Гаўмата
Ґаўмата (або Ілжэбардыя; ? — 29 верасьня 522 да н. э.) — пэрсыдзкі кароль у 522 да н. э.. Паводле афіцыйнае вэрсіі, выкладзенай Дарыем I на Бэгістунскай скале, Ґаўмата, мідыйскі маг (жрэц), скарыстаўшыся адсутнасьцю Камбіза II, які быў на чале свайго войска ў Эгіпце, 11 сакавіка 522 да н. э. узьняў паўстаньне і 2 красавіка захапіў уладу ў свае рукі. Каб абгрунтаваць свае правы на пасад, Ґаўмата выдаў сябе за Бардыю — малодшага брата Камбіза, забітага апошнім яшчэ да свайго паходу ў Эгіпет.
Прамалёўка Бэгістунскага рэльефу, які паказвае трыюмф Дарыя над магам Ґаўматам (ляжыць) і 9-ю мяцежнымі «каралямі». За сьпінай караля — целаахоўнік і ваяр з атрада «несьмяротных». Канец VI ст. да н. э. | |
3-і Шахіншах Пэрсіі | |
---|---|
11 сакавіка 522 да н. э. — 29 верасьня 522 да н. э. | |
Папярэднік | Камбіз II |
Наступнік | Дарый I |
Фараон Эгіпту | |
11 сакавіка 522 да н. э. — 29 верасьня 522 да н. э. | |
Папярэднік | Камбіз II |
Наступнік | Дарый I |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся | VI стагодзьдзе да н. э. |
Памёр | 29 верасьня 522 да н. э. |
Род | Ахемэніды? |
Бацькі | Кір II? Касандана? |
Жонка | Атоса |
Рэлігія | зараастрызм |
Дзейнасьць | манарх |
Ґаўмата ў кароткі тэрмін авалодаў большай часткай Дзяржавы Ахемэнідаў. Ужо ў месяцы аяру (красавік — травень) у Бабілёне сталі датаваць дакумэнты ягоным кіраваньнем. Камбіз рушыў свае войскі супраць паўстанцаў, але загінуў пры вельмі загадкавых абставінах (канец красавіка 522 да н. э. Да 1 чэрвеня Ґаўмата атрымаў усеагульнае прызнаньне ў народаў Ахемэнідзкае дзяржавы.
Кіраваньне
рэдагавацьАфіцыйная вэрсія выкладзеная ў Бэгістунскім надпісы
рэдагавацьВось як выкладае гэта Бэгістунскі надпіс, напісаны на скале на трох мовах (старажытнапэрсыдзкай, акадзкай і элямскай) на загад і ад імя Дарыя I:«Кажа кароль Дарый: нехта імем Камбіз, сын Кіра, з нашага роду, быў тут каралём. Гэты Камбіз меў брата, па імі Бардыя, ад аднаго бацькі і аднае маці. Камбіз забіў гэтага Бардыю. Калі Камбіз забіў Бардыю, народу было невядома, што Бардыя забіты. Затым Камбіз пайшоў у Эгіпет. Калі Камбіз пайшоў у Эгіпет, народ абурыўся, хлусьня распаўсюдзілася ў краіне, як у Пэрсіі, так і ў Мідыі, роўна як і ў іншых краінах. Быў чалавек, маг, па імі Ґаўмата, які паўстаў ў Пішыявада, ля гары Аракадрыш; адтуль ён пачаў бунт. У месяцы віякне, 14 чысла (11 сакавіка 522 да н. э.) ён абурыўся. Народу ён ілгаў, кажучы: „Я — Бардыя, сын Кіра, брат Камбіза“. Тады ўвесь народ адпаў ад Камбіза да яго, і Пэрсія, і Мідыя, і іншыя краіны. Ён захапіў уладу; гэта было 9 гармапада (2 красавіка). Тады Камбіз памёр, забіўшы сябе… Гэтая ўлада, якую чараўнік Ґаўмата адрынуў