Бурымэ́ (па-француску: bouts-rimes — рыфмаваныя канцы) — верш, напісаны на загадзя вядомыя рыфмы. Бурымэ ўзьнікла ў Францыі ў першай палове XVII ст. як чыста літаратурная забава. Часам нават аб’яўляліся спэцыяльныя конкурсы на напісаньне вершаў на зададзеныя рыфмы. Так, А. Дзюма правёў у Францыі спаборніцтва на лепшае бурымэ і апублікаваў у 1864 г. кнігу, у якую ўвайшлі вершы 350 удзельнікаў спаборніцтва. У 1914 г. падобны конкурс арганізаваў пецярбурскі часопіс «Весна». З XX ст. бурымэ становіцца пераважна эстрадным жанрам: гледачы называюць рыфмы, а артыст-вершаскладальнік экспромтам прыдумвае на гэтыя рыфмы вершаваны тэкст. У наш час бурымэ — жартоўны, пацяшальны верш. Такім, у прыватнасьці, зьяўляецца верш Н. Гілевіча «Кулінарна-музычная залежнасьць (Парада для музыкаў)», у якім зарыфмаваныя назвы асобных музычных інструмэнтаў. У беларускай народнай паэзіі бурымэ вядома з самых даўніх часоў, і тут яно, у адрозьненьне ад літаратурнага бурымэ, не зьяўляецца вершам-забаўкай. Словы, да якіх падбіраюцца рыфмы, не выпадковыя, яны арганізаваныя ў пэўную сыстэму, «вядуць» за сабой зьмест.

Літаратура

рэдагаваць