Бібліятэка імя Івана Вазава
Бібліятэка імя Івана Вазава пры новым чыталішчы імя Хрыста Боцева 1884 году (па-баўгарску: Библиотека „Иван Вазов“ при НЧ „Христо Ботев 1884“) — баўгарская бібліятэка і сучасны агульнаадукацыйны інстытут, які разьмяшчаецца ў горадзе Боцеўград, цэнтры аднайменнай грамады. Займаецца зборам, захоўваньнем і апрацоўкай розных бібліятэчных фондаў, абслугоўваньнем чытачоў, ажыцьцяўляе даведачна-бібліяграфічную і інфармацыйную дзейнасьць, выконвае арганізацыйна-мэтадычныя функцыі на тэрыторыі Боцеўграду і прадастаўляе свабоднае карыстаньне бібліятэчна-інфармацыйнымі рэсурсамі. Садзейнічае павышэньню адукацыйнага ўзроўню, працягу атрыманьня адукацыі, інфармаванасьці, якасьці жыцьця, сацыяльнай інтэграцыі і пашырэньню электроннага доступу да інфармацыі.
Бібліятэка імя Івана Вазава пры чыталішчы імя Хрыста Боцева | |
Библиотека „Иван Вазов“ при НЧ „Христо Ботев 1884“ | |
Краіна | |
---|---|
Месцазнаходжаньне | Боцеўград, Баўгарыя |
Адрэса | пл. Вызваленьня, 12 |
Заснаваная | 1883 |
Калекцыя | |
Экспанаты | кнігі, пэрыядычныя выданьні, публікацыі, нотныя выданьні, грамафонныя кружэлкі, альбомы, навуковыя артыкулы і іншыя дакумэнты |
Памер збору | 84911 адзінак |
Досяг і карыстаньне | |
Чытачоў | 2000 |
Афіцыйны сайт | |
Гісторыя бібліятэкі
рэдагавацьБібліятэка імя Івана Вазава адлічвае сваю гісторыю ад 1883 году, калі адкрылася чыталішча «Напредък» (у перакладзе з баўгарскай — перадавік). Першапачатковы кніжны фонд складаў ад 700 да 800 тамоў і быў падораны мясцовымі патрыятычна настроенымі жыхарамі. Арганізаваная бібліятэчная дзейнасьць адлічвае сваю гісторыю дэ-юрэ з 1924 году, калі ў новай адкрытай чытальнай залі зьявілася адмысловае бібліятэчнае памяшканьне. Пасьля 1973 году бібліятэка пераехала ў новы будынак чыталішча імя Хрыста Боцева, яе фонд налічваў ужо 45 тысячаў тамоў. 17 верасьня 1981 году адкрыўся новы будынак чыталішча і бібліятэкі імя Івана Вазава.
У цяперашні час збор налічвае 84 911 адзінак: гэта кніжныя томы, пэрыёдыка, аўдыёвізуальныя дакумэнты, графічныя выявы, нотныя выданьні і г. д. Штогод абслугоўваецца да 2 тысячаў пастаянных чытачоў, выдаецца 48 тысячаў дакумэнтаў, колькасьць наведвальнікаў складае 26 тысячаў чалавек. У бібліятэцы ёсьць тры аддзелы: дзіцячы аддзел, аддзел для дарослых і інфармацыйны аддзел (з інтэрнэт-доступам). Аўтаматызацыя працэсаў вядзецца з 2003 году. Бібліятэка ўключана ў Інтэграваную бібліятэчна-інфармацыйную сыстэму E-Lib.
З 2007 году ў бібліятэцы дзейнічае Спэцыялізаваная чытальная заля для студэнтаў Міжнароднай вышэйшай бізнэс-школы. 2 сьнежня 2010 году ў бібліятэцы была ўсталявана і выпрабаваная кампутарная тэхніка ў рамках праграмы «Глабальныя бібліятэкі»: 13 кампутараў, ноўтбук, мультыфункцыянальная прылада, каляровы прынтэр, праектар і экран.