у Камбіза, здаўна належыла нашаму роду. Затым Ґаўмата адабраў у Камбіза і Пэрсію, і Мідыю, і іншыя краіны; ён прысвоіў іх сабе і стаў каралём. Не было ніводнага чалавека, ні пэрса, ні мідзяніна, ні з нашага роду, які бы адабраў уладу ў гэтага мага Ґаўматы. Людзі вельмі баяліся яго: ён мог пакараць сьмерцю шматлікіх людзей, якія некалі ведалі Бардыю, каб яны не пазналі, што ён ня Бардыя, сын Кіра. Ніхто не адважваўся штосьці сказаць аб Ґаўмаце-магу, пакуль я не прыбыў. Тады я памаліўся Агурамазьдзе аб дапамозе. Агурамазда паслаў мне дапамогу. У месяцы багаядышы, 10 чысла (29 верасьня 522 да н. э.), я зь нешматлікімі людзьмі, загубіў гэтага Ґаўмату і яго знатнейших прыхільнікаў. Ёсьць крэпаьсць Сыкаяўватыш, у вобласьці, названай Нісая, у Мідыі, — тамака загубіў я яго і забраў у яго ўладу. Воляй Агурамазды я стаў каралём; Агурамазда ўручыў мне каралеўства. Уладу, аднятую ў нашага роду, я вярнуў і паставіў яе на належнае месца, як было раней. Храмы, разбураныя чараўніком, я аднавіў, народу выгады, статкі і жыльлё — хаты, аднятыя Ґаўматам, я вярнуў, Я вярнуў народу яго ранейшае становішча, як у Пэрсіі, так і ў Мідыі, так і ў іншых краінах. Я вярнуў, што было аднята. Воляю Агурамазды я ўсё гэта зьдзейсьніў. Я працаваў, каб вярнуць нашаму дому яго ранейшае становішча, як было здаўна, я імкнуўся (пракласьці) па волі Агурамазды, як калі б Ґаўмата не ўхіляў нашага дому».
З Бэгістунскага надпісу відаць, што пераварот Ґаўматы быў ня чым іншым як мідыйскай рэакцыяй, накіраванай супраць улады пэрсаў — Ахемэнідаў. Справа ў тым, што Дарый I у сваім надпісе звычайна называе этнічную прыналежнасьць сваіх супраціўнікаў («бабілёнец», «армянін», «эляміт» і г. д.). Таму натуральна выказаць здагадку, што калі кароль кліча Ґаўмату «магам» (магі былі адным зь мідыйскіх плямёнаў, зь ліку якіх пастаўляліся жрацы, якія зваліся таксама магамі), дык ён мае на ўвазе ў першую чаргу этнічную прыналежнасьць паўстанца і ўжо ў другую чаргу — прыналежнасьць Ґаўматы да жрэцкага саслоўя. Аб гэтым сьведчыць тэкст бабілёнскае вэрсіі Бэгістунскага надпісу, дзе галоўны супраціўнік Дарыя прама названы «мідыйцам, па імі Ґаўмата, магам». Цікава, што ў гэтай вэрсіі, у адрозьненьне ад пэрсыдзкага і элямскага варыянтаў, у якіх гаворыцца, што Ґаўмата зрабіў мяцежнай Пэрсію, дададзена — «і Мідыю». Такім чынам, пераварот Ґаўматы быў мідыйскай рэакцыяй супраць панаваньня пэрсаў. Толькі прамідыйскай палітыкай варта растлумачыць жаданьне Ґаўматы атачыць сябе даверанымі людзьмі і сам факт перанясеньня рэзыдэнцыі мага з Пэрсыды ў Мідыю. Антычныя аўтары таксама не сумняваліся ў тым, што захоп улады Ґаўматам азначаў пераход яе ў рукі мідыйцаў.
