Бітва пад Млавай
Бі́тва пад Мла́вай — адна зь першых бітваў Верасьнёўскай кампаніі Другой сусьветнай вайны, якая адбылася на поўнач ад Млавы 1—3 верасьня 1939 року між сіламі польскай арміі „Модлін“ генэрала Эміля Круковіча-Пшэджымірскага і нямецкай 3-й арміі пад даводзтвам генэрала Георга фон Кюхлера.
Бітва пад Млавай | |||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||||||
Супернікі | |||||||||||
Нацысцкая Нямеччына | Другая Рэч Паспалітая | ||||||||||
Камандуючыя | |||||||||||
Георг фон Кюхлер | Эміль Круковіч-Пшэджымірскі | ||||||||||
Колькасьць | |||||||||||
5 пяхотных дывізіяў 1 танкавая дывізія 1 кавалерыйская брыгада | 2 пяхотныя дывізіі 2 кавалерыйскія брыгады 1 брыгада Народнай абароны | ||||||||||
Страты | |||||||||||
1800 забітыя 1000 зьніклыя каля 3000 параненыя 72 танкі | 1200 забітыя 1500 параненыя | ||||||||||
Перадумовы
рэдагавацьПа выніках Вэрсальскай дамовы абшар былога герцагства Прусія перайшоў да Нямеччыны ў выглядзе правінцыі Ўсходняя Прусія. Новая граніца між дзяржавамі пралягла за 120 км ад Варшавы.
Нямецкі плян агрэсіі на Польшчу падразумяваў, што найважнейшы ўдар (акрамя яшчэ аднаго, скіраванага зь Верхняй Сылезіі) пачнецца ва Ўсходняй Прусіі ў кірунку Варшавы. Посьпеху мела спрыяць малая адлегласьць ад граніцы да сталіцы Польшчы і роўная тэрыторыя Паўночнай Мазовіі. Найважнейшыя прыродныя перашкоды (багністыя лясы і лясістыя ўзгоркі) знаходзіліся на самай граніцы.
У 1939 року польская армія „Модлін“ пад кіраўніцтвам генэрала Эміля Круковіча-Пшэджымірскага была разьмешчаная на граніцы Польшчы з Усходняй Прусіяй, каб спыняць немінучую нямецкую атаку ў кірунку Варшавы і цьвердзі Модлін. Незадоўга перад вайной пачалося ўзмацненьне абароны, будаўніцтва лініі палявых умацаваньняў і жалезабэтонных бункераў на поўнач ад Млавы, у сярэдзіне пазыцыі арміі „Модлін”.
Галоўная лінія абароны разьмяшчалася ўздоўж Нарвы і Віслы. Тут знаходзілася некалькі ўмацаваньняў XIX стагодзьдзя, аднак большасьць тэрыторыі ўяўляла зь сябе цяжкаабараняльныя раўніны.
У сакавіку 1939 року Польшча распачала таемную мабілізацыю, у часе якой да арміі „Модлін“ была далучаная 20-я дывізія пяхоты, пераведзеная з Баранавічаў і Пружаны. 14 ліпеня пачалося ўзьвядзеньне лініі акопаў і бункераў, якім займаліся пераважна жаўнеры з батальёну сапёраў 20-й дывізіі. Аднак да пачатку вайны будаўніцтва не было завершанае.
Хада бітвы
рэдагавацьРанкам 1 верасьня галоўныя сілы 3-й нямецкай арміі генэрала Георга фон Кюхлера пачалі наступ на Млаву, адкуль вёў найкарацейшы шлях з Усходняй Прусіі да Варшавы. Польская армія „Модлін“ генэрала Эміля Круковіча-Пшэджымірскага, разьмешчаная на гэтым кірунку, мела ў распараджэньні 8-ю і 20-ю пяхотныя дывізіі, Наваградзкую і Мазавецкую брыгады кавалерыі, а таксама аддзелы Народнай абароны. Зь нямецкага боку наступалі I корпус і корпус „Водрыг” — разам 4 дывізіі пяхоты, танкавая дывізія „Кэмпф“ і брыгада кавалерыі. Немцы, патрапіўшы пад кулямётны і гарматны абстрэл 20-й пяхотнай дывізіі, панесьлі цяжкія страты. Пасьля няўдалай спробы пяхотнай атакі ў бой пайшлі танкі. Страціўшы 6 машынаў з 50, немцы адступілі.
Наступнага дня (2 верасьня) нямецкі 1-ы корпус аднавіў безвыніковыя атакі. Корпус „Водрыг” авалодаў двума ключавымі пунктамі польскай абароны: Жабоклікак і Каменскай гарой. Генэрал Кюхлер перагрупаваў 3-ю армію. Танкавая дывізія „Кэмпф” начным маршам перайшла на ўсходняе крыло польскай абароны, каб атакаваць цэлай калёнай. Немцы здабылі вялікую перавагу.
