Валянцін Бялькевіч

Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Бялькевіч.

Валянці́н Мікала́евіч Бяльке́віч (27 студзеня 1973, Менск, БССР — 1 жніўня 2014, Кіеў, Украіна) — беларускі футбаліст і футбольны трэнэр. У 1992—2005 гадах правёў 56 гульняў за нацыянальную зборную Беларусі. Найлепшы футбаліст Беларусі (1995). Вядомы выступленнямі кіеўскага "Дынама", дзе пазней працаваў трэнерам. Уваходзіць у Клюб Сяргея Алейнікава для беларускіх футбалістаў, якія згулялі 500 і болей афіцыйных матчаў, а таксама ў Клюб беларускіх бамбардзіраў для футбалістаў, якія забілі 100 і болей галоў на найвышэйшым узроўні[4].

Валянцін Бялькевіч
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 27 студзеня 1973(1973-01-27)[1][2][3]
Памёр 1 жніўня 2014(2014-08-01) (41 год)
Рост 1,81 м
Пазыцыя паўабаронца
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
1991—1996 Дынама Менск 86 (39)
1996—2008 Дынама Кіеў 222 (51)
2008—2009 Шамахы 5 (0)
Зборныя
1992—2005 Беларусь 56 (10)
1994—1995 Беларусь (да 21) 2 (0)

Кар’ера

рэдагаваць

Кар’ера Валянціна пачалася ў менскім «Дынама», за якое ён выступаў у 19911996 гады. У 1996 годзе перайшоў у кіеўскае «Дынама». У вышэйшай лізе Ўкраіны ў складзе «Дынама» дэбютаваў 20 ліпеня 1996 году ў матчы супраць клюбу ЦСКА.

Кар’ера Бялькевіча ў кіеўскім «Дынама» пачыналася цяжка — на працягу двух гадоў пасьля пераезду ў сталіцу Ўкраіны ён вельмі рэдка зьяўляўся ў асноўным складзе, у той час трэнэрам кіяўлянаў быў Ёжэф Саба. Сытуацыя зьмянілася зь вяртаньнем у клюб Валера Лабаноўскага.

Бялькевіч пачаў праходзіць у склад каманды, добра гуляючы з парай нападнікаў ШаўчэнкаРаброў, складаючы «ўдарны» трохкутнік «Дынама». Для гульнявой мадэлі, якую ўвасабляў у жыцьцё Лабаноўскі, Бялькевіч стаў неабходным элемэнтам сыстэмы, менавіта ён быў сувязным зьвяном паміж надзейнай і насычанай абаронай кіяўлянаў і мабільным нападам. Валянцін арганізоўваў ільвіную дзель імклівых і паражальных контарнаступаў, якія сталі фірмовым стылем «Дынама» у канцы 1990-х.

У інтэрвію Бялькевіч сказаў, што вельмі добра разумеў манеру гульні кіеўскіх форвардаў. У вышэйшай лізе за «Дынама» згуляў 224 матчы, забіў 51 мяч. У чэрвені 2008 году Бялькевіч падпісаў гадавы кантракт з азэрбайджанскім клюбам «Інтэр». Аднак атрымаўшы ў студзені 2009 году трэнэрскую ліцэнзію «А» па ўзаемнай згодзе скасаваў кантракт зь «Інтэрам» і завяршыў кар’еру гульца.

Міжнародная

рэдагаваць

У кастрычніку 2005 году Бялькевіч завяршыў выступы за нацыянальную зборную Беларусі. За зборную каманду ён адгуляў 56 матчаў і забіў 10 галоў. Пасьля завяршэньня кар’еры ў зборнай ён прыняў украінскае грамадзянства ў 2008 годзе.

Дасягненьні

рэдагаваць

Дынама Менск

Дынама Кіеў

  • Чэмпіён Украіны (7): 1997, 1998, 1999, 2000, 2001, 2003, 2004
  • Уладальнік Кубка Ўкраіны (6): 1998, 1999, 2000, 2003, 2005, 2006
  • Найлепшы гулец чэмпіянату Ўкраіны: 2001
  • Найлепшы легіянэр чэмпіянату Ўкраіны: 2001, 2002
  1. ^ а б в Valentin Belkevich // Transfermarkt (мн.) — 2000.
  2. ^ а б в Valyantsin Byalkevich // FBref.com (мн.)
  3. ^ а б в VALENTIN BELKEVICH // Argentine Soccer Database (гішп.)
  4. ^ Клуб бомбардиров. Год разбитых надежд (рас.)

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць