Белавеская града
Белаве́ская града́ знаходзіцца ў паўночнай частцы Прыбужанскай раўніны, у Камянецкім і Пружанскім раёнах Берасьцейскай вобласьці.
Цягнецца ад мяжы з Польшчай праз Белавескую пушчу ў бок мястэчка Шарашова і места Пружаны ў выглядзе слабапукатай да поўдня дугі вышынёй 180—200 м (да 203 м). Зьяўляецца часткай канцова-марэнных утварэньняў адной са стадый адступаньня дняпроўскага ледавіку. Белавеская града больш старажытная, чым узвышшы Беларускай грады. Прымеркавана да Падляска-Берасьцейскай упадзіны.
Адклады антрапагену магутнасьцю 80—140 м сфармаваныя ледавікамі раньняга, часткова сярэдняга плейстацэну, у іх разьвітыя гляцыя-тэктанічныя парушэньні. Паверхня грады складзена з пясчанага і жвірова-галечнага матэрыялу, значна размытая. Вылучаюцца спадзістахвалістыя падняцьці адноснай вышынёй 20—30 м (горы Казіная, Крамянёвая і інш.). Скразныя даліны злучаюць вярхоўі асноўных рэк: Нарава і Ясельды, Нараўкі і Левай Лясной. Па градзе праходзіць частка водападзелу паміж Балтыйскім (рэкі Нараў з Нараўкай і Левая Лясная) і Чорным (Ясельда з прытокамі) морамі. У паўднёва-заходняй частцы Белавескай грады стрататыповы разрэз Белавескага міжледавікоўя.
Літаратура
рэдагаваць- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — ISBN 985-11-0061-7