Ваколічная шляхта — адна з найніжэйшых груп дробнамаянтковай шляхты ў Літве XV—XIX стагодзьдзяў. Называлася таксама засьцянковай, заградовай, загонавай, шарачковай ды іншымі. Юрыдычна належала да паноўнага стану фэўдалаў, маёмасна набліжалася да стану сялянства.

Паходзіць з свабодных людзей, якія змаглі дакумэнтальна пацьвердзіць асабістую вольнасьць ад цяглавачыншавых абавязкаў. Сялілася ў адасобленых паселішчах (аколіцы, засьценкі, абрубы) на землях, не занятых гаспадарскімі дамамі й надзеламі залежных сялянаў. Зямлёй валодала паводле родава-спадчынага права, апрацоўвала яе самастойна, але нярэдка наймала ў дапамогу агароднікаў, халупнікаў ды іншых сялянаў. У канцы XVIII ст. каля 5% ваколічнай шляхты валодалі прыгоннымі. Брала удзел у ваяводска-павятовых сойміках, Паспалітым рушэньні, карысталася юрыдычнай недатыкальнасьцю, таксама брала ўдзел у надзвычайных агульназемскіх ваенных і рамонтна-будаўнічых акцыях. Набілітацыю атрымлівала паводле родавага паходжаньня падмацованага сьведкамі й каралеўска-соймавымі прывілеямі.

Вылучалася пачуцьцём уласнай годнасьці, незалежнасьці, станава-карпаратыўнай вынятковасьці і салідарнасьці. У 1796 годзе ў 8 паветах былога Вялікага Княства Літоўскага складала 61% ад усёй шляхты, у 1839 годзе ў заходніх губэрнях Расейскай імпэрыі — 56%. У 1810 годзе сярэдняя гаспадарка ваколічнага шляхціца Магілёўскай губэрні складалася з 7 душ, мела 7.7 дзесяцін зямлі, 1.8 селяніна.

Па акупацыі Вялікага Княства Літоўскага Расейскай імпэрыяй й ўвядзеньня падушных рэвізіяў, рэкруцтва, маёмаснага цэнзу пры выбарах ды іншага ў XVIII-XIX стагодзьдзях ваколічная шляхта страціла сваё станавае становішча. Актыўна брала ўдзел у вызвольным паўстаньні 1830—1830 гадоў. Указам Мікалая I ад 19 кастрычніка 1831 году выключана з дваранства і пераведзена ў катэгорыю аседлых аднадворцаў, абложаных падаткамі і рэкруцтвам. Указам ад 1 жніўня 1857 году аднадворцы на дзяржаўнай і ўласнай зямлі пераводзіліся ў дзяржаўных сялянаў.

Катэгорыя шляхты была зьнішчаная.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць