Аўгуст Дамінік Пшазьдзецкі
Аўгуст Дамінік Пшазьдзецкі (па-польску: August Dominik Przeździecki, 4 жніўня 1760, Заслаўе — 23 лістапада 1782) — граф, дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, староста менскі і дэмбскі (Dębsk); пасол на сойм 1780.
Герб «Рох ІІІ» | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 4 жніўня 1760 Заслаўе |
Памёр | 23 лістапада 1782 |
Род | Пшазьдзецкія |
Бацькі | Антоні Тадэвуш Пшазьдзецкі Катаржына Агінская |
Жонка | Ганна Барбара Алімпія княжна зь Радзівілаў |
Дзеці | Міхал |
Біяграфія
рэдагавацьЗ роду Пшазьдзецкіх гербу «Рох ІІІ» прыдомак Пежхаля, малодшы сын Антонія Тадэвуша, падканцлера літоўскага, і Катаржыны з Агінскіх, дачкі Юзэфа, ваяводы троцкага. Старосьціч менскі, пасьля там жа быў старостай гродавым, і ўжо ў 20 год быў абраны паслом зь менскага павету на Варшаўскі сойм разам з Антоніям Тызэнгаўзам, старостай стралкоўскім (Strzałkі). Уладальнік маёнткаў Заслаўе й, верагодна, Дэмбск (Dębsk ці Dębów), які саступіў у 1778 годзе Яну Грабоўскаму.
У 1778 годзе пабраўся шлюбам з Ганнай Барбарай Алімпіяй Радзівіл, будучай пісьменьніцай і маляркай-аматаркай, дачкой князя Станіслава VI, падкаморага вялікага літоўскага, генэрал-лейтэнанта літоўскіх войскаў, і Караліны Пацей, ваяводзічанкі троцкай. Меў зь ёй адзінага сына Міхала, але той у час напалеонаўскіх войнаў страціў спадчыну, а ягоныя нашчадкі праз палітычныя падзеі ў 1863 годзе вымушаны былі пакінуць Беларусь і, імаверна, аселі ў Любельскім ваяводзтве, дзе ўжо не займалі важных пасадаў ў грамадзтве. Удава Аўгуста Дамініка адмовілася ў 1784 годзе апекаваць свайго сына і каля 1787 году выйшла замуж у другі раз за Тадэвуша Антонія Мастоўскага, графа на Астрамэнцку (Ostromęck), у будучым палітычнага дзеяча Чатырохгадовага сойму й Лістападаўскага паўстаньня, міністра ўнутраных справаў Княства Варшаўскага.
Сустракаюцца, патрабаваныя крытычнага ўдакладненьня, зьвесткі, што пад ягоным малатком працавала ў Вільні масонская ложа «Касьцёл мудрасьці» (утворана 17 лістапада 1780 году пасьля падзелу «Дабрага Пастара», працавала на нямецкай мове), і адначасова зьяўляўся ганаровым сябрам ложы «Паўночны шчыт» («Bouclier du Nord»).
Літаратура
рэдагаваць- Seweryn Uruski (hr.) Herbarz Szlachty Polskiej. Warszawa 1904-1931.
- Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej, Poznań, T.1-31. 1879-1908.
- Rocznik Muzeum Narodowego w Warszawie, Volume 3, Muzeum Narodowe w Warszawie, 1958.