Вадаробус

аўтобус на вадародным паліве

Вадаро́бус — аўтобус, крыніцай паліва для электраматору якога служаць вадародныя паліўныя элемэнты, часам у гібрыдным варыянце з акумулятарамі або іяністарамі. Вадаробусы ўжо выкарыстоўваюцца на мескіх транспартных лініях у розных краінах сьвету, найбольш — у Кітаі.

Мадыфікаваны Irisbus Citelis на вадародным паліве ў Празе (Чэхія), 2011

Прынцып дзеяньня

рэдагаваць

Вадародныя паліўныя элемэнты вырабляюць электрычнасьць у рэакцыі вадароду з тленам у прысутнасьці каталізатара, а староньнім вынікам рэакцыі ёсьць вада. Электрычнасьць далей засілкоўвае электраматор, які круціць колы аўтобуса[1]. Вадарод мае большую шчыльнасьць энэргіі, чым літавыя акумулятары, а таму больш прыдатны для цяжкога транспарту кшталту аўтобусаў і грузавікоў[2].

Некаторыя кампаніі-вытворцы ўжываюць вадародныя элемэнты для павелічэньня запасу хады(d), спалучаючы іх з большай батарэяй або іяністарам[3]. Прыкладам, электробус Mercedes-Benz eCitaro мае дальнасьць хады 280 км, а ён жа дапоўнены вадароднай батарэяй — 400 км[4].

Вытворчасьць вадароду можа быць як «зялёнай» (з выкарыстаньнем узнаўляльнай электраэнэргіі), так і «карычневай» (спальваньнем каменнага або бурага вугалю) або «шэрай» (прапарваньнем прыроднага газу).

Параўнаньне з электробусамі

рэдагаваць

Прынцып работы вадаробусаў мае як падабенствы, так і істотныя адрозьненьні з электробусамі. Абодва тыпы ня маюць шкодных выкідаў(d), бо вадародныя элемэнты вырабляюць ваду. Аднак забруджаньне навакольнага асяродзьдзя можа адбывацца пры вырабе элемэнтаў сілкаваньня[5]. У абодвух выпадках для руху выкарыстоўваюцца электраматоры.

У адрозьненьне ад электробусаў, вадаробусы запраўляюцца за 10 хвілінаў і маюць большы запас хады[6][7]. Вадародныя элемэнты менш залежаць ад тэмпэратурных умоваў[6][8]. Аднак кошт запраўкі вадаробусаў большы, чым электробусаў[9].

Мінуўшчына

рэдагаваць
 
Бэльгійскі вадаробус Van Hool у Абэрдыне (Шатляндыя, 2016)

У канцы 1980-х рокаў заклапочанасьць выхлапнымі газамі(d) аўтобусных рухавікоў падштурхнула да выкарыстаньня ў якасьці крыніцы энэргіі паліўных элемэнтаў. У 1994—1995 роках Джорджтаўнскі ўнівэрсытэт прадставіў тры 9-мэтровыя аўтобусы на фосфарнакіслых элемэнтах[10][11].

З канца 1990-х пачынаюцца выпрабаваньні аўтобусаў на вадародным паліве[12]. З 2000 року ўласныя мадэлі вадаробусаў распрацавала японская кампанія Toyota[13]. У 2005 року флёт з 8 FCHV-BUS кампаніі абслугоўвалі сусьветную выставу Экспа-2005 у Айты[14], перавезьлі мільён пасажыраў і праехалі каля 130 000 км.

Эўрапейскі Зьвяз з 2001 року падтрымліваў праект «Чыстага мескага транспарту для Эўропы», паводле якога ў дзевяці эўрапейскіх местах пачаліся выпрабаваньні вадаробусаў[15] Mercedes-Benz Citaro. На той час гэта быў найбольшы флёт вадародных аўтобусаў у сьвеце. Яны маглі перавозіць да 70 пасажыраў на максымальную адлегласьць 300 км[16]. Па сканчэньні ў 2007 року навукоўцы прызналі праект пасьпяховым[17][18], а вось перавозьнікі скардзіліся на высокі кошт абслугоўваньня.

Падобны праект у Пэкіне — першым у Кітаі — быў спынены праз год, бо забруджаньне паветра згоршыла эфэктыўнасьць і працягласьць службы паліўных элемэнтаў[19].

Перад Алімпійскімі гульнямі 2010 року 20 вадаробусаў паступілі на мескія лініі ў Ўістлеры (Брытанская Калюмбія, Канада). На той час гэта быў найбольшы дзейны флёт вадародных аўтобусаў; у ім выкарыстоўваўся «блакітны» вадарод[20]. Праграма была спыненая ў 2015 року праз высокія апэрацыйныя кошты[21][22].

У 2010 року восем вадаробусаў са значна большай максымальнай дальнасьцю паездкі зноўку выйшлі на вуліцы Лёндану[23][24].