3 верасьня абаронцы Млавы аказвалі ўпарты супраціў і ў цяжкіх бітвах затрымалі аддзелы корпусу „Водрыг”, які надыходзіў з усходу. Апоўдні аддзелы палкоўніка Тэадора Фургальскага рушылі ў наступ у 2-х кірунках: 21-ы пяхотны полк на Пшасныш, на дапамогу Мазавецкай брыгадзе кавалерыі, а 13-ы і 32-і пяхотныя палкі — на флянг нямецкіх аддзелаў, што атакавалі 79-ы полк пяхоты пад Млавай. 21-ы полк палкоўніка Станіслава Сасабоўскага трапіў на нямецкую 12-ю пяхотную дывізію і з баямі прайшоў наперад, але без падтрымкі артылерыі наступ спыніўся. Уночы з боку Грудуска надышлі нямецкія танкі, пасьля чаго 13-ы і 32-і польскія пяхотныя палкі ў паніцы кінуліся наўцёкі, пакідаўшы зброю. Толькі 21-ы пяхотны полк адступіў арганізавана, па дарозе зьбіраючы рэшткі разьбітых войскаў, у кірунку Модліна. Нямецкі наступ працягнуўся, пасьля поўначы яны дасягнулі Модліна і пачалі ягоны штурм.
Па бітве
рэдагаваць4 верасьня, ня ў стане абараніць пазыцыі, польскае камандаваньне загадала 20-й дывізіі пяхоты адыходзіць у кірунку Модліна. У адказ нямецкае камандаваньне пачало масавае авіябамбаваньне адступаючых польскіх сілаў. Налёты, якія працягваліся цэлы дзень, дасягнулі мэты: 20-я дывізія аказалася дэзарганізаванай, ейная баяздольнасьць была ўзноўленая толькі празь некалькі дзён пасьля дасягненьня цьвердзі Модліна.
Нямецкі посьпех пад Млавай даў магчымасьць камандаваньню 3-й арміі зьдзейсьніць глыбокі манэўр з акружэньнем Варшавы: I армейскі корпус і армейскі корпус „W” фарсіравалі Нарву і здабылі галоўныя пункты супраціву на лініі ракі (Пултуск і Ружан, дзе 6 верасьня ўпершыню ў верасьнёўскай кампаніі была пяройдзеная так званая лінія вялікіх рэк). Польскі плян абароны такім чынам праваліўся.
13 верасьня нямецкія дывізіі дасягнулі Модліну і Варшавы з усходу, завяршыўшы атачэньне места і цьвердзі.
Вынікі
рэдагавацьБітва пад Млавай — ня толькі адна з найважнейшых бітваў верасьнёўскай кампаніі, але й ідэальны прыклад плюсаў і мінусаў абодвух бакоў. Нямецкая перавага (ня лічачы перавагі ў авіяцыі) на Паўночнай Мазовіі ня была вырашальнай (9 дывізіяў — у тым ліку адна танкавая — супраць 6 дывізіяў і 4 брыгадаў — трох кавалерыйскіх і адной народнай абароны), багністы і зрэзаны рэкамі абшар спрыяў абароне. Таксама абарону падтрымлівалі наземныя фартыфікацыі: Модлінская цьвердзь, старыя (але абноўленыя) форты на лініі Нарвы, млаўскія ўмацаваньні.
Аднак становішча Польскага войска было значна згоршанае палітычнымі чыньнікамі: зацягваньне да апошняга моманту ўсеагульнай мабілізацыі прывяло да таго, што дзьве польскія дывізіі (1-я і 41-я пяхотныя) ў пачатку вайны толькі зьбіраліся (і канец канцоў ня здолелі ўзяць удзелу ў бітве пад Млавай), а яшчэ адна (8-я дывізія пяхоты) ня была цалкам здатная да дзеяньняў.
Яшчэ адной прычынай паразы стала благая арганізацыя Войска Польскага: на Паўночнай Мазовіі бракавала камандаваньня, якое б мела кампэтэнцыю ў кіраўніцтве ўсімі сіламі. Калі армія Модлін змагалася пад Млавай, САГ «Нараў» (2 дывізіі пяхоты, кавалерыйская дывізія) бязьдзейнічала на абароне лініі Нарвы ад Астралэнкі да Асоўца. Польскаму боку таксама бракавала дастатковых зьвестак выведкі, а ў вырашальныя гадзіны бітвы (увечары і ўночы 3 верасьня) таксама добра арганізаванай сувязі, якая б дазволіла каардынаваць дзеяньні падразьдзяленьняў у бітве.
Нямецкі бок зьдзейсьніў толькі адну вялікую памылку: выведка ня выявіла існаваньня млаўскіх умацаваньняў, у выніку чаго 11-я і 61-я пяхотныя дывізіі, а таксама танкавая дывізія „Кэмпф“ панесьлі 1—2 верасьня пэўныя страты. Аднак наступныя дзеяньні, напрыклад, выкарыстаньне параўнальна слабой (у параўнаньні з „звычайнымі“ нямецкімі танкавымі дывізіямі) танкавай дывізіі „Кэмпф” для вырашальнай атакі ў моманце, калі ў польскім войску зьявіўся крызіс, было прыкладам дасканалай рэалізацыі дактрыны маланкавай вайны.
Глыбокі манэўр з фарсіраваньнем Нарвы з мэтай акружэньня абаронцаў Варшавы 6 верасьня — таксама прыклад слушнага выкарыстаньня выведкі дзеля атрыманьня стратэгічнай перавагі.
Літаратура
рэдагаваць- Boje Polskie 1939 – 1945. Przewodnik encyklopedyczny / [red.] Krzysztof Komorowski. — Warszawa: Bellona Spółka Akcyjna, 2009. — С. 248. — ISBN 978-83-7399-353-2
- Wojciech Zalewski, Andrzej Aksamitowski. Mława 1939. — Warsaw: Altair, 1996. — ISBN 83-86217-31-6