама Шаламава прынялі ў Саюз пісьменьнікаў СССР, далі новую кватэру як пэнсіянэру й інваліду, выйшаў ягоны зборнік «Московские облака». Амаль штогод публікаваў уласныя вершы ў часопісе «Юность». У 1976 року разышоўся зь Ірынай Сірацінскай. У 1977 выйшаў апошні паэтычны зборнік «Точка кипения».
У красавіку 1979 року, пасьля таго, як абрабавалі ягоную кватэру, ён перадаў свой архіў Сірацінскай. Цягам 1970-х роках прагрэсіравала хвароба Гентынгтана, у траўні 1979 Шаламава перавезьлі ў дом састарэлых і інвалідаў. Нягледзячы на амаль поўную страту зроку і слыху, працягваў пісаць вершы. У 1981 року яму дыягнаставалі сэнільную дэмэнцыю. У студзені 1982 року перавялі ў псыханэўралягічны інтэрнат. Падчас перавозкі Варлам Шаламаў засьцюдзіўся, захварэў на пнэўманію і 17 студзеня сканаў. Пахаваны на Кунцаўскіх могілках Масквы.