Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў

(Перанакіравана з «БЗВ»)

Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў (БЗВ) — непалітычны грамадзкі добраахвотны рух, у якім незалежна ад нацыянальнасьці, веравызнаньня, палітычных поглядаў і членства ў іншых рухах і партыях, на дэмакратычных пачатках аб’ядноўваюцца былыя вайскоўцы сапраўднай службы або ў адстаўцы, а таксама калектыўныя сябры — іншыя грамадзкія арганізацыі і палітычныя партыі. Заснавана 19—20 жніўня 1991 году ў Менску падчас жнівеньскага путчу 1991 г. Устаноўчы зьезд адбыўся 12—13 кастрычніка 1991 году ў Менску. Зарэгістравана ў сьнежні 1991 г. Найвышэйшы орган БЗВ — зьезд. Паміж зьездамі кіраўніцтва ажыцьцяўляецца каардчнацыйнай і выканаўчай радамі. Старшыня — Мікалай Статкевіч. Аснову БЗВ складалі суполкі ў гарнізонах і вайсковых аддзелах. Вытокам БЗВ зьўляецца рух патрыятычных вайскоўцаў, якія ўваходзілі з 1989 г. у гурткі Таварыства беларускай мовы ў Барысаве, Бярозе, Менску, Казахстане, Маскве, Цьверы і інш. Да вясны 1993 году ўтварыліся суполкі ў Віцебску, Горадні й Магілёве[1].

Беларускае згуртаваньне вайскоўцаў
Абрэвіятура БЗВ
Папярэднік Рух вайскоўцаў у складзе Таварыства беларускай мовы
Дата ўтварэньня 19 жніўня 1991 (32 гады таму)
Дата спыненьня існаваньня 2000 год
Юрыдычны статус грамадзкае аб’яднаньне
Мэта абарона правоў беларускіх вайскоўцаў
Штаб-кватэра Менск
Старшыня Мікалай Статкевіч
Кіроўны орган Рада
Колішняя назва Патрыятычны рух БЗВ запасу, асобаў у адстаўцы і іншых грамадзянаў (з 10 сакавіка 1995 году)

Мэты і задачы рэдагаваць

Садзейнічаньне ажыцьцяўленьню вайсковых рэформаў, абарона дэмакратыі і дзяржаўнага сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусі, правоў беларускіх вайскоўцаў, выхаваньне патрыятызму і нацыянальнай годнасьці ў вайскоўцаў і шырокіх колаў грамадзтва.

Дзейнасьць рэдагаваць

БЗВ прымала ўдзел у распрацоўцы дакумэнтаў, накіраваных на фармаваньне беларускага войска і правядзеньне вайсковай рэформы: правяло рэспубліканскую акцыю «Урок патрыятызму», у межах якой падрыхтаваны і зьмешчаны ў пэрыядычным друку кароткі нарыс вайсковай гісторыі Беларусі «Забытая слава» (1992). У сакавіку 1992 году выступіла ініцыятарам і арганізатарам падпісаньня «Антыкрызіснага пагадненьня супраць зьнешняй пагрозы сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь», якое аб’яднала ўсе патрыятычныя сілы рэспублікі. 16 лютага 1994 году Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь спыніў дзейнасьць БЗВ за ахову забастоўкі рабочых у Менску. 16 лютага 1994 году створаны аргкамітэт патрыятычнага руху БЗВ, 10 сакавіка 1995 году зарэгістраваны Патрыятычны рух БЗВ запасу, асобаў у адстаўцы і іншых грамадзянаў.

Ці то рэпрэсіі зрабілі сваю справу, ці то агульная сытуацыя ў краіне не спрыяла працягу актыўнай дзейнасьці БЗВ, але паступова яе праца затухала. У 2000 годзе арганізацыя БЗВ не прайшла перарэгістрацыю і была зьліквідавана дэ-юрэ. Пасьля гэтага былі спробы адрадзіць БЗВ, праводзіліся канфэрэнцыі, але яе дзейнасьць засталася ў гісторыі[2].

Крыніцы рэдагаваць

  1. ^ Руслан Гарбачоў. Марш беларускіх «баевікоў» па цэнтры Менска // Газэта «Салідарнасьць», 21 сакавіка 2013 г. Праверана 22 сакавіка 2013 г.
  2. ^ Любоў Лунёва. Лёс Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў і яго стваральнікаў // Газэта «Народная Воля», 18 кастрычніка 2011 г. Праверана 22 сакавіка 2013 г.

Літаратура рэдагаваць