Структура і дзейнасьць
рэдагавацьАддзел для дарослых
рэдагавацьАбслугоўвае ўсіх чытачоў ва ўзросьце ад 14 гадоў. Тут праводзіцца поўная рэгістрацыя новых чытачоў, якія прад’яўляюць пасьведчаньне асобы і атрымліваюць чытацкі білет, дзякуючы якім могуць карыстацца ўсімі аддзеламі бібліятэкі. Больш за 60 тысячаў кніжных тамоў, падзеленых па галінах ведаў і выкладзеныя ў свабодны доступ, могуць брацца на дом. Праз традыцыйны азбучны і сыстэматызаваны каталёг, а таксама праз электронны каталёг можа быць прадастаўлена бібліяграфічная даведка. Арганізуюцца выставы і сустрэчы зь пісьменьнікамі.
Дзіцячы аддзел
рэдагавацьАбслугоўвае дзяцей ва ўзросьце да 14 гадоў. Фонд налічвае больш за 16 тысячаў кніг, дзіцячых часопісаў і аўдыёкасэт з казкамі. Падтрымліваецца электронны, сыстэматычны і загалоўны каталёг, тэматычная картатэка. У чытальнай залі дзіцячага аддзелу знаходзіцца шмат ілюстраваных энцыкляпэдыяў і разнастайных даведнікаў. Аддзел распрацоўвае розныя праграмы для розных груп чытачоў. Праводзіць урокі па краязнаўстве, лекцыі і гутаркі, прысьвечаныя розным датам і падзеям. Для самых маленькіх наведвальнікаў ладзяцца ранішнікі і сустрэчы з аўтарамі дзіцячай літаратуры.
Даведачна-бібліяграфічны і інфармацыйны аддзел
рэдагавацьГэты аддзел забясьпечвае імгненнае і дакладнае прадастаўленьне інфармацыі для чытачоў дзякуючы традыцыйнай бібліятэчнай службе, аўтаматызаваным базам дадзеных і Інтэрнэту. Падтрымлівае базу дадзеных аналітычных апісаньняў артыкулаў з кніг і зборнікаў. У аддзеле наводзяцца бібліяграфічныя даведкі, ажыцьцяўляецца пошук інфармацыі (у тым ліку і ў Інтэрнэце), падаюцца бібліяграфічныя кансультацыі, адказы на запыты па тэлефоне і электроннай пошце, а таксама паслугі друку і сканаваньня дакумэнтаў. Падтрымліваюцца тэматычныя картатэкі, захоўваецца пэрыядычная прэса. Добра арганізаваны даведачны апарат. У кампутарным пакоі ёсьць 10 кампутараў, сканэр, прынтэр і мультымэдыя, забясьпечваецца пастаянны і хуткі доступ у Інтэрнэт.
Задачы бібліятэкі
рэдагаваць- Укараненьне інавацыйных паслугаў на аснове новых тэхналёгіяў і задавальненьне патрэбаў спажыўцоў.
- Падтрымка адукацыі і самаадукацыі розных мэтавых груп супольнасьці — бібліятэкараў, школьнікаў і студэнтаў, пажылых людзей.
- Прапанова якасных паслугаў, заснаваных на высокай прафэсыйнай кваліфікацыі спэцыялістаў бібліятэчнай справы.
Магчымасьці бібліятэкі
рэдагаваць- Урокі і прэзэнтацыі ў бібліятэцы
- Сустрэчы зь пісьменьнікамі і паэтамі
- Арганізацыі дзён чытаньня падчас канікулаў
- Работа зь дзецьмі зь дзіцячых садкоў
- Мастацкія майстэрні і выраб розных рэчаў з прыродных і зручных матэрыялаў
- Арганізацыя сьвятаў і іншых памятных мерапрыемстваў, прысьвечаных тым ці іншым падзеям
- Юрыдычная інфармацыя ў бібліятэцы
- Курсы базавай кампутарнай пісьменнасьці
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Афіцыйны сайт (баўг.)