Разьвіцьцё падзеяў паводле Герадота
рэдагавацьПрыблізна празь семдзесят гадоў пасьля мецяжу Герадот запісаў вестку аб гэтым перавароце ў тым выглядзе, у якім яна хадзіла тады па Азіі, а можа быць, і паводле перадачы Запіра, праўнука Мэгабіза, удзельніка падзеі — аднаго зь сямі вяльможаў, паплечнікаў Дарыя I. Гэты Запір, перабегшы да грэкаў і пасяліўшыся ў Атэнах, дзяліўся з Герадотам зьвесткамі з падданьняў свайго роду, якія належылі да ліку найболей шляхетных і блізкіх да двара, а таму мог паведаміць і шматлікія падрабязнасьці, вядомыя пры двары. Суцэль магчыма, што імя брата самазванца і яго натхніцеля Πατιζεινης (Патызыт), паведамленае Герадотам, зьяўляецца ўскосным доказам таго, што гісторык атрымліваў зьвесткі ад Запіра, бо гэта не імя, а тытул першага міністра («патыкшаятыя», рэгент, адгэтуль турэцкае падышах). Герадот прыняў тытул за ўласнае імя.
Герадот таксама як і Бэгістунскі надпіс кліча самазванцам чараўніка, аднаго з двух братоў, пакінутых Камбізам для кіраваньня палацам і былых у ліку тых нешматлікіх, якія ведалі аб забойстве Бардыі. Самазванец таксама завецца Бардыем (у Герадота — Смэрдыс) і быў падобны да яго тварам; брат ягоны Патызыт быў галоўным вінаватым бунту; ён пасадзіў Смэрдыса на пасад і разаслаў паўсюль вяшчальнікаў, асабліва да войскаў, з загадам прысягаць самазванцу. Слых дайшоў да Камбіза, які рушыў з Эгіпту назад у Пэрсію, каб здушыць мяцеж, але па дарозе памёр. Смэрдыс жа цалкам авалодаў становішчам і замацаваўся на пасадзе. Каб утрымаць заваяваныя народы ад паўстаньняў ён адмяніў на 3 гады падаткі і воінскія павіннасьці. Унутраная палітыка Смэрдыса была накіраваная на зьнішчэньне прывілеяў пэрсыдзкае радавое шляхты і яе панавальнага становішча ў эканоміцы і грамадзтве. Дзякуючы гэтаму Смэрдыс карыстаўся вялікай папулярнасьцю і падтрымкай шырокіх народных масаў, як у самой Пэрсіі, так і ў іншых падуладных пэрсам краінах.
Аднак Смэрдыс ніколі не выходзіў з палацу і не паказваўся перад народам. Гэта выклікала сумневы ў аднаго шляхетнага пэрса Атана, дачка якога раней была жонкай Камбіза, а пасьля сьмерці апошняга, як і іншыя гарэмные жанчыны, перайшла ўва ўласнасьць Смэрдыса. Ён папытаў дачку высьвятліць, ці сапраўдны кароль. Ён высьвятліў, што ў мага Смэрдыса павінны быць адрэзаныя вушы як пакараньне за злачынства. Яго дачка, калі наступіла яе чарга праводзіць ноч з каралём, таемна абмацала яго і выявіла, што ў караля няма вушэй. Пэрсы такім чынам даведаліся, што Смэрдыс — ня сын Кіра, а іншы чалавек, і арганізавалі змову. Смэрдыс і яго брат былі забітыя змоўшчыкамі, прадстаўнікамі сямі найшляхотнейшых родаў пэрсыдзкае арыстакратыі. Пасьля перавароту адбылося масавае зьнішчэньне магаў. Кіраўнік змовы Дарый стаў каралём.
Ці мог Ґаўмата быць сапраўдным Бардыем?
рэдагавацьАкрамя Бэгістунскага надпісу й Герадота аб перавароце Ґаўматы распавядаюць яшчэ ў розных варыяцыях Эсхіл, Ктэсій і Пампэй Трог (у перадачы Юстына). За выключэньнем Эсхіла, сучасьніка самога Дарыя, усе антычныя аўтары ўсьлед за Бэгістунскім надпісам клічуць Ґаўмату магам. У Юстына гісторыя Лжэбардыі перадаецца паводле Герадота, але, акрамя таго, зь нейкага добрае крыніцы паведамляецца імя самазванца ў форме Каматыс, блізкай да пэрсыдзкага Ґаўмата.
