Байсангур Бэнойскі
Байсангу́р (Байсунгур) Бэно́йскі (чач. Бенойн БойсгӀар[1]) (1794, Бэной, Чачэнія — 1861, Хасаў-Юрт, Дагестан) — чачэнскі вайскавец XIX ст., наіб імама Шаміля. Актыўны ўдзельнік Каўкаскае вайны 1817—1864. Нацыянальны герой чачэнскага народу.
Біяграфія
рэдагавацьСын селяніна Эды. Пра жыцьцё да 1830-х вядома вельмі мала. Калі Газы-Магамэд быў абвешчаны імамам, адразу ж далучыўся да яго руху. Увесну 1832 пад Гудэрмэсам ў конным баі разьбіў ўшчэнт грэбенскі казачы полк, захапіў дзьве трафэйныя гарматы.
Пад сьцягамі Шаміля
рэдагавацьУ 1839 даў прысягу вернасьці імаму Шамілю. Пасьля гэтага быў прызначаны наібам Бэною. Мазунам (намесьнікам наіба) стаў брат Байсангура Салтамурад.
У 1842 на чале аддзелу горцаў удзельнічаў у Ічкерынскай бітве пад агульным камандаваньнем Шуайба Цэнтароеўскага. Быў паранены, надалей узнагароджаны Шамілём мэдалём за адвагу.
У 1845, удзельнічаючы ў Даргінскай бітве, атрымаў цяжкае раненьне й пазбавіўся рукі.
У 1847 царскія войскі атачылі аул Гергебіль у горным Дагестане. Аднавокі й аднарукі Байсангур з сваім аддзелам бэнойцаў абараняў участак абароны ў раёне садоў. Падчас аднаго з штурмаў гарматным ядром яму адарвала нагу. У насталым зьмярканьні беспрытомнага Байсангура падабралі царскія жаўнеры. Палоннага Байсангура пад вялікім канвоем адправілі з Дагестану ў крэпасьць Грозную. Па дарозе на калёну напалі мюрыды на чале з Салтамурадам і вызвалілі наіба.
Яшчэ да канца не акрыяўшы ад ранаў, прыняў удзел у абароне аула Салты. Аднаногага, аднавокага й аднарукага Байсангура падчас баёў рамянямі прывязвалі да каня.
У 1857—1859 царскія войскі распачалі шырокамаштабны наступ у Чачэніі й Дагестане. Пабітыя наібы Шаміля адзін за адным здаліся на літасьць пераможцаў. Толькі некалькі наібаў, сярод якіх быў і Байсангур, засталіся вернымі Шамілю.
Паўстаньне 1860—1861
рэдагавацьПраз год пасьля паланеньня Шаміля, Байсангур і былыя наібы Шаміля Ума Дуеў і Атабі Атаеў узьнялі новае паўстаньне ў Чачэніі. У чэрвені 1860 аддзел Байсангура й Салтамурада нанёс паразу войскам царскага генэрал-маёра Мусы Кундухава ў баі каля мястэчка Пхачу. Пасьля гэтае бітвы Бэной на 8 месяцаў аднавіў сваю незалежнасьць ад Расеі.
Згуба
рэдагавацьПасьля паразы асноўных сіл паўстанцаў, Байсангур зь некалькімі набліжанымі хаваўся ў навакольлях сяла Бэной. У адным з баёў пад Байсангурам быў забіты конь і ён патрапіў у палон.
Увесну 1861 Байсангур Бэнойскі быў адданы ваенна-палявому суду й павешаны. Іншыя ўдзельнікі паўстаньня, у тым ліку сыны Байсангура Алхазур і Тахір, былі сасланыя ў Сыбір.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ Ш. А. ГАПУРОВ, А. В. БАКАШОВ. Вестник Академии наук Чеченской Республики. 2010, №1 (12).