Паводле стану на 2020 року ва ўсім сьвеце выкарыстоўваюцца 5648 вадаробусаў, 93,7% зь якіх — у КНР. Большасьць кітайскіх вадаробусаў карыстаюцца «чорным» вадародам, атрыманым ад спальваньня вугалю. Такім чынам, пры атрыманьні аднаго кіляграму вадароду ў атмасфэру выкідаецца 15—20 кг CO
2
[25].

Зь цягам часу некаторыя карыстальнікі вярнуліся да выкарыстаньня электробусаў; так, у Лёндане паводле стану на 2023 рок дзейнічаюць 950 аўтобусаў на электраакумулятарах і 20 аўтобусаў на вадародным паліве[26].

У Японіі масавай вытворчасьцю вадаробусаў займаецца кампанія Toyota. Вадаробусы Toyota Sora дзейнічаюць у Токіё, а пасьля набыцьця партугальскай аўтобусабудаўнічай кампаніі Caetano — у Білефэльдзе[27], Котбусе[28] ды Барсэлёне[29].

У 2021 року на вуліцы Лёндана выйшаў першы ў сьвеце двухпавярховы аўтобус на вадародных элемэнтах[30][1].

  1. ^ а б England's first double-decker hydrogen buses to launch in London (анг.) 2021-06-23 г. Праверана 2021-08-14 г.
  2. ^ High costs dog Tokyo's hydrogen buses 2021-07-23 г. Праверана 2023-01-07 г.
  3. ^ Hamburg to test the eCitaro with fuel cell range extender in 2021 (анг.)
  4. ^ Drum roll for Mercedes eCitaro with FC range extender (анг.)
  5. ^ You are being redirected...
  6. ^ а б Bus Transit - Fuel Cell Electric Buses
  7. ^ Hydrogen, Or Batteries, That Is The Question: Hyundai Elec City Bus - Hyundai Motor Group TECH (анг.)
  8. ^ When It Comes to Buses, Will Hydrogen or Electric Win?  (анг.) // Wired UK. — ISSN 1357-0978.
  9. ^ High costs dog Tokyo's hydrogen buses 2021-07-23 г. Праверана 2023-06-15 г.
  10. ^ Fuel cell powered transit bus development activities at Georgetown University  (анг.) // Fuel Cells Bulletin. — В. 1. — Т. 1. — С. 6—8. — ISSN 1464-2859. — DOI:10.1016/S1464-2859(00)87551-3
  11. ^ Technology; An Electric Bus Bypasses a Battery Barrier (анг.) // 1994-05-29 г. Праверана 2022-11-01 г.
  12. ^ Fuel Cell Buses in U.S. Transit Fleets: Summary of Experiences and Current Status
  13. ^ Toyota Jointly Develops Fuel Cell Hybrid Bus, the FCHV-BUS
  14. ^ Fuel cell hybrid bus : EXPO 2005 AICHI, JAPAN
  15. ^ Vidueira, J.M.; Contreras, A.; Veziroglu, T.N. «PV autonomous installation to produce hydrogen via electrolysis, and its use in FC buses», International Journal of Hydrogen Energy. Sep2003, Vol. 28 Issue 9, p927. 11p. DOI: 10.1016/S0360-3199(02)00191-X
  16. ^ European Fuel Cell Bus Project Extended by One Year. DaimlerChrysler. Архіўная копія ад 29 September 2007 г.
  17. ^ Kris Christen. «Europe’s CUTE project for hydrogen-fuel-cell buses deemed a success», Environmental Science & Technology. 8/1/2006, Vol. 40 Issue 15, p4541-4541.
  18. ^ «Conference wraps up CUTE, next programs», Fuel Cells Bulletin. Jul2006, Vol. 2006 Issue 7, p10-10. 1p. DOI: 10.1016/S1464-2859(06)71128-2.
  19. ^ 杨裕生院士:氢燃料电池拯救不了蓝天 (кіт.) Sciencenet.cn Праверана 26 October 2022 г.
  20. ^ BC Transit Fuel Cell Bus Project Evaluation Results: Second Report
  21. ^ Legacies Of The 2010 Olympic Games In Whistler Are Powering More Than Nostalgia - FuelCellsWorks (анг.)
  22. ^ Boondoggle or boon? Looking back at Whistler's hydrogen-bus pilot and why it failed (анг.) // 2021-03-10 г. Праверана 2022-12-08 г.
  23. ^ Hydrogen bus launched on London tourist route (анг.)
  24. ^ RV1 bus route to be converted to hydrogen power (анг.)
  25. ^ The problem with the Beijing Olympics hydrogen bus fleet (анг.)
  26. ^ Bus fleet audit 31 March 2023
  27. ^ Germany, Bielefeld transport company moBiel starts testing of CaetanoBus hydrogen bus
  28. ^ Cottbusverkehr testet Brennstoffzelle (ням.) Eisenbahnjournal Zughalt Праверана 13 June 2022 г.
  29. ^ Barcelona puts another 7 hydrogen buses into service Electrive Праверана 13 June 2022 г.
  30. ^ Mayor launches England's first hydrogen double decker buses (анг.)