Бэнэдыкт Гэрбэст (па-польску: Benedict Herbest; 1531, Новае Места1593, Ярослаў) — польскі езуіт, пэдагог, багаслоў-палеміст, арганізатар польскай школы XVI ст., настаўнік Львоўскай гімназіі, езуіцкага калегіюма ў Ярославе, выкладаў у Познанскім унівэрсытэце, прафэсар Кракаўскай акадэміі.

Біяграфія

рэдагаваць

Нарадзіўся ў Новым Месьце (цяпер Старасамбарскі раён, Львоўская вобласьць) у беднай сям’і Зеляневічаў (або Зялінскіх). Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі, дзе атрымаў вучоную ступень бакаляўра. У 15501553 — рэктар мескай гімназійнай школы ў Львове, дзе займаўся вывучэньнем старажытных моваў. З 1555 — рэктар у школе пры касьцёле Божай Маці ў Кракаве. У 1559 атрымаў ступень магістра вольных мастацтваў, у 1561 — доктара навук[1], выкладаў у Кракаўскай акадэміі. Па запрашэньні гнезьненскага арцыбіскупа Ян Пшэрэнбскага наведаў яго рэзыдэнцыю ў Скернявіцах, дзе займаўся адукацыяй моладзі і напісаў шэраг сваіх вядомых на той час твораў: «Comptus…» (1559), «Arithmeticz linearis» (1560). У 1563 пераехаў у Познань і стаў рэктарам Любранскага калегіюма.

У 1566 выдаў адзін з найстарэйшых катэхізісаў на польскай мове «Навука сапраўднага хрысьціяніна» (Nauka prauego chrzescijanina). Неўзабаве апублікаваў сачыненьне «Апісаньне дарогі» (Wypisanie drogi), у якім расказаў пра наведваньне ў 1566 г. Львова і іншых гарадоў Рускага ваяводзтва і выказваў надзею на дасягненьне уніі з праваслаўнай Царквой. У 1567 у Кёльне пабачылі сьвет ягоныя «Horarium canonicarum rationarum cum D.Augustini sententiis de Eucharistia explicatis». Памылкі чэскага духавенства ў падыходзе да пытаньняў веры выкрываў у «Confutatio picarditarum haereticorum» (Кракаў, 1567).

У 1569 уступіў у ордэн езуітаў, у 1571 вучыўся ў Рыме (у Collegium Romanum). Вярнуўшыся ў 1572 у Польшчу, стаў выкладаць у езуіцкай сэмінарыі Пултуска. У 15741576 быў чальцом езуіцкага калегіюма г. Брунсбэрга ў Швэцыі, спаведніком каралевы Кацярыны Ягелонкі[1]. Паводле іншых зьвестак, па просьбе сандамірскага ваяводы Яна Косткі ў 1574 выехаў у Мальбарк для навучаньня сыноў і сваякоў ваяводы і ў 1575—1576 гг. выкладаў у езуіцкім калегіюме ў Ярославе[2]. Быў актыўным удзельнікам контрарэфармацыйнага руху ў Рэчы Паспалітай (на Валыні, Падольлі, Любліншчыне і інш.), навярнуў з кальвінізму да каталіцтва шмат каго з выбітных асобаў таго часу. У 15831584 навяртаў праваслаўных у каталіцтва. У 1584 узначальваў езуіцкую місію ў Львове.

У 1586 у Кракаве з санкцыі кіраўніцтва ордэна выдаў свой самы знакаміты твор — «Паходжаньне веры Рымскага Касьцёлу і гісторыя грэцкае няволі: дзеля адзінства» (Wiary Kościola rzymskiego wywody y greckiego niewolnistwa historia), які адыграў ролю ў зараджэньні царкоўна-палемічнай літаратуры на Беларусі. У сваім творы Гэрбэст даводзіў, што ўсе Хрыстовы пасьлядоўнікі павінны трымацца супольна, прыняць адзіныкаляндар царкоўных сьвятаў, супольна сьвяткаваць дзень Уваскрэшаньня Сына Божага. У якасьці асноўнага падмацаваньня свайго закліку да задзіночаньня ён прыгадваў словы Мэсіі з Эвангельля паводле Яна (10:16)[3]. Акрамя таго, ён абвінавачваў праваслаўных у невуцтве (паводле Гэрбэста, яны ня здольныя да цнатлівага жыцьця, ня ўмеюць чытаць малітвы, ня ў змозе належным парадкам выконваць царкоўныя абрады, дапускаюць ідалапаклонства)[2]. За рэзкія выпады супраць праваслаўя кніга выклікала супольнае абурэньне, і правінцыял ордэна быў змушаны забараніць яе распаўсюд.

  1. ^ а б Бразгуноў А. Бенедыкт Гербест // Наша Вера. — 1999. — № 3.
  2. ^ а б ГЕРБЕСТ. Православная Энциклопедия. Праверана 15 ліпеня 2012 г.
  3. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 501

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць