Беларусы ў Адэлаідзе

Беларусы ў Адэлаідзе пачалі сяліцца ў 1949 годзе. Многія беларускія эмігранты паваеннай хвалі траплялі ў Аўстраліі ў пераходны лягер Вудсайд, які знаходзіўся каля Адэлаіды. Адначасова ў лягеры магло знаходзіцца да 3000 чалавек з розных краінаў Эўропы. З гэтага і пачынаецца гісторыя беларускага руху ў Адэлаідзе[1].

Тутэйшыя беларусы таксама актыўна супрацоўнічалі з украінцамі і харватамі[2]. Гэты асяродак беларускай эміграцыі змог унікнуць канфлікту прыхільнікаў Рады БНР і БЦР, які тут быў незаўважны[3]. Тутэйшы беларускі асяродак гуртаваўся, дзякуючы царкве[4]. Выдавецкая справа тут была дрэнна наладжаная, але добра выконвалася рэпрэзэнтацыя беларусаў[4].

22 кастрычніка 1949 году ў порт Адэлаіды прыбыў айцец Міхал (Шчурко) разам са сваёй сям’ёй. Айцец стаў галоўным ініцыятарам арганізацыі тутэйшых беларусаў[1].

У лютым 1950 года адбыўся першы неафіцыйны сход беларускае грамады, а дакладней сустрэча сьвятара зь беларусамі Уладзімерам Міленцэвічам, Парфірыем Трысмаковым, Н. Дзітманам і Альбэртам Кадняком у справе стварэньня нацыянальнага асяродку. Па сустрэчы ў Вудсайдзе хутка адбылося першае набажэнства айца Міхала[1].

Дзейнасьць

рэдагаваць

У сакавіку 1952 году, паводле часопіса «Łučnik», ў Адэлаідзе быў заснаваны аддзел Задзіночаньня Беларускіх Вэтэранаў, які ў сакавіку 1953 арганізаваў святкаваньне 25 Сакавіка. У тым жа часопісе згадваецца дзейнасьць Брацтва Сьвятой Жыровіцкай Божай Маці ў Адэлаідзе ў 1953 годзе, аднак іншых зьвестак пра гэтае Брацтва няма[1].

Зь сярэдзіны 1950-х гадоў гісторыя тутэйшай грамады цесна зьвязаная з арганізацыяй тутэйшай парафіі БАПЦ[1]. Таксама з гэтага часу на беларускіх службах сьпяваў уласны хор пад кіраўніцтвам Міхася Бурноса, які выступаў і на сьвецкіх частках сьвяткаваньня[5].

Беларускія сьвяты (25 Сакавіка, Слуцкі збройны чын) тут святкаваліся ў адзінстве рэлігійнай і сьвецкай частак[2]. Часам лік прысутных на сьвятах дасягаў 200 чалавек[2].

З канца 1950-х гадоў на беларускіх сьвятах абавязкова сьпяваў хор ды рабіліся драматычныя пастаноўкі. З 1968 году цягам некалькіх гадоў пад кіраўніцтвам Міхася Бурноса выступала танцавальная трупа «Лявоніха»[2].

Доўгі час беларускія набажэнствы праходзілі ў памяшканьнях мэтадысцкіх цэркваў, пакуль у 1958 годзе значна павялічаная беларуская грамада не набыла сваю дзялянку зямлі і не пачала на ёй будаваць храм. 29 сьнежня 1963 году царква, будаваная ўласнымі намаганьнямі прыхаджанаў, была асьвечаная архіяпіскапам Сяргеем. Пазьней будынку дадалі чатыры купалы й вялікую прыцаркоўную залю. Гэта быў першы беларускі храм у Аўстраліі, які стаў надоўга цэнтрам рэлігійнага і грамадзкага жыцьця тутэйшых беларусаў[5].

У 1960-х гадах, у выніку міжасабовых узаемадачыненьняў беларускага сьвятарства і адмовы архіяпіскапа Сяргея высьвяціць Васіля Чычэліса, падтрыманага парафіяльнай радай, Парафія Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла БАПЦ перайшла пад юрысдыкцыю УАПЦ, пад якой была да 1971 году, калі прыбылы на пахаваньне архіяпіскапа Сяргея ўладыка Мікалай (Мацукевіч) не вярнуў парафію БАПЦ[3]. У парафіі пасля сьмерці айца Васіля (Чычэліса) быў настаяцель сэрб айцец Георг (Джонліч).

Парафія Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла ў Адэлаідзе на чале з айцом Міхалам і парафіяльнай радай была ініцыятарам амаль усіх дзеяў да канца 1970-х гадоў[5].

З пачаткам 1970-х гадоў сьвецкая частка сьвяткаваньняў праходзіла на вуліцы[3].

У сьнежні 1976—студзені 1977 года тутэйшыя беларусы ўдзельнічалі ў Першай Сустрэчы Беларусаў Аўстраліі ў Мэльбурне. Надалей кожная трэцяя сустрэча праводзілася ў Адэлаідзе[6].

У 1977 годзе з ініцытывы Янкі Ролсана было заснаванае Беларускае Аб’яднаньне ў Паўднёвай Аўстраліі (БАПА). Гэтая арганізацыя пераняла на сябе шмат працы ў правядзеньні нацыянальных дзеяў, рэпрэзэнтацыі беларусаў, пашырэньні ведаў пра Беларусь. Янка Ролсан, працягваючы ранейшую дзейнасьць у выданьні невялікіх кніжак з уласнымі творамі ў 1980-х гадах, акрамя паэтычных зборнікаў і ўспамінаў, надрукаваў ад імя Аб’яднаньня брашуру пра Беларусь «Беларусь: зямля й людзі»[3].

З канца 1970-х гадоў беларускія дзеі ладзіліся сумесна Аб’яднаньнем і парафіяльнай радай. Працягвалася дзейнасьць беларускага мяшанага хору на чале зь Міхасём Бурносам[6].

У верасьні 1979 году танцавальная трупа «Лявоніха» выступіла ў межах перадачы, прысьвечанай Беларусі, на аўстралійскім тэлебачаньні[6].

Аб’яднаньне ўдзельнічала ў адчыненьні Этнічага музэю ў Адэлаіне і ў дзеях з нагоды 150-годзьдзя Паўднёвай Аўстраліі. Так 21 траўня 1986 году беларусы пасадзілі блізу 20 дрэваў па вуліцы Порт Роўд у раёне Гайнмарш, недалёка ад сваёй царквы[6].

У 1990-я гады тутэйшая беларуская грамада цярпела крызіс, як і шмат іншых аналягічных у Аўстраліі[6].

У 1993 годзе для сталых беларусаў, украінцаў і харватаў быў пабудаваны хастэль Сьвятой Ганны, на ўрачыстым адчыненьні якога прысутнічаў кіраўнік Беларускага аб’яднаньня ў Паўднёвай Аўстраліі[6].

Зь сярэдзіны 1990-х гадоў у працу Аб’яднаньня і парафіі ўліваюцца новыя эмігранты зь Беларусі[4].

У 1999 годзе ў Адэлаідзе было створанае Беларускае Гістарычнае Згуртаваньне ў Аўстраліі на чале з айцом Міхасём (Бурносам) і з удзелам прадстаўніка новай іміграцыі Віктара Кавалеўскага. Апошні актыўна заняўся зьбіраньнем дакумантаў пра тутэйшых беларусаў і іх публікацыю[4].

На канец 2001 году ў Беларускім Аб’яднаньні ў Паўднёвай Аўстраліі налічваліся 22 асобы[4].

  1. ^ а б в г д Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 77.
  2. ^ а б в г Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 79.
  3. ^ а б в г Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 80.
  4. ^ а б в г д Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 82.
  5. ^ а б в Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 78.
  6. ^ а б в г д е Гардзіенка Натальля. Частка ІІ. Паўстагодзьдзя Беларускай Аўстраліі // Беларусы ў Аўстраліі. — 2004. — С. 81.

Літаратура

рэдагаваць