Бацькаўшчына (Менск)
беларуская грамадзкая арганізацыя зь Менску (1918)
«Ба́цькаўшчына» — культурна-асьветная арганізацыя, створаная ў ліпені 1918 году ў Менску з ініцыятывы Яфіма Бялевіча, Язэпа Варонкі (старшыня), Кастуся Езавітава (віцэ-старшыня), Пятра Крачэўскага, Кастуся Цьвіркі-Гадыцкага, Язэпа Лёсіка і іншых.
Першапачаткова мела назву «Прасьвета». Разам зь Першым таварыствам беларускае драмы і камэдыі, Народным беларускім тэатрам пад кіраўніцтвам Францішка Аляхновіча наладжвала спэктаклі і вечарыны, мастацкія выставы. 3 дазволу Народнага сакратарыята БНР узяла пад часовае кіраўніцтва менскую губэрнскую друкарню, выдала «Мапу БНР», але з-за фінансавага крызісу не працягнула выдавецкую дзейнасьць. Спыніла працу ў сьнежні 1918 году.
1 сакавіка 1919 году «Бацькаўшчына» аднавіла дзейнасьць у Горадні.