Бардыя
Бардыя (Смэрдыс) — прадстаўнік роду Ахемэнідаў, малодшы сын Кіра Вялікага.
сатрап Бактрыі | |
---|---|
Папярэднік | ? |
Наступнік | Эсфэндадат |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | невядома |
Памёр | 29 верасьня 522 да н. э. |
Род | Ахемэніды |
Бацькі | Кір II і Касандана |
Дзеці | Парміс |
Рэлігія | зораастрызм |
Дзейнасьць | сувэрэн |
Імя
рэдагавацьПа-пэрсыдзку ягонае імя гучала як Бардыя, у той самы час грэкі прыводзяць іншыя варыянты: Ктэсій — Таніяксарх, Ксэнафонт — Танааксар, Юстын — Мэрґіс, а Эсхіл — Мардас. Найболей жа замацавалася імя Смэрдыс, якое прыводзяць у сваіх творах Анакрэонт і Алкей.
Жыцьцё
рэдагавацьБыў прызначаны ім кіраваць усходнімі правінцыямі (Бактрыяй і іншым). Паводле афіцыйнае вэрсіі пэрсыдзкае гістарыяграфіі (якую паўтарае Герадот), ён быў забіты на загад старэйшага брата Камбіза перад адбыцьцём апошняга ў Эгіпет.
Асьцерагаючыся хваляваньняў, Камбіз трымаў яго сьмерць у сакрэце, што дазволіла самазванцу-магу, чыё праўдзівае імя было Ґаўмата, абвясьціць сябе каралём (11 сакавіка 522 да н. э.), заручыцца падтрымкай незадаволенага Камбізам насельніцтва і кіраваць Пэрсыдзкай імпэрыяй на працягу сямі месяцаў. Пэўнага аб гэтым часе вядома мала, за выключэньнем указанняў на тое, што Бардыя-Ґаўмата на тры гады скасаваў падаткі і ваенную павіннасьць, перанёс сталіцу ў Мідыю і разбурыў нейкія храмы.
Бардыя-Ґаўмата быў замардаваны 29 верасьня змоўшчыкамі на чале з Дарыем, які ўзяў стырны кіраваньня ў свае рукі, узаконіў сваю ўладу шляхам шлюбу з Парміс, дачкой сапраўднага Смэрдыса, і ўсталяваў штогадовае сьвята «зьбіцьця магаў», падчас якога «ніводнаму магу нельга зьяўляцца на вуліцы, і ўсе яны сядзяць дома» (Герадот). Пытаньне аб тым, ці быў Бардыя самазванцам, застаецца адкрытым, бо адзінай крыніцай зьвестак антычных гісторыкаў, відаць, быў сам Дарый і яго Бэгістунскі надпіс.
Прыхільнікі традыцыйнае вэрсіі засноўваюцца на тым, што сам Камбіз перад сьмерцю прызнаўся ў братазабойстве і выкрыў самазванства Ґаўматы. Гор Відал, сярод іншых, мяркуе, што гісторыя аб самазванцу была вынайдзеная Дарыем для апраўданьня захопу ўлады. Як бы то ні было, Ґаўмата ня быў апошнім Ілжэбардыем: яшчэ адзін самазванец (Ваг'яздата) быў захоплены ратнікамі Дарыя праз год пасьля яго прыходу да ўлады.