Бэргамо́т, або апэльсін-бэргамот (Citrus bergamia) — гібрыдны від расьлінаў сямейства Рутавых. Атрыманы шляхам скрыжаваньня памяранца і цытрона. Радзімай бэргамоту лічыцца Паўднёва-Ўсходняя Азія.

Бэргамот
Клясыфікацыя
ЦарстваРасьліны
АддзелПакрытанасенныя
КлясаДвухдольныя
АтрадСапіндакветныя
СямействаРутавыя
ПадсямействаЦытрусавыя
РодЦытрус
ВідБэргамот
Бінамінальная намэнклятура
'Citrus × bergamia Risso & Poit. (1819)

Паходжаньне назвы

рэдагаваць

Назоў «бэргамот» атрымаў у гонар італьянскага места Бэргама, дзе яго ўпершыню пачалі культываваць і прадаваць як алей. Паводле іншай вэрсі, назва паходзіць ад турэцкага слова «beyarmudu», што ў перакладзе азначае «княская груша» або «beg armudy» — панская груша.

Хоць да грушаў бэргамот ня мае ніякага дачыненьня, аднак варта зазначыць, што ён мае грушападобную форму і сьветла-жоўты колер, як і грушы гатунку бэргамот.

Апісаньне

рэдагаваць
 
Батанічная ілюстрацыя з кнігі «Köhler’s Medizinal-Pflanzen», 1887

Бэргамот — вечназялёнае дрэва вышынёй ад 2 да 10 м. Галіны з даўгімі, тонкімі, вострымі калючкамі даўжынёй да 10 см.

Лісьце з характэрным водарам чарговыя, чарэнкавыя (чарэнкі зь невялікімі крыламі лінейнае формы), скураністыя, яйкападобна-працяглыя ці эліптычныя, завостраныя, зьверху зялёныя, бліскучыя, унізе — сьвятлейшыя, крыху зубчастыя, хвалістыя.

Кветкі буйныя, вельмі духмяныя, адзінкавыя ці сабраныя ў пазушныя жмуткі, двухполыя, белыя ці баграныя, з моцным прыемным пахам. Квітнее ў сакавіку — красавіку.

Плады — шара- ці грушападобнай формы, зьменлівыя па велічыні, з пупком і булавападобным слупком на ім даўжынёй ад 1 см, залаціста-жоўтыя, з гладкай тоўстай трохслойнай абалонкай, багатай этэрным алеем. Мякіш складаецца быццам з шэрагу лёгка расшчапляльных сэгмэнтаў, унутры якіх разьмешчанае нешматлікае насеньне. Мае прыемны кісьлявы смак. Плады сасьпяваюць у лістападзе — сьнежні.

Дрэва рана і багата родзіць, аднак кепска марозаўстойлівае[1].

Распаўсюджаньне

рэдагаваць

Вытворчасьць галоўным чынам абмяжоўваецца Іянічным узьбярэжжам правінцыі Калябрыя ў Італіі. Бэргамот вырошчваюць на міжземнаморскім узьбярэжжы, дзе склад глебы і тэмпэратура найболей спрыяльныя (Гішпанія, Грэцыя і Францыя)[1], а таксама на плянтацыях у Аргентыне, Бразыліі і штаце Джорджыя (ЗША).

Культура атрымала разьвіцьцё з пачатку XVIII стагодзьдзя, калі этэрны бэргамотавы алей знайшоў ужываньне ў парфуме, а пасьля ў мікраскапічнай тэхніцы[1].

Выкарыстаньне

рэдагаваць

Этэрны алей атрымліваюць з лупіньня пладоў, кветак і лісьця бэргамоту. Бэргамотавы алей — вадкасьць з прыемным своеасаблівым пахам і гаркавым смакам. Прымяняецца ў парфумэрыі і мікраскапічнай тэхніцы[1], а таксама ў харчовай вытворчасьці — напрыклад на араматызацыю гарбаты «Earl Grey». Лупіньне бэргамоту прымяняецца ў водаратэрапіі, дзеля лекаваньня дэпрэсіі і паляпшэньня страваваньня. Утрымваныя ў ім фуракумарыны валодаюць моцным фотасэнсыбілізуючым эфэктам, які спрыяе хутчэйшаму пігмэнтаваньню скуры. У мэдыцыне на аснове аднаго з кампанэнтаў — бэргаптэну — створаныя прэпараты для лекаваньня вітыліга і аблысеньня.

  1. ^ а б в г Энциклопедический словарь лекарственных, эфирномасличных и ядовитых растений / Сост. Г. С. Оголевец. — М.: Сельхозгиз, 1951. — С. 39. — 584 с.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць