Аўрам Смаленскі

расейскі праваслаўны сьвяты
(Перанакіравана з «Аўрамі Смаленскі»)

Аўра́м Смале́нскі (Працалюбі́вы) (к. 1172 ці 1150, Смаленск, Смаленскае княства — паміж 1221 і 1224, Смаленск, Смаленскае княства) — усходнеславянскі царкоўны дзяяч, асьветнік, мастак, праваслаўны сьвяты. Памяць адзначаецца 21 жніўня.

Аўрам Смаленскі
Аўрам Смаленскі і Меркуры Смаленскі
Аўрам Смаленскі
Сьвяты
Нарадзіўся к. 1172 ці 1150
Памёр 1221—1224
Шануецца Расейскай Праваслаўнай царквой
Кананізаваны 1549
У ліку прападобных
Дзень памяці 21 жніўня (юліянскі каляндар)

Жыцьцяпіс

рэдагаваць

Нарадзіўся ў заможнай сям’і, у якой да яго было 12 дачок. Па сьмерці бацькоў раздаў маёмасьць цэрквам і бедным людзям ды пастрыгся ў манахі ва Ўсьпенскі манастыр у Селішчы паблізу Смаленску. Тут займаўся літаратурнай працай, разам з гуртком кніжнікаў перапісваў і распаўсюджваў кнігі. Імкнучыся, каб яны былі зразумелымі і даступнымі для ўсіх, тлумачыў у іх незразумелыя словы, ілюстраваў кнігі мініятурамі. Пасьля таго, як смаленскі князь Раман Расьціслававіч(ru) заснаваў грэцка-лацінска-славянскую вучэльню, Аўрам дапамагаў у фармаваньні ейнага кнігазбору.

Пасьля 30 гадоў манаскага служэньня ў 1198 року прыняў сан прэсьбітэра, стаў шырока вядомы як прапаведнік і настаўнік ня толькі для манаскай браціі, але і для недухоўных асобаў. Праз зайздрасьць часткі духавенства Аўраму было забаронена прапаведаваць і давялося перайсьці ў Крыжаўзьвіжанскі манастыр у Смаленску на Пакроўскай гары. Сюды да яго пачало прыходзіць яшчэ больш людей па духоўныя парады, настаўленьні. Ён актыўна ўдзельнічаў у аздабленьні храма, намаляваў для яго 2 абразы — «Страшны суд Сьвятога Прышэсьця» і «Выява пакутаў, што праходзіць душа па сьмерці». Няспынныя казаньні і посьпех у вернікаў зноў выклікалі зайздрасьць у духавенства і смаленскай знаці. Прэсьбітэра абвінавацілі ў ерасі і распаўсюджваньні забароненых кніг, а таксама ў спакушэньні жанчын і пераманьваньні духоўных дзяцей. Нягледзячы на апраўданьне на судзе, які ўзначальвалі князь і япіскап, яму забаранілі сьвятадзейнічаць і загадалі вярнуцца ў той самы манастыр.

Але папулярнасьць Аўрама ў народзе была такой вялікай, што царкоўныя ўлады вымушаны былі адмяніць сваю забарону на прапаведніцтва і прызначылі яго ігуменам новага манастыра(ru). Па-ранейшаму да яго сыходзіліся розныя людзі, каб паслухаць разумныя парады і настаўленьні. Аўрам заклікаў смалян няўхільна прытрымлівацца маральных прынцыпаў хрысьціянства, клапаціцца пра духоўнае ўдасканаленьне жыцьця, увесь час помніць пра Бога, маліцца дзень і ноч.

Памёр Аўрам Смаленскі да 1224 року, пражыўшы ў манастве 50 гадоў.

Ушанаваньне памяці

рэдагаваць

Па сьмерці, як і пры жыцьці, Аўрама шанавалі смаляне як нястомнага прапаведніка рэлігійнага пакаяньня і непазьбежнасьці страшнага суда. Ягоны вучань манах Яфрэм напісаў «Жыціе прападобнага Аўрамія Смаленскага». Жыціі Аўраамія вядомыя па сьпісах XVI—XVII стагодзьдзяў.

За актыўнае прапаведаньне хрысьціянства і ўзорнае жыцьцё кананізаваны на Макар’еўскім саборы(ru) ў 1549 року.

Глядзіце таксама

рэдагаваць

Літаратура

рэдагаваць
  • Голубинский Е. История канонизации святых в Русской Церкви. — 2 изд.. — М.: 1903.
  • Филарет, архиепископ Черниговский. Жития святых чтимых Православной Церковию, со сведениями о праздниках Господских и Богородничных, и о явленных чудотворных иконах. — 3 изд.. — СПб.: 1900.
  • Кніга жыцій і хаджэнняў: Пер. са старажытнарус., старабеларус. і польск. / Уклад., прадм. і каментарыі А. Мельнікава. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 503 с. — (Літаратурныя помнікі Беларусі). — 13 100 ас. — ISBN 5-340-00760-X
  • А. В. Назаренко. Авраамий Смоленский // . — Православная энциклопедия. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2000. — Т. I : «А — Алексий Студит». — С. 178—179. — 752 с. — 40 000 ас. — ISBN 5-89572-006-4
  • Фроянов И. Я. Древняя Русь IX—XIII веков. Народные движения. Княжеская и вечевая власть. — М.: Русский издательский центр, 2012. — С. 437—446.
  • Конявская Е. Л. К вопросу об особенностях «Жития Авраамия Смоленского» // Древняя Русь. Вопросы медиевистики. — 2001. — № 1 (3). — С. 111—113.

Вонкавыя спасылкі

рэдагаваць