Блакітныя азёры (ляндшафтны заказьнік)

краявідны заказьнік у Беларусі
(Перанакіравана з «Блакітныя азёры (заказьнік)»)

«Блакі́тныя азёры» — дзяржаўны краявідны заказьнік рэспубліканскага значэньня ў Мядзельскім раёне Менскай вобласьці і Пастаўскім раёне Віцебскай вобласьці.

Заказьнік «Блакітныя азёры» разьмешчаны ў паўночна-заходняй частцы Мядзельскага раёну і займае плошчу 1500 га (15 км²). Функцыянуе на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Нарачанскі».

Заказьнік быў створаны ў 1972 годзе з мэтай аховы каштоўнага азёрна-марэннага ляндшафту і ўнікальных спалучэньняў прыродна-расьлінных комплексаў. Сярод пародаў лесу, якія распаўсюджаныя на тэрыторыі заказьніку, можна вылучыць сасновыя, ялінавыя, а таксама шырокае распаўсюджаньне шырокалісьцёвых пародаў: дуб, ясень, ліпа, клён. Таксама на тэрыторыі заказьніка назіраецца вялікая разнастайнасьць хмызьнякова-травяністых відаў, мохападобных і лішаёў. Шмат якія з гэтых відаў флёры зьяўляюцца рэдкімі для флёры рэспублікі і занесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь.

На тэрыторыі заказьніка разьмяшчаецца Балдуцкая група азёраў — Блакітныя азёры. Рэльеф заказьніка прадстаўлены складанай сыстэмай озавых градаў і камавых узгоркаў, якія чаргуюцца з глыбокімі ўпадзінамі азёраў (Балдук, Глубля, Глубелька, Ячменек, Імшарац, Вільчынія і іншыя). Кожнае зь іх своеасаблівае і непаўторнае.