Некаторыя гісторыкі схільныя бачыць, што вэрсія пра Ґаўмату ілжывая і што да ўлады праўда прыйшоў Бардыя, якога Камбіз ніколі не забіваў. На карысьць гэтае тэорыі можа служыць тое, што Герадот ня кажа ні словы аб сваяцтве Дарыя з Ахемэнідзкай дынастыяй — Дарый толькі намесьнік Пэрсыды і атрымаў пасад толькі дзякуючы хітрасьці свайго канюшага, які прымусіў каня Дарыя заржаць перш канёў іншых удзельнікаў змовы. (Змоўшчыкі дамовіліся, што чый конь першым заржыць на сьвітанку той і стане каралём над іншымі). Да таго ж пэрсыдзкая народная традыцыя адмаўляла праўдзівасьць сьцьвярджэньняў Дарыя, што да яго на троне сядзеў Ілжэбардыя. Масы пэрсыдзкага народу, як, зрэшты, і народы іншых краінаў Ахемэнідзкае дзяржавы, былі перакананыя, што над імі валадарыў сын Кіра Бардыя, якога Дарый для сваіх мэтаў назваў магам Ґаўматам. Гэта пацьвярджае і ўсеагульнае паўстаньне народаў усяе Ахемэнідзкае дзяржавы, зь якім Дарый сутыкнуўся пры ўсшэсьці на пасад. Ствараецца ўражаньне, што Дарый быў узурпатарам, які для ўмацаваньнья сябе на пасадзе прыдумаў і гісторыю зьвяржэньня самазванца, і сваю генэалёгію, якая ўзводзіць яго да продкаў Кіра ІІ і Камбіза. Але з гэтым нельга пагадзіцца. Бэгістунскі надпіс — першы важны афіцыйны пэрсыдзкі тэкст — як бы знарок складзены на трох мовах для ўсеагульнага азнаямленьня, на самай люднай дарозе каралеўства, паміж дзьвюма сталіцамі Бабілёнам і Экбатанай, дзе ён быў зьмешчаны на вышыні, даступнай для чытаньня; акрамя таго, на папірусе ён быў разасланы па ўсёй дзяржаве на арамейскай мове; гэта адбылося празь які-небудзь дзясятак гадоў пасьля распавяданае падзеі, калі яшчэ яго памяталі як сучасьнікі, так і відавочнікі. Наўрадці ўзурпатар мог так бравіраваць сьвядомай хлусьнёй. Акрамя таго ў сьвіце Дарыя былі такія заслужаныя паплечнікі Кіра, як Гобрый; яго галоўнай жонкай, якая мела на яго велізарны ўплыў, была дачка Кіра — Атоса, якая спачатку была за сваім братам Камбізам, потым дасталася Ґаўмаце, а пасьля зьвяржэньня апошняга адышла Дарыю. Так што адмысловых падстаў сумнявацца ў прылналежнасьці Дарыя да Ахемэнідаў, роўна як і ў іншых паказаньнях Бэгістунскага надпісу няма.
Кіраваньне Гауматы працягвалася меней за 7 месяцаў.
Ахемэніды? | ||
Папярэднік: Камбіз II |
пэрсыдзкі кароль 522 да н. э. |
Пераемнік: Дарый I |
фараон Эгіпту 522 да н. э. |
Глядзіце таксама
рэдагавацьЛітаратура
рэдагаваць- Бехистунская надпіс Дарыя I
- Герадот. Гісторыя. Кніга III, Раздзелы 61—79
- Тураев Б. А. История древнего Востока / Под редакцией Струве В. В. и Снегирёва И. Л. — 2-е стереот. изд. — Л.: Соцэкгиз, 1935.
- Дандамаев М. А. Мидия и Ахеменидская Персия // История древнего мира / Под редакцией И. М. *Дьяконова, В. Д. Нероновой, И. С. Свенцицкой. — Изд. 3-е, испр. и доп. — М.: Главная редакция восточной литературы издательства «Наука», 1989. — Т. 2. Расцвет древних обществ.
- Дандамаев М. А. Политическая история Ахеменидской державы. — М.: Наука, 1985.