Бекеш

баляда Яна Чачота

«Бекеш» (па-польску: Bekiesz) — баляда Яна Чачота, напісаная ў ліпені 1819 году.

Бекеш
Bekiesz
Жанр: баляда
Аўтар: Ян Чачот
Мова арыгіналу: польская
Год напісаньня: ліпень 1819
Перакладчык: Кастусь Цьвірка
Электронная вэрсія

Паводле Ўладзімера Мархеля, баляда «Бекеш» уяўляе зь сябе вершаваную прозу, у якой надзвычай размытыя галоўныя прыкметы рамантычнае баляды (строгая кампазыцыя і напружанае разьвіцьцё падзеяў)[1].

Апісаньне

рэдагаваць
 
Рэшткі Бекешавай гары (справа) у канцы XIX стагодзьдзя

Дасьледнікі сьцьвярджаюць, што гэтая баляда была напісаная пад уплывам аднайменнага твору Тамаша Зана[2]. Калі Зан міталягізаваў паданьне ў адпаведнасьці з тагачаснаю літаратурнаю моваю і перанёс падзеі ў час язычніцтва, надаўшы вершаванай форме апавядальнасьць, то Чачот грунтаваўся выключна на гістарычнай аснове і блізкім да яе народным паданьні.

Баляда падзяляецца на дзьве часткі. Першая частка ўяўляе сабой паэтычны пераказ народнага сюжэта «Пра трох братоў, двух разумных, а трэцяга дурня», які апавядае пра тое, як пэўны сьмелы рыцар узабраўся колісь на вяршыню шкляное гары да свае каралеўны, але нечакана для ўсіх аказаўся тым, якога ў народзе звалі «дурнем». Ён пачаў спаборнічаць з разумнымі братамі і перамог.

Другая частка баляды апавядае, як фанабэрысты ваявода, пад уплывам пачутай народнай казкі, дзеля сватаньня сваёй дачкі Малгосі загадвае рыцарам узьбірацца на конях на вяршыню стромкае гары: хто найхуйтчэй узьбярэцца — за таго і мусіў аддаць ваявода Малгосю. Першым на горную вяршыню ўзабраўся Бекеш, які на гэты час ужо быў заручаны і пакляўся ў вернасьці сваёй каханай. За здраду перад сьвятым шлюбам у рыцара-пераможца б’е маланка, і той падае з гары мёртвым. Асэнсаваўшы свой благі ўчынак, ваявода загадвае ўзьвесьці помнік маладому ваяру — Бекешаву гару. Таксама ваявода вырашае аддаць сваю дачку таму, хто найбольш выславіцца на паслугах Айчыны.

Гістарычнае тло

рэдагаваць

Каспар Бекеш — камандзір вугорскай пяхоты ў войску польскага караля Стэфана Баторыя, які быў вядомы ў Рэчы Паспалітай як сьмелы і разумны камандзір. Ён памёр у 1580 годзе ў Горадні. Паколькі Бекеш належыў да сэкты антытрынітарыяў і ня мог быць пахаваным на каталіцкім могільніку, Стэфан Баторы загадаў перавезьці яго цела ў Вільню і пахаваць на ўзвышшы, якое адсюль атрымала назву — Бекешава гара, пра якую з часам ўзьнікла народнае паданьне[3]. Як адзначае Ян Чачот у заўвагах да вершу, «Бекешава гара сярэдняя паміж Замкавай і Крыжовай».

Фальклёрны матэрыял

рэдагаваць

Паданьне «Пра трох братоў, двух разумных, а трэцяга дурня» было шырока распаўсюджана ў беларускім ды польскім фальклёры і сустракаецца ў некалькіх этнаграфічных зборніках[4]. Яно было добра вядомае Я. Чачоту: пра яе, пачутую ў маленстве, паэт згадвае ў прадмове да «Сялянскіх песень з-над Нёмана і Дзьвіны» 1846 году:

  Не магу бязь нейкага мілага ўзрушэньня прыгадаць забытыя паданьні, якія я чуў і ведаў у дзіцячыя гады... Трэці брат, які звычайна малюецца ў казках дурнем, сядзіць у кажушку за печчу, заўсёды больш набожны за двух разумных братоў. Тыя купляюць коней, набываюць дарагія ўборы і едуць па каралеўну, што сядзіць на шкляной гарэ, а гэты, як яны паехалі, ідзе на бацькоўскую магілу, моліцца і плача, а бацька яму гаворыць: «Ідзі туды і туды і знойдзеш каня і ўсё ўбраньне зь медзі». Ідзе ён, сьвіснуў; выскаквае медны конь, на якім ён імчыцца на гару. Усіх зьдзіўляе гэты рыцар; ніхто ня ўехаў так высока, як ён. Тое ж паўтараецца зь сярэбраным канём і залатым, на якім ён ужо дасягае каралеўны[5].  
  1. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 2. Новая літаратура : другая палова XVIII--XIX стагоддзе. — Мінск: «Беларуская навука», 2007. С. 184
  2. ^ Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 2. Новая літаратура : другая палова XVIII--XIX стагоддзе. — Мінск: «Беларуская навука», 2007. С. 183
  3. ^ Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 292. — 327 с.
  4. ^ Станкевіч, С. Ян Чачот // Беларускія элементы ў польскай рамантычнай паэзіі = Pierwiastki białoruskie w polskiej poezji romantycznej / Валер Булгакаў. — 1-е выд.. — Вільня: Інстытут беларусістыкі; Беласток: Беларускае гістарычнае таварыства: 2010. — С. 52. — 211 с. — ISBN 83-60456-21-6
  5. ^ Чачот Я. Наваградскі замак: Творы / Уклад., пер. польскамоўн. твораў, прадм. і камент. К. Цвіркі. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1989. — С. 190—191. — 327 с.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць