Аўтамабіль Янкі Купалы
Аўтамабі́ль Янкі Купалы — Chevrolet Master Deluxe GA, выпушчаны ў 1937 годзе, які з 1939 да 1942 году належаў паэту. У 2009—2010 гадох аўтамабіль быў адрэстаўраваны і ў красавіку 2010 году на працягу трох дзён выстаўляўся ў Дзяржаўным літаратурным музэі Янкі Купалы ў Менску, пасьля чаго быў перавезены ў філію музэю ў вёсцы Ляўкі, дзе захоўваецца цяпер. У актуальным моманце кошт аўтамабіля перавышае 100 тысячаў эўра[1].
Янка Купала вельмі любіў свой аўтамабіль і нават прыходзіў у Саюз беларускіх пісьменьнікаў з кнігамі ў аўтамабільнай справе, але зь невядомых прычынаў сам ніколі так і ня сеў за стырно[1].
Гісторыя
рэдагавацьАўтамабіль Chevrolet GA Master DeLuxe быў падараваны Янку Купалу ва ўласнае карыстаньне ў 1939 годзе асабіста першым сакратаром ЦК КП(б)Б Панцеляймонам Панамарэнкам[1]. Некалькі гадоў дагэтуль кіраўніцтва БССР ужо падаравала Янку Купалу іншы аўтамабіль — ГАЗ-М-1 савецкай вытворчасьці, які ў 1939 годзе і быў заменены на лімузын Chevrolet.
У чэрвені 1941 году Янка Купала на Chevrolet з жонкай выехаў у эвакуацыю зь Менску, куды ўжо не вярнуўся. Спачатку яны скіраваліся на аўтамабілі ў Маскву, пазьей — у Казань, Чабаксары і Пячышчы ў Татарстане[2].
Пасьля сьмерці Янкі Купалы ў 1942 годзе аўтамабіль стаў уласнасьцю ўдавы паэта Уладзіславы Францаўны Луцэвіч.[3] Пры дапамозе яе намаганьняў па сканчэньні Вялікай Айчыннай вайны аўтамабіль быў вернуты спачатку ў Маскву, а затым і ў Менск, і ў 1950 годзе ў якасьці прыватнага інвэнтара Янкі Купалы трапіў у фонд музэю Янкі Купалы. Да 1955 году Chevrolet быў на хаду, а ў 1957 годзе аўтамабіль быў закансэрваваны і з таго часу зьяўляецца музэйным экспанатам[1][3].
Да 1982 году аўтамабіль выстаўляўся ў філіі музэю Янкі Купалы ў Вязынцы Маладэчанскага раёну, пасьля чаго сваім ходам[4] быў перавезены ў філію музэю Янкі Купалы ў Ляўках[5], дзе выстаўляўся да 2009 году.
У лістападзе 2009 году міністар культуры Беларусі Павал Латушка даручыў адрэстаўраваць аўтамабіль. Chevrolet быў перавезены ў Менск, дзе быў адрэстаўраваны з дапамогай кампаніі «Мінск-Лада», афіцыйнага прадстаўніка Chevrolet у Беларусі. Першапачаткова прадстаўнік Chevrolet прапанаваў цалкам аднавіць аўтамабіль да стану, каб ён мог езьдзіць, але супрацоўнікі музэю не пагадзіліся з гэтай прапановай, бо ў такім выпадку аўтамабіль перастаў бы быць арыгінальным музэйным экспанатам, таму Chevrolet зазнаў толькі касмэтычны рамонт.[1]
Адноўлены аўтамабіль дэманстраваўся ў Менску з 16 па 18 красавіка 2010 году ля будынку Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы[1], пасьля чаго быў перавезены назад у філію музэю ў вёсцы Ляўкі, дзе захоўваецца цяпер.
Апісаньне самахода
рэдагавацьАўтамабіль Chevrolet Master Deluxe GA выпускаўся амэрыканскай кампаніяй Chevrolet толькі на працягу 1937 году і ёсьць дастаткова рэдкім варыянтам мадэлі Chevrolet Master. Выпускаліся некалькі варыянтаў гэтай машыны: двухмясцовае купэ, спартовае купэ на чатыры месцы, двухдзьверны сэдан на пяць месцаў, чатырохдзьверны сэдан на чатыры месцы. Апошняга варыянту былі выпушчаныя 2221 адзінка. Агулам на працягу 1937 году былі выпушчаныя 519 024 адзінкі мадэлі Chevrolet GA[3].
Магутнасьць рухавіка Chevrolet Master Deluxe GA складала 85 конскіх сілаў, максымальная хуткасьць — 110 км/г, вага — 1270 кг, аб’ём рухавіка — 3,5 літры, расход паліва — 14 літраў бэнзіна на 100 км.[3][6]
Цяпер самаход мае рэгістрацыйны самаходны нумар СССР узору 1946 году БН 57-20.
Крыніцы
рэдагаваць- ^ а б в г д е Міністр Латушка заказаў «Шэўрале» за 100 тысяч еўра // Наша Ніва, 16 красавіка 2010 г.
- ^ Ляўкі й «Шэўрале» Купалы // Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё, 09.03.2009
- ^ а б в г Прэзентацыя ўласнага аўтамабіля «Шэўрале» Янкі Купалы(недаступная спасылка) // Дзяржаўны літаратурны музэй Янкі Купалы, 16 красавіка 2010 г.
- ^ «Шэўрале» Янкі Купалы можа пераехаць зь Ляўкоў у Менск // Радыё Свабода, 22 жніўня 2005 г.
- ^ «Шэўрале» Янкі Купалы дагэтуль «на хаду» // Радыё Свабода, 22 ліпеня 2005 г.
- ^ 1937 Chevrolet Master Deluxe Series GA Specifications
Вонкавыя спасылкі
рэдагаваць- Прэзэнтацыя адноўленага Chevrolet GA Master DeLuxe у Менску // Наша Ніва
- Прэзентацыя ўласнага аўтамабіля «Шэўрале» Янкі Купалы(недаступная спасылка), 2010 г.